Моладзь Гродзеншчыны стартуе

Падзеі

У Гродне прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Года моладзі. Для ўдзелу ў ёй у абласны цэнтр з’ехаліся маладыя людзі з усіх раёнаў Гродзеншчыны. У склад дэлегацый уваходзілі самыя актыўныя і ініцыятыўныя члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве прадстаўляла дэлегацыя з 17 чалавек на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандрам Камаровым і першым сакратаром раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Анастасіяй Чурай. У склад дэлегацыі ўваходзілі актывісты РК ГА «БРСМ»: шматразовыя пераможцы раённых моладзевых спаборніцтваў на сяўбе і жніве, прадстаўнікі гаспадарак і арганізацый раёна, навучэнцы ўстановаў адукацыі, якія маюць на сваім рахунку перамогі ў моладзевых конкурсах і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік старшыні, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў, старшыня Цэнтральнага савета ГА «БРПА» Вікторыя Менанава.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў сваім выступленні зазначыў, што моладзь Гродзеншчыны ўносіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. У розных сферах працуе нямала таленавітых маладых людзей, важнае месца ў выхаванні якіх займае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Уладзімір Васільевіч заклікаў маладых жыхароў Гродзеншчыны прыняць актыўны ўдзел у святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі. Таксама ад моладзі чакаюць дапамогі і прапановаў па ператварэнні вадасховішча Гродзенскай ГЭС у зону адпачынку і турызму. Запланавана ў Гродне і адкрыццё філіяла Парка высокіх тэхналогій для маладых і перспектыўных людзей, якія займаюцца навукай.

Эстафету пажаданняў пераняў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў. Ён дадаў, што сярод праектаў і мерапрыемстваў, намечаных на Год моладзі, ёсць нямала звязаных з навуковай сферай, як напрыклад, праект «Экспазіцыя моладзевых навуковых распрацовак», які будзе рэалізаваны сёлета. Таму першы сакратар заклікаў маладых жыхароў Гродзеншчыны не заставацца ў баку ад падзеяў, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, быць карыснымі Радзіме.

Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў залу, дзе ладзілася выстава творчасці маладых мастакоў. Маладыя людзі запалілі свечкі і ліхтарыкі і такім чынам усе разам далі старт патрыятычнай акцыі «Памятаем. Любім. Захоўваем», якая праходзіць у нашай краіне ў межах рэспубліканскага марафона «70 добрых справаў».

Завяршылася сустрэча святочным канцэртам. Дэлегаты пабачылі выступленне самых паспяховых выканаўцаў і калектываў установаў культуры і адукацыі. Сярод іх быў гродзенскі піяніст, добра вядомы за межамі Беларусі, пераможца розных музычных конкурсаў Кірыл Кедук. Відэаграфію да яго нумара адразу на сцэне стварала майстар па пісьме пяском, паўфіналістка тэлепраекта «Я магу» Ганна Каханоўская. Выступалі Валерый Грэсік, фіналіст праекта «Спяваючыя гарады», салісты ваенных аркестраў. Сваё майстрэрства са сцэы прадэманстравалі маладыя спартсмены. Музычны падарунак моладзі Гродзеншчыны зрабіў сталічны калектыў «ByCity».

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *