У рамках патрыятычнай акцыі “Раўненне на Перамогу” былі ўручаны чарговыя юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання.
75 ГАДОЎ ПЕРАМОГІ І ВЕК ЖЫЦЦЯ
Менавіта такімі юбілеямі адметны гэты год для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Андрэевіча Дзікалава. Павіншаваць і ўручыць юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” абаронцу Радзімы сабраліся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Іван Крахмальчык, ваенны камісар ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, старшыня раённага савета ветэранаў Леанід Кашко, прадстаўнікі РДК і вучні сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Абаронца ўдзельнічаў яшчэ і ў фінскай вайне. Ваяваў за Севастопаль, абараняў Каўказ і дайшоў да Кёнігсберга. Менавіта за такі гераізм Іван Андрэевіч удастоены ордэнамі Чырвонай зоркі і Айчыннай вайны першай ступені, шматлікіх медалёў – “За ўзяцце Берліна”, “За абарону Каўказа”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” і юбілейнымі медалямі.
У Парэцкім сельскім савеце савета юбілейныя медалі былым вязням уручыў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка, члены пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» СВК «Хвінявічы», а работнікі РДК і вучні Хвінявіцкай школы песнямі і вершамі дзякавалі абаронцам за перамогу.
У Хвінявічах юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” атрымала Надзея Палуян. Яна ў ваенны час была адпраўлена на прымусовыя работы ў Германію. У Накрышках пры святочных абставінах юбілейны медаль уручылі Валянціне Башко.
ЯЕ НАПАТКАЎ ЦЯЖКІ ЛЁС
А ў вёсцы Чырвоны Бор атрымала юбілейны медаль былы малалетні вязень Ганна Шурко. Дзяцінства жанчыны прайшло пад прыгнётам фашысцкіх захопнікаў. Яна родам з вёскі Яруцішкі, што ў Слонімскім раёне. З успамінаў Ганны Васільеўны мы даведаліся пра яе няпросты лёс. Калі пачалася вайна, з вёскі, дзе яна жыла, на прымусовыя работы былі забраны 11 чалавек, у тым ліку і Ганна з сястрой Любай. У трынаццацігадовым узросце жанчыне прыходзілася выконваць непасільную, нават мужчыне работу – капаць акопы, высякаць лёд, насіць цэглу, будаваць дамы. Пра тое, каб збегчы, у дзяцей не было і думкі, бо немцы прыгразілі забіць бацькоў. Жанчына ўзгадвае: “Калі нас прыгналі ў Нюрнберг, то адразу ж выдалі бардовыя сукенкі з асабістымі нумарамі ды драўляныя, як мы называлі “шуе”” (менавіта так калькай з нямецкага перкладаецца абутак). Жанчына з сястрой знаходзіліся ў лагеры на працягу трох год. Затым з Нюрнберга іх перавялі на бераг Балтыйскага мора. Да Калядаў вязні начавалі на саломе, потым іх пераводзілі ў баракі. Пра тое, што ім цяжка, скардзіцца не даводзілася, трэба было выконваць загады. Нягледзячы на тое, што дзяцей прымушалі да цяжкой фізічнай працы, ім яшчэ прыходзілася збіраць целы загінулых і грузіць іх на машыны. Ганна Васільеўна гаворыць: “Есці не было чаго, бывае, даставалі шалупайкі ды адходы, але травіліся многія пасля такой ежы. Мы хадзілі красці бульбу ў салдатаў, а потым амаль на кіламетр адыходзілі ў лес і варылі, каб дым ніхто не ўбачыў. Так і жылі, у голадзе і холадзе”.
Пасля вайны, у шаснаццацігадовым узросце, жанчына пайшла працаваць у калгас. Там яна і пазнаёмілася з будучым мужам. Цяпер Ганна Васільеўна акружана любоўю сваіх родных і блізкіх – сына і дачкі, шасці ўнукаў і шасці праўнукаў.
За нялёгкі лёс, які прыйшлося перажыць дзіцяці, Ганну Шурко ўзнагароджваюць юбілейнымі медалямі, таксама жанчына з’яўляецца і ветэранам працы.
Тэкст Л. СУР’ЯНІНАВАЙ