Цікава і захапляльна ў Дзятлаве прайшоў трэці этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Бяспека ў кожны дом». Яго ўдзельнікамі сталі вучні пачатковых класаў СШ №1 і СШ №3 горада Дзятлава.
У раённым Доме культуры яны паглядзелі выставу пажарнай тэхнікі, сустрэліся з карэспандэнтам часопіса «Юны ратаўнік» па Гродзенскай вобласці Наталляй Астроўскай, паўтарылі азбуку бяспекі з Фількам і Лількай.
Цяпер яны з’яўляюцца не толькі героямі часопіса «Юны ратаўнік», але і героямі Беларускага гульнёвага тэатра роставых лялек «Лялькі для ўсіх», які дзейнічае пры раённым Доме культуры. У тэатралізаванай форме разам з Губкай Бобам Філька і Лілька расказалі дзецям аб азбуцы пажарнай бяспецы. Уважліва слухала яе і Баба Яга, якая, дарэчы, з-за парушэнняў правілаў бяспекі страціла сваю хатку. Тая вярнулася да сваёй гаспадыні толькі пасля таго, як Баба Яга паабяцала выконваць усе правілы бяспекі і нават запаслася вогнетушыцелем.
Дзеці не толькі назіралі за прадстаўленнем на сцэне, але і ўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах, якія прапаноўвалі ім вядучыя тэатра роставых лялек. За ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі памятныя падарункі ад часопіса «Юны ратаўнік».
Спецыяльны карэспандэнт часопіса Наталля Астроўская таксама правяла з дзецьмі некалькі конкурсаў. А вось пастаянныя чытачы пазнавальнага выдання, актыўныя ўдзельнікі яго акцый Ілля і Павел Скібінскія атрымалі асобны падарунак — мікраскоп. У сваю чаргу Павел прачытаў уласны верш, прысвечаны любімаму часопісу і прафесіі ратаўніка.
Падвёў вынікі прафілактычнай акцыі інспектар Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка. Ён зазначыў, што бяспека ў цэлым залежыць ад уласнай пільнасці кожнага чалавека. І таму, звярнуўшыся да юных гледачоў, ён пажадаў, каб яны не толькі тэарэтычна ведалі азбуку бяспекі жыцця, але і выконвалі яе.
А. ДУБРОЎСКАЯ