Факты. Падзеі. Навіны

Падзеі

ВЫСТАЎКА «ПРАДЭКСПА» Ў МАСКВЕ
Амаль 35 вядучых беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці прымаюць удзел у XXII Міжнароднай выстаўцы прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны для іх вытворчасці «Прадэкспа», якая праходзіць ў Маскве ў выставачным комплексе «Экспацэнтр».
Увазе наведвальнікаў гэтай адной з найбольш маштабных выставак у Расіі і ва Усходняй Еўропе прадстаўлены шырокі спектр беларускіх харчовых тавараў па ўсіх тэматычных раздзелах з улікам змяненняў і тэндэнцый развіцця харчовага рынку. Сваю прадукцыю размясцілі на выставачных стэндах арганізацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», а таксама прадпрыемствы з усіх абласцей і Мінска. У іх ліку — СААТ «Белавежскія сыры», ТАА «Беларуская цукровая кампанія», ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», брэсцкі і віцебскі мясакамбінаты, ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», ААТ «Гомельхлебпрам», ААТ «Чырвоны мазыранін», ААТ «Лідахарчканцэнтраты», ААТ «Мінск Крышталь», ЗАТ «Мінскі завод вінаградных вінаў», ААТ «Мінскі завод пеністых вінаў».
Беларускія ўдзельнікі сустракаюцца і вядуць перагаворы з расійскімі вытворцамі, прадстаўнікамі аптовых структураў і гандлёвых сетак.

КОШТ БІЛЕТАЎ НА ПАЯЗДЫ Ў НАПРАМКУ БЕЛАРУСЬ — РАСІЯ БУДЗЕ ЗНІЖАНЫ
Кошт білетаў на паязды ў напрамку Беларусь — Расія з 10 лютага зніжаны да 50 працэнтаў.
З улікам ужо існуючых тарыфных планаў і скідак, якія былі распрацаваны ў мінулым годзе з расійскімі чыгуначнікамі, зніжэнне складае да 50 працэнтаў практычна па ўсіх катэгорыях вагонаў. Такім чынам, цэны на білеты ад Мінска да Масквы, напрыклад, зменшаны на Br200 тыс. — Br1 млн. у залежнасці ад катэгорыі вагона. Дадатковыя скідкі залежаць ад дня набыцця білета, месца размяшчэння пасажыраў у вагоне, колькаснага складу групы, адлегласці паездкі. Больш падрабязна з тарыфнымі планамі можна азнаёміцца на сайце Беларускай чыгункі.
Беларуская чыгунка і Расійская чыгунка вырашылі зменшыць цэны на білеты для павышэння канкурэнтаздольнасці міжнародных чыгуначных перавозак і прыцягнення дадатковай колькасці пасажыраў.
Расія — найбольш важкі партнёр беларускаў у чыгуначных пасажырскіх перавозках. У сегменце міжнародных яны займаюць амаль 70 працэнтаў. Без сумнення, самымі запатрабаванымі з’яўляюцца напрамкі Масква і Санкт-Пецярбург — іх доля ў перавозках з Расіяй на ўзроўні прыкладна 80 працэнтаў. Менавіта таму асноўныя намаганні Беларускай чыгункі сканцэнтраваны на рабоце па гэтым напрамку.
Плануецца, што зніжаныя тарыфы ў напрамку Беларусь — Расія будуць дзейнічаць на працягу ўсяго года.

У МІНСКУ З’ЯВІЦЦА ПОМНІК КАРОВЕ
Мінскі гарвыканкам аб’явіў адкрыты конкурс на стварэнне помніка карове.
Устанавіць помнік плануецца на пляцоўцы перад КГУП «Мінскі Камароўскі рынак».
Прыём заявак на ўдзел у конкурсе праводзіцца па 17 сакавіка 2015 года ўпраўленнем культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. Па ўмовах конкурсу архітэктурнае і мастацкае рашэнне помніка павінна быць лаканічным і арганічна ўпісвацца ў канкрэтную архітэктурна-планіровачную сітуацыю.
Конкурсныя работы будуць разгледжаны членамі журы да 25 сакавіка 2015 года.

ВЫСТАВА «АНДРЭЙ СТРУМІЛА. ЖЫВАПІС»
Выстаўка «Андрэй Струміла. Жывапіс», якая арганізавана пры садзейнічанні Польскага інстытута ў Мінску, адкрылася ў музеі гомельскага Палаца Румянцавых і Паскевічаў.
Экспазіцыя ўключае ў сябе 60 графічных работ, якія належаць аўтару — вядомаму польскаму мастаку і ў многім легендарнаму чалавеку. Гэта творы з прыватных калекцый, а таксама зборы акруговага музея горада Сувалкі (Польшча).
Удзел у адкрыцці выстаўкі прынялі прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі, Падляскага ваяводства, кіраўнікі некаторых музеяў і цэнтра мастацтваў, размешчаных на тэрыторыі ваяводства.
Выстаўка будзе працаваць да 22 сакавіка.

ВЫСТАЎКА «БЕЛАРУСЫ.BY» АДКРЫЛАСЯ Ў САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ
Выстаўка «Беларусы.by» адкрылася ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскім этнаграфічным музеі. Яна арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.
Экспазіцыя канцэнтруе ўвагу на тых асаблівасцях матэрыяльнай культуры, якія з’яўляюцца характэрнымі для нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. Тут прадстаўлены дасягненні нацыянальнай гісторыі, традыцый, матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі на прыкладзе матэрыялаў этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіліся супрацоўнікамі музея ў ХХ стагоддзі. Дамінантай выстаўкі з’яўляецца экспанаванне народнага адзення як найбольш яркай часткі матэрыяльна-культурнай спадчыны беларускага народа і вырабаў хатніх рамёстваў і промыслаў: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, разьбы па дрэве, ганчарства.
Цеснае супрацоўніцтва паміж Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі і Расійскім этнаграфічным музеем працягваецца ўжо больш за пяць гадоў. Выстаўка «Беларусы.by» — гэта трэці сумесны праект.
Выстаўка «Беларусы.by» будзе працаваць у Санкт-Пецярбургу да 22 сакавіка.

У ЛІВІІ ЗАГІНУЛІ 12 ЧАЛАВЕК
У Лівіі ў выніку нападу баевікоў на нафтавае радовішча загінулі 12 чалавек.
Сярод ахвяраў — восем лівійскіх ахоўнікаў, астатнія — грамадзяне іншых дзяржаваў, у тым ліку двое філіпінцаў і двое выхадцаў з Ганы. Па наяўнай інфармацыі, усіх ахвяраў экстрэмісты абезгаловілі, за выключэннем аднаго лівійца, які быў застрэлены.

УЗРАСЛА КОЛЬКАСЦЬ АХВЯРАЎ АВІЯКАТАСТРОФЫ НА ТАЙВАНІ
Колькасць ахвяраў крушэння турбавінтавога самалёта ATR-72-600 тайваньскай авіякампаніі TransAsia Airways у Тайбэі ўзрасла да 32 чалавек.
У авіякатастрофе выжылі 15 чалавек, яшчэ 11 лічацца прапаўшымі. Пошукі іх целаў у халоднай вадзе вядуць дзясяткі вадалазаў. Не выключаецца, што целы маглі быць вынесены ад месца аварыі плынню.
Выратавальнікі з дапамогай крана паднялі з ракі фрагменты фюзеляжа самалёта, у тым ліку яго насавую частку. У прыватнасці, яны знайшлі целы двух пілотаў і бортінжынера.
На борце паветранага судна знаходзіліся 58 чалавек, з іх пяць членаў экіпажа і 53 пасажыры, у тым ліку 31 турыст з мацерыковага Кітая. У спісах пасажыраў — толькі жыхары кантынентальнай часткі Кітая і Тайваня.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін даў указанне высветліць прычыны катастрофы і прыняць меры для аказання дапамогі сем’ям пацярпелых.

КОЛЬКАСЦЬ НОВЫХ ВЫПАДКАЎ ЛІХАМАНКІ ЭБОЛА ЗНОЎ ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ
Упершыню ў 2015 годзе павялічыліся тэмпы з’яўлення новых выпадкаў ліхаманкі Эбола ў краінах Заходняй Афрыкі. За перыяд з 26 студзеня па 1 лютага на ліхаманку захварэлі 124 чалавекі: 39 — у Гвінеі, 5 — у Ліберыі і 80 — у Сьера-Леонэ.
У Місіі ААН па надзвычайным рэагаванні на Эболу лічаць, што гэтыя трывожныя даныя яшчэ раз сведчаць аб тым, што супакойвацца рана. Паколькі набліжаецца сезон дажджоў, востра стаіць задача як мага хутчэй спыніць успышку, асабліва ў аддаленых раёнах, куды будзе складана дабрацца.
Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), Эболай заразіліся больш за 22 тысячы чалавек, амаль 9 тысяч з іх памерлі.

МОЛАДЗЬ У НАЙБОЛЬШАЙ СТУПЕНІ ЦЕРПІЦЬ АД ЭКАНАМІЧНЫХ УЗРУШЭННЯЎ
Моладзь у найбольшай ступені церпіць ад эканамічных узрушэнняў. Аб гэтым заявіў генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун на маладзёжным форуме, праводзімым пад эгідай Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН.
Амаль 73 млн. маладых людзей не могуць знайсці работу. Мільёны не могуць вырвацца з беднасці, у тым ліку і тыя, хто жыве ў багатых краінах. Многія юнакі і дзяўчаты падвяргаюцца эксплуатацыі.
Пан Гі Мун падкрэсліў, што маладыя людзі з’яўляюцца галоўнымі ахвярамі беднасці і эканамічных узрушэнняў, таму менавіта яны павінны стаць асноўнымі праваднікамі зменаў, накіраваных на пабудову лепшай.
Пан Гі Мун прыняў удзел у запуску ў сацыяльных сетках кампаніі па святкаванні ў 2015 годзе 20-й гадавіны Сусветнай праграмы дзеянняў у інтарэсах моладзі.

БЕЛАРУСАМ РЭКАМЕНДУЕЦЦА ЎСТРЫМАЦЦА АД ПАЕЗДАК У БУЙНЫЯ ГАРАДЫ ЕГІПТА
Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамендуе беларусам не пакідаць курортныя зоны і ўстрымацца ад паездак у буйныя гарады Егіпта.
У сувязі з тэрарыстычнымі актамі ў Егіпце МЗС Беларусі рэкамендуе беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на адпачынку ў Егіпце або маюць намер наведаць гэту краіну, не пакідаць курортныя зоны і ўстрымацца ад паездак у буйныя гарады краіны і раёны Паўночнага Сіная.
У Егіпце 3 лютага адбылося два выбухі. Першы прагрымеў у цэнтры Каіра. Выбуховай хваляй былі выбіты вітрыны размешчаных побач магазінаў. Другі выбух прагрымеў на поўначы ад сталіцы. У выніку загінуў егіпцянін і двое пацярпелі. Таксама паведамлялася аб выяўленні самаробных бомбаў у Каірскім міжнародным аэрапорце. Сапёры, якія прыбылі на месца здарэння, устанавілі, што знаходкі з’яўляюцца муляжамі бомбаў.

«ЕЎРАБАЧАННЕ» АДЗНАЧЫЦЬ 60-ГОДДЗЕ З РАЗМАХАМ
Самае вялікае шоу Еўропы, якое ў маі прыме Аўстрыя, пройдзе пад знакам святкавання 60-гадовага юбілею. Святкаванне выйдзе і за межы краіны — гаспадыні конкурсу 2015 года.Так, Еўрапейскі вяшчальны саюз аб’явіў аб арганізацыі канцэрта з удзелам зорак «Еўрабачання» розных гадоў у сталіцы Вялікабрытаніі Лондане. Шоу адбудзецца ў канцэртнай зале 31 сакавіка, а пазней тэлегледачы еўрапейскіх краін атрымаюць магчымасць убачыць яго ў запісе.
У Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў у Лондане ў красавіку запланавана канферэнцыя «Еўрабачанне: 60-гадовы юбілей». Яе ўдзельнікі паспрабуюць прааналізаваць той уплыў, які конкурс аказвае на жыхароў Еўропы, як выкарыстоўваць гэта шоу ў якасці пляцоўкі самавыяўлення, для стварэння нацыянальнай і еўрапейскай ідэнтычнасці і нацыянальнага брэндынгу.
Будуць падрыхтаваны відэаматэрыялы «Вехі Еўрабачання», якія раскажуць аб гісторыі самага папулярнага песеннага шоу Еўропы. У відэа знойдзе адлюстраванне сітуацыя 1969 года, калі адразу чатыры краіны атрымалі тытул пераможцы па прычыне аднолькавай колькасці балаў (Францыя, Іспанія, Вялікабрытанія, Нідэрланды), папулярызацыя конкурсу ва Усходняй Еўропе ў 1990-я гады і ўвядзенне паўфіналаў у 2004 годзе. Відэаматэрыялы тэлекампаніі краін — удзельніц конкурсу будуць выкарыстоўваць у сваіх эфірах.
З’явіцца таксама сайт аб гісторыі музычнага конкурсу «Еўрабачанне».

ТРЫМАЙЦЕ НОГІ І НОС У ЦЯПЛЕ
Доктар Рон Эклес з Цэнтра прастуды Універсітэта Кардыфа 25 гадоў даследаваў, чаму халодныя ногі павышаюць рызыку развіцця прастуды. Цяпер ён агучыў высновы. Такім чынам, у многіх у целе жывуць бактэрыі, якія выклікаюць прастуду, але не сімптомы. Аднак, як толькі тэмпература ног падае, сімптомы праяўляюцца ў выглядзе насмарку. А гэта ўжо пагражае паўнавартаснай хваробай, піша Thе Dаіlу Mаіl.
Пры халодных нагах сасуды ў носе звужаюцца і прыток крыві скарачаецца. Так цела прадухіляе хуткую страту цяпла. Але ў крыві ёсць імунныя клеткі, якія змагаюцца з інфекцыяй. Такім чынам, калі ногі змерзлі, слізістая носа і горла менш абаронена. У гэтай сітуацыі менш эфектыўна працуюць і валасінкі ў носе, што аблягчае траплянне патагенаў у цела.
Таму рэкамендацыі простыя: трымайце ў цяпле і сухімі ногі, а таксама не забывайцеся пра нос, бо менавіта там ствараецца ідэальнае тэмпературнае асяроддзе для размнажэння патагенаў. Самая небяспечная тэмпература для носа — мінус 33 градусы па Цэльсію. Не толькі зніжэнне тэмпературы носа і ног пагражае хваробай. Нельга застуджваць спіну. А вось зніжэнне тэмпературы ў ротавай поласці не павышае рызыку інфіцыравання.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *