Горда несці званне абаронцы Радзімы марыць амаль кожны мужчына, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца. У некаторых не хапае сілы волі, а нехта не вытрымлівае новага ладу жыцця. У нашай краіне навучыцца ваеннай справе можна ў шматлікіх установах. Наколькі якасна забяспечваецца падрыхтоўка курсантаў, якія ўмовы створаны для навуковага працэсу і якія перспектывы адкрываюцца для ўжо скончыўшых навучанне хлопцаў. Аб гэтым і не толькі карэспандэнт газеты даведалася з размовы з курсантам ваенна-тэхнічнага факультэта кафедры “Бранятанкавае ўзбраенне і тэхніка” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Арцёмам Калютам. Ён, сёлета трэцякурснік, ведае пра ваенную справу не са старонак падручнікаў. Зараз хлопец – намеснік камадзіра ўзвода групы №11503112, сяржант.
— Арцём, калі ты вырашыў звязаць жыццё з ваеннай справай?
— Ніколі не марыў стаць вайскоўцам. У старэйшых класах я пазнаёміўся з хлопцамі, якія вучыліся на кафедры “Бранятанкавае ўзбраенне і тэхніка” ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ. З размовы з імі я даведаўся шмат цікавага. А той факт, что на гэтай кафедры вучаць вадзіць танк, вызначыў мой будучы выбар, бо ваеннай тэхнікай захапляюся з дзяцінства.
— А чаму вучаць на тваёй кафедры?
— Плюсы кафедры “Бранятанкавае ўзбраенне і тэхніка” ў тым, што тут навучанне вузкаспецыялізаванае. Я буду інжынерам-механікам па спецыяльнасці “Шматмэтавыя гусенічныя і колавыя машыны”.
— Якія яшчэ плюсы навучання?
— Добра наладжаны навуковы працэс: тэорыя перамяжоўваецца з практыкай, мы можам не толькі на словах ведаць, напрыклад, пра ўстройства танка, але і паглядзець на яго ў разрэзе, памацацьдэталі і заліць паліва ў бак. Развіта і творчая самадзейнасць. Таксама важка тое, што абсалютна ўсім курсантам даецца месца ў інтэрнаце, які знаходзіцца ў цэнтры Мінска, тры разы на дзень нас кормяць, ну і, вядома, вельмі добрае штомесячнае грашовае забеспячэнне А месцы для размеркавання прадстаўлены рознымі гарадамі — Барысаў, Мінск, Слонім, Гродна.
— Наколькі мне вядома, усе выкладчыкі – ваенныя спецыялісты. Ці цяжка знайсці агульную мову з імі?
— Галоўнае ў навучанні на ваенных факультэтах –- разумець, што мы робім агульную справу. Таму ляноту трэба схаваць далёка-далёка, забыць пра юнацкі максімалізм і выконваць тое, што ад цябе патрабуюць. Добрага салдата характарызуе вытрымка і дысцыплінаванасць. Хаця на маёй кафедры і невялікі настаўніцкі калектыў, але ўсе выкладчыкі са шматгадовай вайсковай практыкай за плячыма. Цікава слухаць тых, хто выкладае прадмет не па старонках падручніка, а арыентуючыся на жыццёвы вопыт.
— Ці ездзіў ты ўжо на танку?
— Пакуль не давялося, але ўжо ўлетку на практыцы я нарэшце паспрабую свае сілы ў якасці вадзіцеля танка Т-72Б і баявой машыны пяхоты. Увогуле, матэрыяльна-тэхнічная база кафедры вельмі добра аснашчана: чатыры гаражы, танкадромы і ўзоры бранятанкавага ўзбраення.
— Чаму навучыла цябе ваенная кафедра і якія планы на будучыню?
— Паступаў я юнаком, а ўжо зараз упэўнена магу сказаць, што за час вучобы я пасталеў, стаў самастойным і навучыўся цаніць час. У бліжэйшых планах — атрымаць як мага больш практычных ведаў за час вучобы. Усім хлопцам раю паступаць у “ваенку”, бо пакуль не паступіш, не зразумееш увесь смак вайсковай справы.
Л. СУР’ЯНІНАВА