Чалавек, для якога дарога — жыццё

Падзеі

Ён выкладае не толькі тэарэтычныя і практычныя веды па ваджэнні, але і вучыць людзей “адчуваць” машыну. Для яго не існуе дрэнных вучняў, а галоўнае ў рабоце з людзьмі – гэта ўзаемаразуменне, да кожнага ён гатовы знайсці свой падыход. Сваё жыццё гэты мужчына звязаў з машынамі, ён аднолькава спрытна кіруе як легкавушкай, так і цяжкай грузавой машынай. Кіраўніцтва характарызуе яго як самага вопытнага майстра сваёй справы. Усё вышэйпералічанае – пра Віталя Міхайлавіча Барысевіча, майстра вытворчага навучання кіраванню механічным транспартным сродкам ДТСААФ горада Дзятлава.

Скончыўшы Жыровіцкі сельгастэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-механік, мужчына прысвяціў сваё жыццё вадзіцельскай справе. Вось ужо на працягу 10 гадоў ён дапамагае дзятлаўчанам атрымліваць вадзіцельскія пасведчанні. Як самы вопытны работнік, Віталь Міхайлавіч ажыццяўляе перападрыхтоўку вадзіцеляў па розных катэгорыях. Пра існуючы сярод мужчын-вадзіцеляў міф, што жанчына за рулём – гэта няправільна, майстар, усміхаючыся, гаворыць: “Для мяне ўсе вучні аднолькавыя. Бываюць і такія жанчыны, што любому мужчыне фору дадуць за рулём. Напрыклад, зараз я займаюся з дзяўчынай, якая праходзіць перападрыхтоўку для ваджэння аўтобуса”. Майстар пастаянна выхоўвае ў сваіх вучнях пачуццё адказнасці на дарозе: “Трэба быць і псіхолагам, і настаўнікам адразу. Таксама важна падрыхтаваць будучага вадзіцеля псіхалагічна да магчымых цяжкасцяў”. У дзень яму даводзіцца працаваць па 2 гадзіны, як мінімум з 5 вадзіцелямі-практыкантамі, і, нягледзячы на такую загружанасць, ён гаворыць: “Дарога – гэта жыццё”.

Тэкст і фото Л. СУР’ЯНІНАВАЙ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *