Чаго маладыя чакаюць ад Года моладзі?

Падзеі

Якіх добрых зменаў і падзеяў вы чакаеце ад Года моладзі ў працоўным, грамадскім, асабістым жыцці? З такім пытаннем карэспандэнтка газеты звярнулася да маладых людзей Дзятлаўшчыны.

Алена Шалесная, настаўніца пачатковых класаў Рудаяварскага дзіцячага сада-базавай школы:

— Як настаўніца, хачу большых магчымасцяў, каб ладзіць выхаваўчыя мерапрыемствы для дзетак, каб можна было іх узнагародзіць, зацікавіць. Гэта вельмі важна, асабліва для маленькіх школьнікаў. Таксама хочацца распрацаваць педагагічны праект для дапамогі навучэнцам, якія не вельмі паспяхова спраўляюцца са школьнай праграмай.

Як член Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, спадзяюся сёлета пабыць на многіх цікавых мерапрыемствах і паўдзельнічаць у многіх карысных грамадскіх справах.

Для сябе асабіста — хочацца навучыцца прыгожа, як сапраўдныя прафесіяналы, рабіць манікюр і педыкюр. Я — чалавек творчы і многае ўмею, а манікюр пакуль атрымліваецца не настолькі прыгожа і якасна, як у салоне.

 

Яўген Валгапаў, механік СВК «Слава працы»:

— Працаваць механікам у сельскай гаспадарцы складана, а таму заўжды хочацца усё паспяваць, хочацца, каб не падводзіла тэхніка, не здараліся складаныя паломкі ні ў мяне, ні ў іншых работнікаў, асабліва ў час сяўбы і жніва.
Як член пярвічкі ГА «БРСМ» СВК «Слава працы» сёлета ўдзельнічаў у сустрэчы маладых спецыялістаў «Святкі. by». Спадабалася. Таму і ў далейшым хочацца актыўнасці, новых прапановаў і запрашэнняў ад раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Для сябе асабіста сёлета вельмі хочацца палепшыць матэрыяльны стан.

Вольга Дзьячкова, майстар-сырароб ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод»:

 

— Як работніца сырзавода, ад гэтага года чакаю стабільнасці і далейшага развіцця для нашага прадпрыемства, бо ад гэтага напрамую залежыць дабрабыт усіх работнікаў. У нас з кожным годам паляпшаюцца ўмовы працы, удасканальваецца тэхнічная база, няхай і 2015 год не стане выключэннем.

Што тычыцца грамадскага жыцця, то спадзяюся часцей удзельнічаць у цікавых мерапрыемствах, асабліва ў дабрачынных, бо гэта — ад душы. А нашай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» жадаю працвітання, актыўнасці, поспехаў.
Для сябе асабіста чакаю, што ўсе мае родныя і блізкія людзі будуць здаровыя. Хачу, каб у іх ладзіліся любыя справы, спраўджваліся надзеі, здзяйсняліся задумкі і мары.

Святлана Сапожнікава, акушэрка жаночай кансультацыі Дзятлаўскай райпаліклінікі:

 

— Як работніца паліклінікі, я спадзяюся, што нашы наведвальнікі будуць больш ветлівыя, што ў Год моладзі маладыя жанчыны часцей будуць станавіцца на ўлік па цяжарнасці і атрымаюць свае найлепшыя падарункі — здаровых немаўлятак. Спадзяюся, што ў мяне і маіх калегаў будзе шмат сілаў, энергіі, цярпення, і наша праца будзе плённай, прынясе толькі задавальненне.
У грамадскім жыцці чакаю ад моладзі большай актыўнасці, хочацца часцей удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. Калі сёлета прапануюць выступіць за каманду Дзятлаўскай ЦРБ на раённым моладзевым турзлёце, абавязкова паеду. Я — за здаровы лад жыцця, нездарма ж я медык.
Спадзяюся, што Год моладзі будзе для мяне шчаслівы, што працаваць буду з задавальненнем, што ў медыкаў будзе добрая зарплата.

Яўген Дворык, галоўны заатэхнік СВК «Граніт-Агра»:

— У прафесіі — кар’ернага росту. Для беларускай моладзі — дабра. Для сябе — міру, здароўя і чыстага неба над галавой, для шчасця, думаю, гэтага хопіць.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *