Па Беларусі і ў свеце

Падзеі

НАБЯРЭЖНАЯ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ
Частка набярэжнай ракі Свіслач ад пешаходнага моста на Востраў мужнасці і смутку да пешаходнага моста — прымыкання вуліцы Мельнікайтэ да праспекта Пераможцаў атрымае назву «Набярэжная Воінаў-інтэрнацыяналістаў».
Ініцыятыва даць такую назву набярэжнай зыходзіла ад Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць». Прапанова падтрымана камісіяй па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак Мінска, а таксама дэпутатамі гарсавета.
Старшыня пастаяннай камісіі Мінгарсавета па адукацыі, навуцы, культуры і спорце Ганна Старавойтава нагадала, што ў памяць аб загінуўшых воінах-інтэрнацыяналістах у сталіцы ў 1996 годзе быў адкрыты мемарыяльны помнік на Востраве мужнасці і смутку. Таму рашэнне назваць так набярэжную з’яўляецца лагічным. Прысваенне назвы будзе прымеркавана да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

БАЛГАРЫЯ СПРАШЧАЕ ВІЗАВЫ РЭЖЫМ
Працэдуры выдачы балгарскіх турыстычных віз для грамадзян Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Арменіі і Грузіі будуць спрошчаны.
Такое рашэнне прынялі міністр замежных спраў Балгарыі Даніэль Мітаў і міністр турызму Нікаліна Ангелкава.
Змяненні прадугледжваюць выдачу кароткатэрміновых двухразовых або шматразовых віз з мэтай «арганізаваны турызм» з тэрмінам дзеяння да 1 года тым грамадзянам, якія атрымлівалі раней балгарскія візы. Уладальнікі нерухомай маёмасці ў Балгарыі таксама змогуць скарыстацца перавагамі.
«Спрашчэнне візавага рэжыму — гэта адна з мераў процідзеяння негатыўнай тэндэнцыі зніжэння колькасці ранніх браніраванняў з дзяржаваў гэтага рэгіёна», — адзначылі ў МЗС.
Міністэрства замежных спраў Балгарыі ўжо адправіла адпаведныя інструкцыі дыпламатычным і консульскім прадстаўніцтвам.

НА СЛУЖБЕ — БЕСПІЛОТНІК
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі будзе абсталявана ў 2015 годзе беспілотнікам з далёкасцю прымянення да 290 км. Пра гэта паведаміў у час выязной прэс-канферэнцыі “Інавацыйныя тэхналогіі: беспілотныя авіяцыйныя комплексы” начальнік навукова-вытворчага цэнтра “БАК і тэхналогіі” Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Яцына.
Паводле яго словаў, такі беспілотнік можа знаходзіцца ў паветры да 10 гадзін і падымацца на вышыню 5 тыс. км. Хуткасць палёту ў зоне прымянення — да 120 км / гадз. Апарат можа выкарыстоўвацца для вядзення разведкі, выяўлення надзвычайных сітуацый і ацэнкі іх развіцця, маніторынгу сельскагаспадарчых палеткаў. З дапамогай комплексу ў далейшым можна будзе назіраць радыяцыйную абстаноўку ў раёне будаўніцтва БелАЭС. “Прычым інфармацыя будзе ісці ў рэжыме рэальнага часу”, — адзначыў начальнік цэнтра.
НПЦ “БАК і тэхналогіі” створаны ў 2011 годзе па праграме інавацыйнага развіцця Беларусі, у 2012 годзе ўведзена ў строй першая чарга ўчастка, дзе вырабляюцца беспілотныя авіяцыйныя комплексы малой далёкасці. У гэтым годзе будзе ўведзена другая чарга ўчастка па выпуску БАК радыусам дзеяння да 290 км. Вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць серыйна беспілотныя авіяцыйныя комплексы малой далёкасці больш за 10 адзінак у год, а з уводам другой чаргі можна будзе выпускаць і БАК вялікі далёкасці па 5-10 адзінак у год.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *