Зіма: Самы час для кіно

Падзеі

Снежань – месяц, азнаменаваны не толькі чаканнем Новага года, гэта месяц кінааматараў. 17 снежня мы адзначалі Дзень беларускага кіно, а праз два дні сустрэнем Міжнародны дзень кіно. Гэтыя дні – добры час, каб паглядзець старыя любімыя фільмы і пацікавіцца, што новага адметнага прапануе нам раённая кіназала. Пра гэта карэспандэнт пагутарыла за кубачкам кавы з дырэктарам камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Дзятлавакінавідэасетка” Юрыем Скрабцом.

— Юрый Васільевіч, ці можна сёння сцвярджаць, што людзі разлюбілі кіно?
— Хутчэй не разлюбілі, а сталі больш ленавацца. Яны выбіраюць больш просты варыянт – пасядзець дома ля тэлевізара або паглядзець фільм праз Інтэрнэт. Аднак і сёння мы не застаёмся без кінагледачоў: часцей прыходзяць дзеці і моладзь на анімацыю або фантастыку. Меладрамы глядзяць дома, пераважна па тэлебачанні.
— Як вы прывабліваеце людзей у кінатэатр?
— Найперш, цікавымі кінастужкамі, стараемся паспяваць за навінкамі сінематографа і мультыплікацыі. Акрамя таго, у нас працуе кафэ, дзе можна пагутарыць у прыемнай абстаноўцы, для аматараў гульні ў нас працуе більярд. Усе навінкі і прэм’еры можна пабачыць на інфармацыйным стэндзе ў кінатэатры або на рэкламных шчытах у горадзе.
— Як даўно ў вас з’явілася 3D-кіно, ці карыстаецца яно папулярнасцю?
— 3D-кінасеансы мы праводзім ужо крыху больш за год, і яны даволі запатрабаваныя ў моладзі, пераважна старэйшага школьнага ўзросту. На мультсеансы часта прыходзяць цэлымі сем’ямі. Кіназала разлічана на 114 гледачоў, 60 чалавек запар мы можам прыняць у 3D. Пакуль гэтых рэсурсаў дастаткова.
— Ці часта вы працуеце па спецзаказе?
— Апошнім часам у дзятлаўчан стала папулярным ладзіць у нас Дні нараджэння дзяцей. У праграму ўваходзіць прагляд мультфільма, пачастункі ў кафэ з дзіцячымі песнямі і відэарадам і дзіцячая дыскатэка.
— Наколькі масавая дыскатэка для моладзі?
— Па-ранейшаму дыскатэка праводзіцца 1-2 разы на тыдзень. Зімой на танцполе крыху менш аматараў патанчыць, летам – больш за кошт гасцей горада. Зразумела, самыя поўныя залы збіраюцца ў час студэнцкіх канікулаў. Карыстаючыся выпадкам, адзначу, што ў навагоднюю ноч мы чакаем дзятлаўчан на тэматычную дыскатэку, якую правядзём з конкурсамі і сюрпрызамі.
— У гэтым годзе споўнілася 90 гадоў беларускаму кіно. Якія беларускія (савецкія) фільмы блізкія па духу вам?
— Я выхоўваўся на савецкім кіно, многія шэдэўры якога здымаліся і на кінастудыі “Беларусьфільм”. З любімых – “Белыя Росы”, усе фільмы Леаніда Гайдая з нязменным легендарным трыа Нікулін – Віцын – Маргуноў. З новых магу адзначыць гістарычную драму “Сляды апосталаў” і краязнаўчую камедыю “Вось гэта каханне”.
— Калі б вам прапанавалі зняць уласную мастацкую кінастужку, у якім жанры яна была б?
— Безумоўна, я здымаў бы фільм у жанры камедыя, пра тое, чаго нам сёння часта бракуе: станоўчыя эмоцыі, шчыры смех, чысты, без пошласці, гумар.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *