Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр зносін і інфармацыі напрыканцы 2014 года атрымала новае «месца жыхарства». Цяпер яна размяшчаецца на другім паверсе Наваельнянскага аддзялення паштовай сувязі.
Некалькі месяцаў сіламі работнікаў Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама вёўся рамонт новага памяшкання. У выніку Наваельнянская бібліятэка атрымала новы і сучасны выгляд .
У прасторных пакоях бібліятэкі, у якой працуюць А. М. Танасійчук і І. М. Губко, — літаратура для маленькіх і дарослых чытачоў на любы густ. Ёсць цэнтр прававой інфармацыі. У асобным пакоі размешчаны матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчай дзейнасці пісьменнікаў і паэтаў Дзятлаўшчыны. Бібліятэкары мяркуюць у далейшым стварыць літаратурны міні-музей.
Аб гэтым госці даведаліся ў час урачыстага адкрыцця Наваельнянскай бібліятэкі. Экскурсію па ўстанове правяла дырэктар Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы С. П. Касцюк. А міні-прэзентацыю падрыхтавалі юныя чытачы бібліятэкі.
Чырвоную стужку перад ўваходам у абноўленую ўстанову культуры перарэзалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык і намеснік старшыні М. В. Мацюкевіч .
З адкрыццём бібліятэкі работнікаў раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, чытачоў павіншавалі старшыня Наваельнянскага пассавета І.І. Кунахавец, начальнік Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Н. М. Цітова. Яны таксама ўручылі падарункі.
Асвяціў бібліятэчныя пакоі настаяцель храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, протаіерэй В. Мануйла. У падарунак бібліятэцы айцец Валерый перадаў буквар, па якім вучыліся ў 1914 годзе, а таксама Закон Божы.
А. ДУБРОЎСКАЯ