Паломніцтва ў Лаўрышаўскі манастыр

Падзеі

Калі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна святкавала пяць гадоў з дня заснавання, прыватны прадпрымальнік Пётр Андрэевіч Малькоўскі падарыў яго наведвальнікам права бясплатнай паездкі ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр.

І вось нядаўна «Праменьчык» скарыстаўся гэтым правам і накіраваўся ў паломніцтва ў адзін з найстаражытнейшых манастыроў Беларусі, які, па меркаванні гісторыкаў, быў заснаваны прыкладна ў 1225 годзе на беразе Нёмана, недалёка ад Навагрудка.

Надвор’е выдалася дажджлівае і халоднае, а таму наведвальнікам аддзялення было асабліва прыемна, калі ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыры іх гасцінна сустрэлі і найперш павялі ў трапезную паснедаць і сагрэцца. Нягледзячы на тое, што ўсе стравы былі посныя (доўжыўся калядны пост), яны аказаліся надзвычай смачнымі.

Затым паломнікаў павітаў жыхар манастыра айцец Феадосій і прапанваў ім экскурсію па манастыры. Маленькім цудам для паломнікаў сталі змены ў надвор’і: дождж скончыўся, а пазней з-за хмараў выглянула сонейка. Наведвальнікі «Праменьчыка» пабачылі новую купель, пабудаваную у форме невялікай каплічкі, даведаліся, што на тэрыторыі манастыра будуецца дом паломніка. Паслухалі цікавы аповед айца Феадосія пра стварэнне і гісторыю манастыра, прыклаліся да іконаў, падалі запісачкі за сябе і родных, сфатаграфаваліся на памяць. Пакідалі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр у выдатным настроі са спадзяваннем абавязкова яшчэ раз наведацца сюды.

Наведвальнікі і работнікі аддзялення дзякуюць Пятру Андрэевічу Малькоўскаму за міласэрнасць, пастаяннае супрацоўніцтва і выдатны падарунак, жадаюць яму, яго блізкім здароўя і божай дапамогі.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *