А.Лазука: «Дзятлава павінна ззяць»

Падзеі

2014 год стаў асаблівым для начальніка Дзятлаўскага раёна электрычных сетак Аляксандра Лазукі годам трох юбілеяў: трыццацігадовага стажу ў энергасістэме, дваццацігоддзя на пасадзе кіраўніка арганізацыі і ўласнай важкай даты. Як склаўся падыходзячы да завяршэння год для арганізацыі, карэспандэнт пацікавілася ў самога юбіляра.

— Аляксандр Мікалаевіч, ацаніце работу Дзятлаўскага раёна электрычных сетак за мінулыя месяцы 2014 года. Ці ўсё з запланаванага паспелі зрабіць?
— Работа кожнага з раёнаў электрычных сетак аб’ектыўна ацэньваецца па некалькіх ключавых паказчыках. Па-першае, гэта надзейнасць электрычных сетак: колькасць адключэнняў на 100 кіламетраў ліній. Па гэтым крытэрыі мы чацвёртыя ў вобласці. Па-другое, гэта страты (электраэнергіі – аўт.) у сетках. Нарматыў па “Белэнерга” – не больш за 11%, пры гэтым наш РЭС і сёлета не перавышае мінулагоднюю лічбу ў 9,35%. Гадавы вынік будзе толькі ў сярэдзіне студзеня, аднак па выніках трэцяга квартала Дзятлаўскі РЭС – на 8 пазіцыі сярод 18 раёнаў вобласці. Што тычыцца работ, запланаваных на год, то графік іх выконваецца на 100% без выключэнняў.
— Ці вяліся сёлета работы па-за планам?
— Як і штогод, нашы энергетыкі працавалі ў рамках пяцігадовай праграмы на расчыстцы прасекаў, замене правадоў у лясных масівах на ізаляваныя. Дзятлаўскаму РЭС у гэтым плане “пашанцавала” больш, чым іншым: значная доля нашых ліній электраперадачы знаходзіцца ў лясным масіве. Таму і на наступны год аб’ём такіх работ адназначна не зменшыцца. Па нашай ініцыятыве была адноўлена лінія электраперадачы, якая знаходзіцца на мяжы Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў электрычных сетак. Калі мы дамовімся з навагрудскімі калегамі, МТФ “Таркачы” атрымае другую крыніцу сілкавання.
— У наступным годзе ў раёне адбудуцца абласныя “Дажынкі”. Якія работы ў сувязі з гэтым выканае ў раёне ваша арганізацыя?
— Апошнім часам у райцэнтры вядуцца работы па рэканструкцыі вуліц (Чырвонаармейская, цяпер – Кастрычніцкая), у якіх мы таксама прымаем удзел. На наступны год плануецца завяршыць работы па вуліцы Кастрычніцкай, пройдзе рэканструкцыя вуліцы Фрунзэ. Таксама сваімі сіламі будзем мяняць лінію і свяцільні па вуліцах Міцкевіча, Савецкай. Будуць рэканструяваны лініі электраперадачы па вуліцах Лермантава, Белуша, часткова – Леніна. Некалькі цагляных закрытых трансфарматарных падстанцый, якія ўжо састарэлі, будуць заменены на новыя цэльнаметалічныя. Будзем весці таксама рамонтна-будаўнічыя работы на падстанцыях.
— Тарыфы на электраэнергію некалькі разоў павышаліся на працягу года. Ці з’явіліся ў сувязі з гэтым праблемы з аплатай электраэнергіі?
— Праблемы ёсць, але яны не звязаны з тарыфамі. З’явіліся сур’ёзныя цяжкасці з разлікамі за электраэнергію ў некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Сёння ў раёне ўжо тры СВК-даўжнікі, аднак некаторыя з іх абяцаюць да канца года выправіць сітуацыю. Калі казаць пра фізічных абанентаў, яны штомесяц амаль на 100% праводзяць аплату электраэнергіі.
— Сёлета дзятлаўская брыгада стала прызёрам прафесійных спаборніцтваў і выступала ў абласным этапе. Наколькі паспяхова гэта было і ці патрэбны, на вашу думку, такія мерапрыемствы?
— Такія першынствы, безумоўна, карысныя для работы энергетыкаў. З аднаго боку, гэта здаровы дух спаборніцтва, калі кожны ўдзельнік паказвае свае найлепшыя прафесійныя якасці. З другога боку – гэта магчымасць пры падрыхтоўцы яшчэ раз усё замацаваць і сістэматызаваць веды. З трэцяга – гэта магчымасць пераняць перадавы вопыт і абмеркаваць пасля зробленыя памылкі, каб не дапускаць іх у рэальнай рабоце. Сёлета пераможцай спаборніцтваў стала гродзенская каманда, якая прадстаўляла рэспубліку на спаборніцтвах СНД і стала срэбраным прызёрам. Не выключаю, што на іх месцы ў будучым могуць быць дзятлаўчане.
— Як спрацаваў калектыў Дзятлаўскага РЭС на працягу гэтага года?
— Колькасна калектыў арганізацыі істотна скараціўся, сёння яго складаюць 85 работнікаў, недастатковая колькасць кантралёраў і электраманцёраў. У той жа час нормы і патрабаванні да работы застаюцца ранейшыя. У гэтых, я лічу, няпростых умовах, работу калектыва можна ацаніць вышэй сярэдняга. Лепшыя па выніках года будуць адзначаны падзякамі і граматамі да Дня энергетыка. Сёлета намінантамі на ўзнагароду сталі інжынер Н.Л. Ерамейчык, электраманцёр І.І. Гуговіч, аўтаслесар Ю.І. Клімец, дыспетчар А.Э. Дарафейчык, майстар В.А. Жыбко, галоўны інжынер М.М. Ступчык і вадзіцель В.К. Кібінь.
— Наступнае за Днём энергетыка свята ў календары – Новы год, і ў некаторых буйных гарадах мяркуецца змяншаць ілюмінацыю з мэтай эканоміі электраэнергіі. Па-вашаму, горад павінен ззяць ці час задумацца пра эканомію?
— Дзятлава павінна ззяць, перадусім, у навагоднюю ноч і калядныя святы. Гэта не павінна доўжыцца абавязкова месяц, але зімовыя святы павінны па-ранейшаму заставацца яскравымі.

ЭНЕРГЕТЫЧНЫ КАЛЕЙДАСКОП

Энергетыка – сфера дзейнасці, якая гуртуе ў сваіх шэрагах не толькі вузкіх спецыялістаў, а і прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцяў. Аднак усіх іх яднае прафесіяналізм і агульная справа, якая дакладна і поўна выконваецца на кожным участку. Напярэдадні прафесійнага свята прапаную вам бліжэй пазнаёміцца з работнікамі Дзятлаўскага раёна электрычных сетак.

Яўген Тадэвушавіч Дорань

прыйшоў у Дзятлаўскі РЭС у 1997 годзе пасля службы па кантракце, пачынаў працаваць электраманцёрам у лінейнай брыгадзе. Паступова мяняліся ўчасткі работы, а разам з тым узрастала і ступень прафесійнай адказнасці. У час працы манцёрам у аварыйнай брыгадзе больш рашэнняў трэба было прымаць самастойна на месцы, адказваць самому за сябе. А калі стаў майстрам – вызначаў план работ і несці адказнасць за людзей, за брыгаду. Наступнай прыступкай прафесійнага росту для энергетыка стала работа дыспетчара, у руках якога на працягу 12 гадзінаў дзяжурнай змены – увесь раён электрычных сетак. Без згоды дыспетчара не здзейсніцца ніводнае аператыўнае пераключэнне па ўсім раёне, тлумачыць ён спецыфіку працы. Яўген Тадэвушавіч атрымлівае сапраўдную асалоду, калі ўдаецца максімальна хутка знайсці пашкоджанне на лініі і вярнуць падачу электраэнергіі жыхарам раёна. Калегам па працы Яўген Дорань жадае ўдачы ва ўсім, а ў працы – яснага розуму і цвёрдай рукі.

Віктар Віктаравіч Жэгала

ўжо 24 гады працуе ў энергетыцы раёна. Ён працаваў на трактары, а сёння машыніст бурыльна-кранавай устаноўкі, чалавек, незаменны на ўсіх маштабных работах у электрычных сетках. Апошнім часам яму давялося папрацаваць у Наваельні, Борках, і гэта толькі малая частка зробленага за месяц. Практычна ўсе работы па рэканструкцыі і капітальным рамонце праводзяцца з выкарыстаннем бурыльнай устаноўкі, працаваць даводзіцца з рознымі брыгадамі. Машыністу з валявым характарам такая няпростая і ўсесезонная праца падабаецца.
— З такой працай не засумаваць, бо на адным месцы працую не больш за 3 дні, – кажа віктар Віктаравіч.
А затым – новы аб’ект, новая яскравая старонка ў прафесійным календары. “Трэба – значыць трэба” – так адносіцца да справы машыніст, гатовы, калі трэба, працаваць нават у свой выхадны. Калегам ён зычыць трывалага здароўя, простага чалавечага шчасця і фінасавага дастатку.

Юрый Іванавіч Клімец

працуе ў Дзятлаўскім РЭС аўтаслесарам. Яго стаж у арганізацыі адносна невялікі, летам быў пяцігадовы працоўны юбілей. Тым не менш, Юрый Іванавіч спецыяліст вопытны і сваю справу ведае без падказак. Ён атрымліваў спецыяльнасць токара-слесара ў Лідскім прафтэхвучылішчы прыборабудавання, больш за дзесяцігоддзе працаваў у Дзятлаўскім лясгасе. Па словах Юрыя Клімца, на сённяшнім месцы працы ён пачувае сябе ўпэўнена: яго служба ўніверсальная і звязана пераважна з механікай, а не энергетыкай. Працы хапае: у Дзятлаўскім раёне электрычных сетак сёння больш за 20 адзінак тэхнікі, кожная з якіх – на кантролі аўтамеханіка. Працуючы ў арганізацыі, ён пашырае прафесійны кругагляд: паспеў атрымаць спецыялізацыю кранаўшчыка, шынамантажніка і кампрэсаршчыка.
Усім энергетыкам Юрый Іванавіч жадае здароўя і сямейнага дабрабыту.

ДА ВАС ЗАВІТАЎ КАНТРАЛЁР

Каля 30% ад усёй аплаты за электраэнергію (а гэта больш за 2 мільярды рублёў штомесяц) кладуць у дзяржаўную скарбонку фізічныя абаненты. Для таго, каб гэта адбывалася своечасова і ў поўным аб’ёме, нясуць сваю службу яны, абаяльныя адказныя кантралёры Дзятлаўскага раёна электрычных сетак.

— Здаецца, простая на першы погляд работа: прыйшла, паглядзела лічыльнік – і да пабачэння. Аднак усё зусім не так проста, як падаецца, – пачынае размову пра спецыфіку прафесіі кантралёр Алена Пазнякова.

Перазаключэнне дамоваў са спажыўцамі, апавяшчэнне пра змену тарыфаў, кантроль своечасовай аплаты за электраэнергію, праверка спраўнасці лічыльнікаў – гэта яшчэ не ўвеcь пералік таго, што выконвае штодня кантралёр. І псіхолаг, і бухгалтар, – усё па сітуацыі. Ранкам выехалі на месца – і цэлы дзень на нагах ад ганку да ганку: дзесьці прывітаюць, нават паспачуваюць нялёгкай рабоце, а недзе і аблаюць або схаваюцца. Аднак праца ў любым разе павінна быць выканана. Два разы на год кожны двор, кожны дом, кожную кватэру ў раёне наведвае з праверкай кантралёр. Аднак кожная з кантралёраў прызвычаілася да такой работы і ўпадабала яе. Работніцы знаёмыя з абанентамі на сваіх участках, дасканала ведаюць сваю працу, якая стала ўжо ладам жыцця.

На жаль, нярэдка здараецца кантралёрам караць людзей за крадзеж электрычнай энергіі, складаючы акты.

— Заўжды шкада людзей, якія не разумеюць: спрабуючы ўкрасці электраэнергію, яны ў выніку толькі сабе горш робяць.

Нешматлікі квітнеючы кантралёрскі аддзел у пераважна мужчынскім калектыве электрычных сетак чакае ад прафесійнага свята адпачынку па душы: урачыстага сходу на працы, добрай канцэртнай праграмы, цёплай сустрэчы з калегамі.

— Яшчэ адна нагода змяніць штодзённую спецвопратку на святочныя сукенкі, – усміхаецца кантралёр Аксана Антончык.

Сабе і калегам з нагоды свята жанчыны жадаюць сумленна працаваць і атрымліваць асалоду ад працы, быць здаровымі і не губляць аптымізму.

Н.АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *