Размова аб здароўі і жыццёвых планах

Падзеі

Наталля Міхайлаўна Чувак — малады доктар Наваельнянскай гарпасялковай бальніцы, працуе тут другі год. Цяпер — на пасадзе загадчыцы гэтай установы аховы здароўя.
Як працуецца на такой адказнай пасадзе, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца? Аб гэтым карэспандэнтка газеты пацікавілася ў Наталлі Міхайлаўны ў час сустрэчы.
А пачалася размова са знаёмства, у час якога стала вядома, што Наталля — ураджэнка Дзятлаўшчыны, непасрэдна — яе раённага цэнтра.

Пасля заканчэння школы яна рэалізавала свой прафесійны выбар, зроблены яшчэ ў сёмым класе: паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Пасля яго заканчэнні была накіравана на Дзятлаўшчыну. Пачынала ўчастковым тэрапеўтам у Наваельнянскай гарпасялковай бальніцы, якой цяпер загадвае.

— Наталля Міхайлаўна, а што для вас, як для маладога спецыяліста, было самым складаным за ўсё на пачатку прафесійнага шляху?
— Цяжкасці датычыліся сацыяльных аспектаў, умення знайсці правільны падыход да пацыента. Кожны чалавек разумее сваю хваробу па-свойму: камусьці баліць сэрца, а на самой справе захворванне зусім іншае. І тут вельмі важна правільна растлумачыць гэта чалавеку, каб ён зразумеў. Часам гэта даволі складана зрабіць. Увогуле, да кожнага пацыента павінен быць індывідуальны падыход.
Што датычыцца работы загадчыцы бальніцы, то яе я асвойваю ў працэсе работы: ва ўніверсітэце мяне гэтаму не вучылі. Можна сказаць, вучуся сама. І дапамагае ў гэтым калектыў, з якім працую — людзі вопытныя, са шматгадовым стажам працы, якія добра ведаюць насельніцтва на медыцынскім участку.
— А колькі чалавек складаюць калектыў?
— Пяцьдзясят. У асноўным гэта медыцынскія сёстры і санітаркі. З дактароў — я, доктар-педыятр і стаматолаг. Перыядычна згодна з графікам прыязджае доктар з раённай бальніцы.
— А колькі чалавек абслугоўвае Наваельнянская гарпасялковая бальніца?
— Каля пяці тысяч чалавек — жыхары пасёлка і навакольных вёсак. За бальніцай замацаваны тры ФАПы — у Таркачах, Лапушне і Данілавічах. Увогуле, медыцынскі ўчастак даволі абшырны — ажно да навагрудскай мяжы.
— Па вашых назіраннях, якія хваробы цяпер распаўсюджаны сярод насельніцтва?
— Сярод пажылых людзей — артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца. У многіх сустракаецца сіндром хранічнай стомленасці. Гаворачы аб гэтым, адзначу, што людзі яшчэ не вельмі разумеюць, што гэта за захворванне, не ўспрымаюць яго як дыягназ. Для сіндрома хранічнай стомленасці характэрна пастаяннае недасыпанне, часты галаўны боль, трывожнасць. Цяпер рытм жыцця пастаянна паскараецца, за ім не заўжды паспяваеш, гэта і выклікае вышэйпералічаныя сімптомы.
Калі ж казаць пра маладых людзей, то сярод гэтай катэгорыі часта сустракаюцца нейрацыркуляторныя дыстаніі. Гэта зноў жа пачуццё трывогі, частае трапятанне сэрца.
— А якія парады, на ваш погляд, дазволяць захаваць здароўе.
— Перш за ўсё, варта быць уважлівымі да сябе, да стану свайго здароўя. Кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў. І тут варта пагадзіцца. Трэба навучыцца не хвалявацца з-за дробязяў. А таксама неабходна навучыцца адпачываць ад паўсядзённасці: знайсці сабе занятак па душы, хобі.
— А як вы бавіце свой вольны час? Ці ёсць у вас хобі?
— Вольнага часу не так ужо і шмат. Калі ён выпадае, сустракаюся з сябрамі, часам наведваю Мінск, яго адметнасці. Таксама адпачынак для мяне — гэта паход у лазню, басейн, заняткі фітнэсам. І ўсё гэта можна «знайсці» у Дзятлаве.
Калі ж казаць пра хобі, напэўна, гэта падарожжы. Ужо пашчасціла наведаць Балгарыю, Санкт-Пецярбург.
— Наталля Міхайлаўна, кожны чалавек намячае жыццёвыя планы. А якія вашы планы, напрыклад, на бліжэйшыя пяць гадоў?
— Мяркую павысіць сваю кваліфікацыю. На мой погляд, прафесійны рост не абавязкова павінен праходзіць у Мінску або Маскве. Лічу, што «расці» прафесійна можна і на тым месцы, дзе ты працуеш цяпер. Было б толькі жаданне вучыцца, самаўдасканальвацца.
Таму працаваць і надалей спадзяюся ў Дзятлаўскім раёне. А вось у бліжэйшых планах — выйсці замуж і з’ездзіць у санаторый.
— Калі не сакрэт, дзе пазнаёміліся з будучым мужам?
— Тут, у бальніцы. Ён прыйшоў на прыём. Так і пазнаёміліся.

Гутарыла А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *