Бібліобус: чытальня на колах

Падзеі

Доўгія восеньскія і зімовыя вечары — якраз той зручны час, які многія аматары чытання аддаюць кнізе. Праўда, цяпер значную канкурэнцыю ёй стварае тэлевізар. Аднак сапраўдныя аматары кнігі са шматгадовым чытацкім стажам не здраджваюць сваёй звычцы. Яны — актыўныя наведвальнікі бібліятэк. А тым чытачам, якія жывуць у аддаленых і маланаселеных вёсках, і дзе бібліятэк няма, літаратуру прывозіць бібліобус.

«Чытальня на колах» — інакш можна назваць гэтую перасоўную бібліятэку. Пры Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы бібліобус пачаў дзейнічаць з 2007 года. Першым яе бібліятэкарам працавала Вольга Вайтушка, цяпер на гэтай пасадзе малады супрацоўнік Інга Рымкевіч. Справа, прызнаецца дзяўчына, ёй падабаецца: даводзіцца заўсёды быць у дарозе, сустракацца з людзьмі.

Нярэдка з Інгай па чарговым маршруце накіроўваецца і яшчэ хтосьці з работнікаў бібліятэкі: каб вывучыць чытацкія запыты, пранаанілазаваць работу маладога супрацоўніка.

Цяпер у «Бібліобуса» — 670 чытачоў, ён абслугоўвае 12 маршрутаў. Па адным з іх разам з бібліятэкарамі накіраваліся і карэспандэнты раённай газеты «Перамога», каб пабачыць, як працуе бібліобус, пацікавіцца кніжнымі захапленнямі сучасных вяскоўцаў — жыхароў вёсак Хамічы, Падвялікае, Чарлёнка, Трахімавічы.

Разам з кнігамі і часопісамі бібліятэкары ўзялі яшчэ і журнал папярэдніх заказаў. У яго, тлумачыць Ларыса Іванаўна Шыцько, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі, запісваюцца назвы кніг, якія просяць у наступны раз прывезці чытачы. Даведваюцца вяскоўцы і аб навінках, якія паступаюць у бібліятэкі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы: чытачам прапануецца адпаведны спіс кніжных навінак, а таксама буклеты з анатацыямі сучасных выданняў беларускай літаратуры.

У кожнай з вёсак запланавага маршрута бібліобус спыняецца некалькі разоў: амаль ля кожнай з хатаў, дзе жывуць яго карыстальнікі. На іх заведзены чытацкія фармуляры — усё як у бібліятэцы: літаратура запісваецца ў фармуляр, чытач ставіць свой подпіс.
Спыняемся ў вёсцы Хамічы. Абыходзім некалькі хатаў, дзе жывуць карыстальнікі бібліобуса. Гаспадароў няма дома. На гэты выпадак Інга Рымкевіч рыхтуе некалькі «сонейкаў» — так па-прафесійнаму называецца напамін аб прыездзе перасоўнай бібліятэкі. Гэта звычайны ліст паперы, на якім Інга запісвае, што бібліобус прыязджаў і наступны раз будзе праз месяц. «Бланк» для напаміну зроблены ў форме сонейка — адсюль і адпаведнае прафесійнае выслоўе.

Едзем далей. Наступны прыпынак — Падвялікае. У гэтым населеным пункце — даволі значная колькасць карыстальнікаў бібліобуса: вёска не малая, адпавядае сваёй назве. Сярод чытачоў — і пенсіянеры, і тыя, хто працуе. У кожнага з іх — свае чытацкія запыты. Аднак, згодна з назіраннямі, найбольш папулярнымі ў вяскоўцаў з’яўляюцца часопісы «Кудесница», «Гаспадыня», «Домашняя энциклопедия», «Алеся», «Планета», жаночыя раманы і дэтэктывы. Цікавяцца, ці ёсць «Охота и рыбалка», «За рулём».

Аматары часопісаў з кожным прыездам бібліобуса чакаюць свежы нумар любімага выдання. Аднак не заўсёды атрымліваецца прачытаць яго своечасова: «бібліятэка на колах» абслугоўвае шмат вёсак, і экзэмпляраў свежага часопіса хапае не на ўсіх.

Чытаюць вяскоўцы і жаночыя раманы, дэтэктывы. Навінкі гэтага жанру ёсць у камерцыйным фондзе бібліятэкі. Чытачы бібліобуса таксама могуць карыстацца гэтай паслугай: яе кошт — адна тысяча рублёў за месяц за адну кнігу. Аднак пакуль гэтая паслуга сярод карыстальнікаў выязной бібліятэкі не запатрабаваная. Чытачы па звычцы выбіраюць літаратуру на свой густ з бясплатнага фонду.

Кніг і перыёдыкі бяруць шмат — усё ж такі наступны прыезд бібліобуса будзе толькі праз месяц.

— Люблю чытаць, — гаворыць Яўгенія Міхайлаўна Радомская. — Хоць і па тэлебачанні добрыя стужкі ідуць, аднак час знаходжу і для кнігі. Раней чытала больш, а цяпер ужо зрок не той. Звычайна бяру 1-2 кнігі. Ёсць пажаданне, каб яны былі не толькі цікавыя, але і з вялікім шрыфтом, гэта зручней для вачэй.

— Я аддаю перавагу сур’ёзнай літаратуры, — кажа Антон Казіміравіч Гародка. — Люблю кнігі ваеннай тэматыкі, дакументальную літаратуру. Чытаю часопіс «Планета». Я заўжды любіў чытаць. Калі працаваў шафёрам, не заўсёды хапала на гэта часу. А цяпер ужо на пенсіі і чытаю ўдосталь. Сусед у мяне таксама аматар кнігі. Калі прачытаю свае кнігі, іду да яго, абменьваемся.

Іна Кувік бярэ літаратуру для ўсёй сям’і. У ліку яе запытаў — раманы Шылавай, Данцовай, дзіцячыя кнігі, часопісы «Планета», «Алеся».

З Падвялікага бібліобус накіроўваецца ў Чарлёнку. Тут яго паслугамі карыстаецца некалькі жыхарак. «Звычайна бавім вольны час ля тэлевізара. Цяпер прыстаўку паставілі, каналаў шмат, паглядзець ёсць што, — кажуць яны. — Аднак знаходзім час і на кнігу».

Апошняя вёска на сённяшнім маршруце — Трахімавічы. Бібліобус заязджае да Алены Мікалаеўны Альховік. Філолаг па адукацыі, жанчына любіць чытаць, валодае добрым кніжным густам. Чытае беларускую літаратуру, кнігі на гістарычныя тэмы.

— Нават калі кніга не падабаецца, — гаворыць жанчына, — усё роўна дачытваю яе да канца, усё ж такі аўтар шмат папрацаваў над яе напісаннем, затраціў час, уклаў пэўную ідэю.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *