Пра пірагі,кітайскі чай і ўдзячнасць

Падзеі

У СШ №3 горада Дзятлава адметна прайшоў Тыдзень хіміі і біялогіі. Пачаўся ён з акцыі “Азірніся наўкола”, а затым адбылася ролевая гульня “Хімія – навука цудаў і пераўтварэнняў”. Кожны з наступных дзён, сапраўды, быў напоўнены маленькімі цудамі, пераўтварэннямі, добрымі справамі і радасцю.

ДЗЕНЬ ФРУКТОВАГА ПІРАГА

Самым яркім і цікавым, па меркаванні педагогаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, выдаўся Дзень фруктовага пірага, у які ў школе быў арганізаваны дабрачынны кірмаш. Да гэтага дня навучэнцы школы сумесна з бацькамі рыхтаваліся загадзя: прадумвалі цікавыя і вытанчаныя стравы, выпякалі салодкія мучныя вырабы. Прадстаўнікі кожнага класа сярэдняга і старэйшага звяна на вялікай музычнай перамене за сімвалічную плату прапаноўвалі купіць і пакаштаваць свежагатаваныя салодкія пачастункі ўсім наведвальнікам кірмаша — навучэнцам школы, настаўнікам, бацькам. Якую разнастайнасць страваў прадэманстравалі навучэнцы: яблычныя пірагі, кексы, пончыкі, шарлоткі, печыва з фруктовым начыннем, фруктовыя тарты! У час правядзення кірмашу ўсіх наведвальнікаў забаўлялі жартамі дзі-джэі школьнага радыё – удзельнікі гуртка “Юны журналіст” Дадзеная дабрачынная акцыя насіла сацыяльную скіраванасць: усе выгандлеваныя сродкі ад продажу салодкіх мучных вырабаў (было выгандлевана каля 2 мільёнаў беларускіх рублёў) былі накіраваны на аказанне дапамогі дзецям-сіротам у дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы горада Дзятлава.
— Я і мая мама, Галіна Мікалаеўна, з задавальненнем пагадзіліся паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, мы ж абавязаныы дапамагаць тым, каму патрабуецца дапамога”, — разважае вучань 8 класа Анатоль Герасімчык.
— Калі мой сын прапанаваў спячы што-небудзь для ўдзелу ў дабрачыннай акцыі, я не змагла яму адмовіць: мы ўспомнілі дзетак-адмоўнікаў, калі з сынам знаходзіліся ў бальніцы – пакрыўджаных і сумных, дзетак, якім так бракуе матчынай пяшчоты. Мне падаецца, што, дзякуючы падобным акцыям, мы вучым нашых дзяцей быць салідарнымі з людзьмі, якія жывуць у нястачы, якім патрэбна дапамога і падтрымка. Мы з сынам упэўнены, што зрабілі добрую справу, — расказала Таццяна Уладзіміраўна Жынко, чый сын Уладзімір вучыцца ў 8 класе.

АЛЕЯ ЛЮБОВІ І ЎДЗЯЧНАСЦІ

Адной са значных падзей у рамках Тыдня хіміі і біялогіі можна назваць сумесную акцыю Дзятлаўскага лясгаса і СШ №3 горада Дзятлава. Так, у рамках Тыдня лесу, які праводзіцца работнікамі лясгаса, установе адукацыі былі выдаткаваны саджанцы рабіны з Жукоўшчынскага гадавальніка для закладкі і пасадкі Алеі Кахання і Удзячнасці на ўчастку школы. Майстар-клас па пасадцы дрэў, іх догляду правяла Ірына Віктараўна Антропава, спецыяліст па азеляненні і ландшафтным дызайне. Дадзенай акцыі папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўчая работа. Кожны класны калектыў ствараў плакат-заклік, у якім выказваў словы падзякі. Словы падзякі гучалі на адрас прыроды, мамы, Сусвету, сяброў, настаўнікаў. Найболей актыўнымі былі навучэнцы 6 “А” і 9 “Б” класаў, якія прайшлі курсы трэнінгаў — удзельнікі інавацыйнага праекта, які функцыянуе на базе ўстановы адукацыі па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання абагульненых навучальных уменняў навучэнцаў сродкамі міжпрадметнай інтэграцыі”. Навучэнцы агучвалі падзячныя заклікі, пасля чаго прадстаўнікі кожнага класа сярэдняга і старэйшага звяна прыступілі да закладкі Алеі Кахання і Удзячнасці.

ТРАДЫЦЫІ ЧАЙНАЙ ЦЫРЫМОНІІ

Вельмі незвычайна прайшло пасяджэнне клуба “Сям’я” на тэму “Школа чаю. Традыцыі чайнай цырымоніі”, на якім прысутнічалі дзяўчынкі 11 “Б” класа, настаўніка, госця з Кітая Ганна Ван, а таксама майстар па правядзенні чайнай цырымоніі Вольга. Ёсць кітайская прымаўка: “Калі ты рашыў выпіць чаю, то, лічы, што ты ўсюды спазніўся”. Рытм нашага жыцця ўсё паскараецца, і мы ўсё менш зважаем на сябе і на свой стан, усё менш надаём часу немітуслівым стасункам. Майстэрства падрыхтоўкі і піцця чаю дапамагае людзям настроіцца на сузіральны лад, забыць аб паўсядзённай мітусні і падзяліцца з іншымі спакоем і душэўнай раўнавагай. Цікава было пазнаёміцца з кітайскай чайнай цырымоніяй ад госці з Кітая Ганны Ван, на практыцы стаць удзельнікам гэтага дзеяння. Ад майстра Вольгі было цікава даведацца шмат карыснай інфармацыі аб мностве розных спосабаў заварвання чаю ў залежнасці ад акалічнасцяў, аб розных выглядах і гатунках чаю, аб прызначэнні разнастайнага посуду, палюбавацца прыгожымі рухамі майстра, кожны з якіх мае асаблівае значэнне.
— Акрамя карыснай і цікавай інфармацыі, якую мы атрымалі, кожны з нас яшчэ адчуў нейкі асаблівы стан, да якога хочацца вярнуцца. Спадзяюся, што на працягу гэтага навучальнага года чайная цырымонія пройдзе яшчэ не адзін раз у нашым клубе “Сям’я” — дзеліцца з намі арганізатар чайнай цырымоніі, настаўніца хіміі Анастасія Сямёнаўна Шалесная.
А вось як дзеліцца сваімі ўражаннямі вучаніца 11 “Б” класа Ілона Грыб:
— Немагчыма забыць пах і смак чаю пасля кожнага разліву. Гэты чай вельмі расслабляе, прымушае забыць аб усіх праблемах. Хочацца проста атрымліваць асалоду ад гэтых незабыўных момантаў у прыемнай кампаніі.
Завяршыўся Тыдзень хіміі і біялогіі ўручэннем грамат найболей актыўным удзельнікам мерапрыемстваў.

С. УРБАН,
кіраўнік гуртка “Юны журналіст” СШ №3 горада Дзятлава

Фота прадастаўлена СШ №3



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *