Боркаўскі крухмальны завод

Падзеі

На Дзятлаўшчыне перапрацоўкай «другога хлеба» займаецца ААТ «Боркаўскі крухмальны завод». Наколькі актыўна тут ідзе працэс нарыхтоўкі, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў дырэктара прадпрыемства Івана Вінцэнтавіча Рэгіневіча.

— Мы ўжо паспелі нарыхтаваць 10000 тон бульбы. Яе актыўна здаюць прадпрыемствы нашай сыравіннай зоны – Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага раёнаў. Ёсць у нас буйны пастаўшчык з Баранавіцкага раёна, які сёлета здаў каля 2000 тон клубняў. Гэта прыватная фермерская гаспадарка «Фартуна». Больш чым па 1000 тон бульбы ўжо паздавалі буйныя бульбагадоўчыя гаспадаркі Карэліцкага раёна СВК «Цырын-Агра» і СВК імя Царука, а таксама СВК «Прынёманскі» Навагрудскага раёна. Аднак мы не адмаўляем і дробным бульбаздатчыкам. Прымаючы бульбу ад насельніцтва, разлічваемся на працягу тыдня.

Перапрацоўка ідзе, як кажуць, з колаў, абсталяванне не падводзіць. У сярэднім за суткі праз яго праходзіць да 200 тон сыравіны. Надвор’е пакуль спрыяе вытворчаму працэсу, і да маразоў будзем актыўна працаваць і займацца нарыхтоўкай. Ужо падлічана, што ў маштабах рэспублікі наш ААТ «Боркаўскі крухмальны завод» сярод 13 крухмальных заводаў нашай краіны па нарыхтоўцы бульбы сёлета займае другое месца пасля Рагознінскага (Мастоўскі раён) і ў цэлым нарыхтаваў 15% ад агульнай колькасці клубняў, якія былі здадзены на перапрацоўку ў Рэспубліцы Беларусь.

— Колькі атрымалі гатовай прадукцыі?
— Сёння гэта 800 тон. Але работа прадаўжаецца, і кожныя суткі завод атрымлівае па 22-24 тоны гатовага крухмалу. Да надыходу замаразкаў і спынення вытворчасці, мяркую, выйдзем з канчатковай лічбай гатовай прадукцыі — звыш 1000 тон.

— А як справы з рэалізацыяй?

— Са збытам прадукцыі ёсць некаторыя складанасці. У свеце шмат вытворцаў крухмалу, спажываецца ён не тах хутка, як іншыя харчовыя прадукты, ды і цэны ў некаторых вытворцаў ніжэйшыя. На ўнутраным рынку нашы асноўныя спажыўцы — мясакамбінаты, аб’яднанні грамадскага харчавання, гандль, камбінаты бытавога абслугоўвання рэспублікі. Ім сёлета рэалізавалі 256 тон прадукцыі. Аднак большую ўдзельную вагу ў рэалізацыі займае экспарт. Крухмал збываем у Расію, Казахстан, Таджыкістан. За межы рэспублікі за 9 месяцаў 2014 года прадалі 819 тон крухмалу, за яго атрымалі 740 тысяч долараў. Цяпер яшчэ спрабуем выйсці на рынак Украіны. Вядуцца дзелавыя перамовы, але нашых патэнцыяльных партнёраў пакуль не здавальняе цанавы фактар.

— У якой упакоўцы можна сустрэць вашу прадукцыю?

— На паліцы магазінаў трапляе наш крухмал у папяровых пакетах па паўкілаграма і кілаграму. Такая фасоўка зручная для звычайных пакупнікоў. А тыя, хто спажывае нашу прадукцыю ў прамысловых маштабах, аддаюць перавагу папяровым мяхам па 25 кілаграмаў на палетах, а таксама поліпрапіленавым мяхам па 40 кілаграмаў.
— Іван Вінцэнтавіч, раскажыце пра калектыў завода.
— На нашым прадпрыемстве працуе зладжаны, працаздольны калектыў. Работа тут нялёгкая, і ў час нарыхтоўкі даводзіцца выходзіць у дзве змены без выхадных. Аднак з пастаўленымі задачамі спраўляемся. Сярод лепшых работнікаў прадпрыемства хочацца назваць вадзіцеля Івана Раманавіча Барадзюка, гідрацыклоншчыка Пятра Іосіфавіча Барадзюка, сушыльшчыкаў харчовай прадукцыі Андрэя Васільевіча Якшука і Людмілу Мікалаеўну Жылінскую, машыністаў церачных машын Віктара Аляксандравіча Санюка і Івана Іванавіча Касцюшку, інжынера Сяргея Уладзіміравіча Кандзіранду.

— Апошні раз мы былі на заводзе мінулай восенню, а прыехаўшы сюды сёлета, амаль не пазналі прадпрыемства.
— Так, мы вырашылі ўкласці сродкі ў рамонт, каб адпавядаць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, у які ўступіла Беларусь. Рыхтуемся ўкараніць на прадпрыемстве сертыфікацыйную сістэму НАССР. Сёлета адрамантавалі адміністрацыйны будынак, заасфальтавалі тэрыторыю вакол карпусоў завода, памянялі вокны ў вытворчым цэху, рэканструявалі будынак былой кацельні пад склад гатовай прадукцыі, устанавілі новыя электронныя аўтамабільныя вагі на вагавай завода, палепшылі бытавыя ўмовы для работнікаў. Паступова мяняецца знешні выгляд вытворчых карпусоў. За апошнія гады аднавілі машынна-трактарны парк прадпрыемства: набылі трактар МТЗ-80 з прычэпам, пагрузчык «Амкадор», аўтамабілі МАЗ і «Газэль».

Сярод планаў надалей – ажыццявіць мадэрнізацыю вытворчага абсталявання. У прыватнасці, плануем памяняць бульбамыйку, правесці мадэрнізацыю гідрацыклоннай устаноўкі, устанавіць дадатковыя ёмістасці для размыву крухмалу, прадоўжыць касметычны рамонт вытворчых будынкаў.
— Чаго пажадаеце калегам па галіне напярэдадні прафесійнага свята?
— Моцнага здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях, плённай працы, і задавальнення ад любімай справы.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *