А. Баброўнік: «Я — за актыўны лад жыцця»

Падзеі

Аксана Баброўнік — малады спецыяліст, працуе аператарам электравылічальных машын Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, абрана тут сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ».

Працоўны дзень дзяўчыны пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а заканчваецца ў шэсць гадзін вечара. Работа сур’ёзная і адказная: неабходна друкаваць таварна-транспартныя накладныя, правяраць справаздачы кандытарскіх цэхаў, а яшчэ Аксана — аператар магазіна «Міраж». Тут таксама вялікі аб’ём работы.

Здаецца, пры такой занятасці чалавеку ўвечары толькі і захочацца моўчкі пасядзець ля тэлевізара, паглядзець «лёгкі» серыял і легчы спаць. Але гэта не пра Аксану.

— Я не магу сядзець на месцы, бо з’яўляюся аматаркай актыўнага ладу жыцця, — расказвае дзяўчына, — і заняткі спортам — неад’емная яго частка. Яшчэ ў школьныя гады (а я выпускніца Гезгалаўскай гімназіі) захапілася валейболам, разам з іншымі навучэнкамі нашай установы гуляла за зборную каманду дзяўчынак Дзятлаўскай ДЮСШ. На той час мы сталі лепшымі ў вобласці, удзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Яшчэ адзін від спорту, які мяне нечакана зацікавіў — вольная барацьба. Не характэрна для дзяўчыны, ці не так? Вось і я спачатку сказала катэгарычнае «не» трэнеру Аляксандру Дудкіну, які запрашаў мяне на заняткі ў трэнажорную залу пасёлка Гезгалы, дзе на той час ужо займаўся мой брат. Але пазней усё ж такі рашылася паспрабаваць. Дзякуючы трэнеру, праз чатыры месяцы заняткаў стала пераможцай абласных спаборніцтваў па вольнай барацьбе і прыняла ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Пасля заканчэння Гезгалаўскай гімназіі Аксана Баброўнік паступіла ў Навагрудскі гандлёвы каледж, каб атрымаць спецыяльнасць эканаміста. Практыку праходзіла ў родным раёне, станоўча зарэкамендавала сябе і ўзяла тут запыт, каб вярнуцца працаваць менавіта на Дзятлаўшчыну. Са жніўня 2013 года яна — малады спецыяліст у райспажыўтаварыстве. Вядома, актыўнаму ладу жыцця здраджваць не хацелася. Таму Аксана старалася і стараецца ўдзельнічаць у розных спартыўных спаборніцтвах, якія ладзяцца ў раёне. Такім чынам, летась яна трапіла на раённы турыстычны злёт моладзі, дзе пазнаёмілася з першым сакратаром раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Анастасіяй Чурай.

— Анастасія мяне адразу зацікавіла ідэямі, невычэрпнай энергіяй, творчым запалам, — прызнаецца Аксана. — На мой погляд, такімі і павінны быць моладзевыя лідары — актыўнымі, нераўнадушнымі да падзеяў і грамадскага жыцця. Дзякуючы гэтай сустрэчы, я таксама рашылася на адказны крок — стаць сакратаром пярвічкі нашага спажыўтаварыства.

Пасля абрання ў сакратары маё жыццё стала яшчэ больш насычаным. З членамі пярвічнай арганізацыі мы праводзім акцыі, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Так, наша каманда «Рабяты» прадстаўляла спажыўтаварыства на адкрытым раённым турніры па пейнтболе. Кандытар Бажэна Жылінская будзе прадстаўляць арганізацыю на сёлетнім раённым конкурсе грацыі і прыгажосці «Краса Дзятлаўшчыны». А нядаўна мы з калегамі правялі флэш-моб «Скажы наркотыкам не», у час якога выйшлі на вуліцы райцэнтра, раздалі прахожым буклеты, расказалі, якую небяспеку тоіць згубная звычка. Паўдзельнічала наша моладзь і ў тэматычным ананімным анкетаванні, якое праводзіў раённы камітэт ГА «БРСМ». Сярод планаў на бліжэйшы час — стварыць моладзевую каманду райспажыўтаварыства, якая магла б удзельнічаць у раённых cпартыўных спаборніцтвах і турыстычным злёце моладзі. Мае калегі гэтую ідэю падтрымліваюць.

Аксана Баброўнік таксама выбрана членам дэлегацыі, якая будзе прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім з’ездзе саюзнай моладзі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які пройдзе ў Мінску ў снежні 2014 года.

— Ад паездкі на рэспубліканскі з’езд моладзі чакаю многага, бо ўпершыню прыму ўдзел у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню, — дзеліцца сваімі спадзяваннямі Аксана. — Хочацца пазнаёміцца з новымі людзьмі, знайсці сяброў і даведацца пра тое, чым «жывуць і дыхаюць» мае равеснікі з іншых куткоў Беларусі. Тым больш, што наступны год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі. Вельмі спадзяюся, што ён выдасца багаты на падзеі, што ў моладзі з’явяцца дадатковыя магчымасці для самарэалізацыі.

Ад сябе асабіста жадаю маладым людзям не быць пасіўнымі, не сядзець увесь вольны час за камп’ютарам, а сустракацца з сябрамі, займацца сопортам, дзяліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг і прагледжаных кінастужак. Бо толькі ад нас залежыць, як пройдзе наша маладосць, чаму мы паспеем навучыцца, што зможам ажыццявіць.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *