З машыны — у паштовую скрынку

Падзеі

Новай формай дастаўкі пошты насельніцтву, якая ўжо паспела добра зарэкамендаваць сябе, стала мотадастаўка. У Дзятлаўскім раённым вузле паштовай сувязі поштай “на колах” ахоплены 61% ад агульнага аб’ёму газет і карэспандэнцыі, што атрымліваюць абаненты. Нядаўна маршрутаў дастаўкі стала пяць, і мы не прамінём разам з паштальёнам “абкатаць” новае паштовае кальцо.

Цяпер на кожным даставачным кальцы працуюць пастаянныя паштальён па суправаджэнні і абмену поштай і вадзіцель, што і ім самім палягчае работу, а насельніцтву дазваляе прывыкнуць да “сваіх” паштовых работнікаў. Пяты маршрут абслугоўвае вопытны паштальён Ліна Мацукевіч. Яе стаж у Дзятлаўскім вузле паштовай сувязі налічвае два дзесяцігоддзі. Да работы тут жанчына некаторы час працавала на масавым пашыве адзення, затым – у сённяшнім СВК “Русь-Агра”. Да адкрыцця новага транспартнага кальца абслугоўвала ўчастак у райцэнтры, а таксама вёскі Засецце і Норцавічы. З пераходам на мотадастаўку працы ў паштальёна значна пабольшала, але і спосаб яе выканання стаў больш камфортным.

Пятае транспартнае паштовае кальцо, акрамя некалькіх вуліц у Дзятлаве, складаюць 16 населеных пунктаў, сярод якіх вёскі Страла, Алёхнавічы, Разважжа, Русакі, Засецце і іншыя. Кліентамі “Белпошты” па гэтым участку з’яўляюцца 604 чалавекі, 257 з якіх – пенсіянеры. Прэсу чытаюць даволі актыўна: у мінулую кампанію на ўчастку падпісаны 302 экзэмпляры перыёдыкі, сярод якіх 132 – раённая газета “Перамога”.

Для паездкі па новым транспартным кальцы абралі пятніцу – для паштавікоў дзень з палегчанай нагрузкай. Сёння няма “раёнкі”, якую чакаюць як у Дзятлаве, так і ў аддаленых вёсках, няма і выдачы пенсіі, якую таксама выконвае паштальён па суправаджэнні і да якой дадаецца прыём камунальных плацяжоў. Таму ў машыне толькі пачкі пісьмаў і пакункі для абменных пунктаў.

У Дзятлаве Ліна Іосіфаўна развозіць пошту прадпрыемствам і арганізацыям па вуліцах Слонімскай і Навагрудскай. Тое, што маршрут з пешага стаў транспартным, дазваляе ёй сэканоміць колькі часу. У пункты паштовага абмену – Гезгалы і Жукоўшчыну дастаўляюцца ўжо прыгатаваныя ў Дзятлаве пакункі з поштай і таварамі народнага спажывання, дакументы. Аднак заказную міжнародную карэспандэнцыю (сёння гэта пасылка з Расіі) паштальён па дастаўцы і суправаджэнні ўручае асабіста ў рукі.

У кожным з сельскіх населеных пунктаў – пераважна не індывідуальныя, як раней, а аб’яднаныя па тры або больш абанентаў паштовыя скрынкі. Па-першае, гэта зручна для сомага паштальёна, па-другое, вяскоўцы ўсё адно атрымліваюць сваю прэсу ў крокавай даступнасці ад дома. Аднак бываюць выпадкі, калі паштальён не пакідае пошту ў скрынкі, а наведвае людзей асабіста – нагодай можа стаць выдача пенсіі, падпіска, дастаўка замоўленых тавараў або проста чалавечая просьба. Так і сёння мы завіталі да пенсіянеркі Ніны Іванаўны Бакшук, жыхаркі вёскі Страла.

Адметны чысцінёй і крэатыўным афармленнем, падворак Ніны Іванаўны “абяцае” знаёмства з такой жа неардынарнай гаспадыняй, у чым я хутка і ўпэўніваюся. Жанчына вядзе актыўны лад жыцця, ходзіць у грыбы, а з прэсы аддае перавагу “Газеце пенсіянера” і газетам сканвордаў.

— Я, калі хачу свайго паштальёна пабачыць, пакідаю запіску ў паштовай скрынкі. І Ліна Іосіфаўна тады абавязкова наведвае мяне. Абслужыць добра, а калі трэба і пагутарыць, параіць што.
— Ці задаволены вы новым спосабам дастаўкі пошты? – пытаюся ў пенсіянеркі.
— Мы паштальёнам задаволены, гэта галоўнае. Як Ліна Мацукевіч прыйшла да нас працаваць, усё дастаўляецца дакладна ў тэрмін, нават у аднолькавы час.
— Дастаткова вам газет, што выпісваеце?
— Бывае, што хочацца “свежы” сканворд разгадаць, не чакаючы наступнага нумара па падпісцы. Ды такая праблема – не праблема: тое, што не паспелі выпісаць, можна набыць ці замовіць у паштальёна ў розніцу.

Як паказала практыка, мотадастаўка, як зручная і прагрэсіўная форма работы з абанентамі, ужо паспела сябе добра зарэкамендаваць на Дзятлаўшчыне. Тут дзякаваць трэба найперш не тэхнічнаму прагрэсу, а вопытным паштовым работнікам, якія смела асвойваюць новыя маршруты. Гэта паштальёны па суправаджэнні і абмене поштай і вопытныя вадзіцелі, ад зладжанай работы іх у камандзе і залежыць наўпрост эфектыўнасць замацавання паштовых навінак.

Па словах начальніка Дзятлаўскага аддзялення паштовай сувязі Наталлі Цітовай, на Дзятлаўшчыне ёсць усе перадумовы для павелічэння аб’ёмаў мотадастаўкі пошты, якую змогуць своечасова атрымаць жыхары як блізкіх, так і аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў.

Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *