Восеньскі шарм брыльянтавага вяселля

Падзеі

Для Ніны Мікалаеўны і Івана Іванавіча Стэльмахаў з вёскі Ахонава кастрычнік адметны не толькі Днём пажылых людзей. Сёлета гэтая пара адзначыць сваё брыльянтавае вяселле — шасцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Пазнаёміліся яны на вясковых танцах у Ахонаве, куды са сваімі сяброўкамі прыходзіла Ніна з суседніх Клішавічаў. Яна была адной з чатырох сясцёр у шматдзетнай сям’і, якая ў гады вайны засталася без бацькі. Дочак гадавалі маці і бабуля.

Іван таксама рана спазнаў горкі смак сіроцкай долі — у 1941 годзе ад хваробы памёр бацька. Івану тады было толькі восем гадоў. Тым не менш, ужо ў такім узросце на яго плечы ляглі нялёгкія жыццёвыя і гаспадарчыя клопаты.

Іх цяжар спазнала і Ніна. Каб дапамагчы маці, зарабіць грошы дзяўчына навучылася шыць. За справу прымалася на золку — у чатыры
гадзіны раніцы. Стамляліся і балелі вочы. Каб трохі зняць боль, дзяўчына клала на іх анучку, змочаную ў халоднай вадзе. Адпачне трохі — зноў за работу.

Спачатку са старой вопраткі Ніна шыла буркі на ногі. Сур’ёзна справу швачкі і краўчыхі дзяўчына вывучала ў майстрыхі з Наваельні. Курсы доўжыліся толькі чатыры месяцы: за большы перыяд навучання сям’я не магла заплаціць. А плата была вялікая — пуд жыта або грэчкі за месяц. Тым не менш, і такое кароткачасовае навучанне стала для Ніны Мікалаеўны лёсавырашальным — дваццаць шэсць гадоў яна адпрацавала ў Ахонаўскім пункце бытавога абслугоўвання, была адной з лепшых швачак, неаднаразова яе імя змяшчалі на Дошку гонару.

Іван Іванавіч працаваў у калгасе — камбайнерам, вадзіцелем, механізатарам. Перад выхадам на пенсію працаваў на пілараме. Шмат клопатаў чакала і дома — была вялікая гаспадарка. Калі падраслі дзеці, ужо яны дапамагалі сваім бацькам.

Вяселле Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна згулялі ў 1954 годзе. Шлюб зарэгістраваў сакратар сельскага савета. На Ніне была белая сукенка, у якой выходзіла замуж яшчэ адна з сясцёр. У маладой пары было жаданне і абвянчацца. Аднак тагачасныя ўлады, даведаўшыся пра гэта, забралі коней, на якіх жаніх і нявеста, іх сваякі меркавалі ехаць у Марозавічы. Там у тыя гады дзейнічала царква, паколькі храм у Ахонаве згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер у вёсцы царква зноў дзейнічае. Пабудавана яна дзесьці пятнаццаць гадоў таму. Непасрэдны ўдзел у яе аднаўленні прымаў Іван Іванавіч. А вось Ніна Мікалаеўна заўсёды імкнецца наведаць храм Божы, каб памаліцца за свайго мужа, дзяцей, унукаў.

Ніна Мікалаеўна і Іван Іванавіч выгадавалі двух сыноў — Аляксандра і Віктара, маюць трох унукаў. Нявесткі — з Данецкай і Бранскай абласцей. У свой час Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна ездзілі туды наведаць сваіх сватоў — на ўласных «Жыгулях».

Гэта не адзіныя падарожжы за «мяжу». На працягу двух тыдняў Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна гасцявалі ў стрыечнай сястры Івана ў Кіеве. Разам з іншымі вясковымі жанчынамі Ніна ездзіла на цягніку і ў Ленінград, Маскву — прадаваць сушаныя грыбы, вішні. Неяк за заробленыя грошы купіла сабе кавалак моднага па тых часах крамплену. Пашытая з яго ўласнымі рукамі сукенка яшчэ і сёння захоўваецца Нінай Мікалаеўнай. Шэсцьдзясят гадоў расце ў доме і аспарагус, расток якога некалі дала Ніне яе мама — «у пасаг».

Спачатку кветка ўпрыгожвала дом мужа — менавіта там першыя гады жыла маладая сям’я. Хата знаходзілася на хутары, амаль ля Боцкавічаў, што было нязвыкла для Ніны Мікалаеўны. У Ахонава сям’я пераехала толькі праз дзесяць гадоў.

Тады, у гады іх маладосці, узгадваюць Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна, у Ахонаве было шмат жыхароў, моладзі. Працавала школа, у якой вучыліся іх сыны. Абодва яны пасля школы паспяхова паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, скончылі іх, знайшлі сваю дарогу ў жыцці. Цяпер ужо разам са сваімі сем’ямі яны прыязджаюць у родны куток, каб праведаць бацькоў, дапамагчы ім па доме і няхітрай гаспадарцы. Кожны прыезд дзяцей — доўгачаканы падарунак для Ніны Мікалаеўны і Івана Іванавіча. І на іх брыльянтавае вяселле, калі ўся сям’я збярэцца разам у бацькоўскім доме, гэта будзе сапраўднай радасцю. Шчырай. Вялікай. Неабходнай.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *