На Дзятлаўшчыну ў чарговы раз наведаліся госці з Люксембурга — Рэнэ і Жоэль Фіш, муж і жонка, прадстаўнікі невялікай дабрачыннай арганізацыі пад назвай «Сябры ахвяраў чарнобыльскай трагедыі», або проста «Сябры», як яны самі сябе называюць.
Дарэчы, «друзья» — адно з тых словаў, якія Рэно ведае па-руску. А яшчэ Рэно Фіш умее жартаваць на рускай мове. Яго рэпліка: «Я крыху вас разумею, бо нарадзіўся ў Сібіры,» — прымусіла нас здзівіцца. Калі ж наш субяседнік адчуў, што жарт удаўся, ён выдаў класічную фразу: «Я вешаю вам лапшу на вушы». І ўсе засмяяліся. На гэтым рускамоўны дыялог скончыўся, далей размова прадоўжылася праз перакладчыка і без жартаў.
У наш раён «Сябры» наведаліся, каб дапамагчы, падтрымаць, падзяліцца цяплом сваіх сэрцаў з тымі жыхарамі Дзятлаўшчыны, якія маюць найбольшую патрэбу ў такой падтрымцы. Пра гэта і многае іншае карэспандэнтцы газеты расказаў Рэно Фіш.
— Рэно, колькі гадоў існуе ваша арганізацыя, што яна сабой уяўляе?
— Наша арганізацыя была створана ў 1999 годзе, тады і адбыўся першы візіт «Сяброў» на Дзятлаўшчыну. Мы даведаліся, што ў час чарнобыльскай катастрофы ваш раён аказаўся сярод тых, якія трапілі ў лік забруджаных радыенуклідамі. Спачатку па сацыяльнай праграме на аздараўленне ў Люксамбург прыехалі дзеці з Дзятлаўшчыны. Затым прадстаўнікі арганізацыі вырашылі наведаць Беларусь з візітам у адказ. Тады ў якасці гуманітарнай дапамогі мы прывезлі сюды адзенне і прадукты харчавання.
А з 2003 года мы пачалі выкарыстоўваць новую практыку арганізацыі дабрачынных візітаў. Звычайна прыязджаем на Дзятлаўшчыну на ўласным аўтамабілі і менавіта тут набываем усе неабходныя рэчы і прадукты харчавання. Такі від дапамогі, лічу, можна назваць супрацоўніцтвам з беларускімі сябрамі.
— І чым парадавалі нашых землякоў на гэты раз?
— Разам з дырэктарам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццянай Нікіпорчык мы з’ездзілі ў Навагрудак, дзе набылі два веласіпеды для сацыяльных работнікаў і газонакасілку для гаспадарчай брыгады Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Але гэта яшчэ не ўсе нашы падарункі Цэнтру: вось у гэтай каробцы — новы ноўтбук. Мы заўжды стараемся хоць па мінімуму забяспечыць патрэбы сацыяльных установаў вашага раёна.
— Для Дзятлаўшчыны гэта даволі адчувальная дапамога. Адкуль паступаюць сродкі на дабрачыннасць?
— На самой справе мы невялікая арганізацыя, і ў нас не так ужо і шмат сродкаў. Пераважна грошы ахвяруюць нераўнадушныя люксембуржцы або мы зарабляем іх самі. Так, актывісты набываюць на рынку вафлі, з якіх робяць піцы і прадаюць іх у час дабрачынных мерапрыемстваў. Таксама ў час нашых візітаў у Беларусь мы набываем тут ручнікі, вырабы бярозаўскага шклозавода «Неман», іншыя сувеніры. Усё гэта таксама прадаём на радзіме, каб выручыць сродкі для дабрачыннасці. Мы не тая арганізацыя, якая атрымлівае прыбытак, мы проста збіраем грошы, каб дапамагаць людзям.
— Вы асабіста ў каторы раз наведалі наш раён?
— Гэта мой дванаццаты візіт сюды. А першы быў у 2002 годзе.
— За гэты час многае памянялася ў Беларусі?
— Так, адчувальна. Ваш горад з кожным годам становіцца прыгажэйшы, адбываюцца змены да лепшага. Гэта і пабуджае нас вяртацца сюды зноў і зноў. Яно таго варта: адчуваем, што супрацоўніцтва ідзе вынікова і плённа. Усе сродкі, якія выдзяляе наша арганізацыя, выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Напрыклад, у час аднаго з прыездаў мы не змаглі набыць мэблю, якая была неабходна, а таму пакінулі грошы. Пазней прыехалі і ўпэўніліся: новая мэбля ўжо набыта.
— Дзе вы яшчэ паспелі пабыць сёлета?
— Па-традыцыі, аказалі дапамогу сацыяльна-педагагічнаму цэнтру горада Дзятлава. Наведалі аграгарадок Дварэц, дзе раздалі харчовыя наборы пажылым людзям. У Лідзе і Гродне набылі развіваючыя цацкі і гульні для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама сувеніры з Беларусі, якія зможам прадаць на дабрачынных кірмашах. У аграгарадку Гезгалы пабылі ў доме сумеснага пражывання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, а па дарозе ў аграгарадок наведалі сям’ю бежанцаў з Украіны, якія жывуць у Нагародавічах. Усім гэтым людзям таксама даставілі прадукты харчавання.
— Ці збіраецеся прыехаць на Дзятлаўшчыну ў наступным годзе?
— Абавязкова прыедзем. Тут нас заўсёды гасцінна сустракаюць, тут ёсць сапраўдныя сябры, такія як Ала Жэгалік (дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава — аўтар), у якой мы спыніліся. Але галоўнае: нашай дапамогі чакаюць, на яе спадзяюцца людзі. Жаданне заняцца дабрачыннасцю мы адчулі даўно, прыкладна ва ўзросце 40 гадоў. Таму і вырашылі стаць членамі дабрачыннай арганізацыі, дапамагаць людзям, падтрымліваць іх. Сёння гэта ўжо не заклік душы, а жыццёвая неабходнасць укласці свае сілы ў тое, што прыносіць карысць іншым.
Гутарыла І. Каўкель
Фота Н. Авярчук