Кастрычнік па добрай традыцыі адкрываецца святам залатога ўзросту – Днём пажылых людзей. Для кожнай арганізацыі Дзятлаўшчыны гэта час адзначыць тых, хто прысвяціў сумленнай працы дзеля Радзімы гады і дзесяцігоддзі сайго жыцця, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Напярэдадні Дня настаўніка СШ №3 горада Дзятлава сабрала на імпрэзу-шанаванне ветэранаў педагагічнай працы раёна, а таксама педагогаў-юбіляраў.
Прысутных павітала гаспадыня свята, старшыня раённагасавета ветэранаў працы галіны і беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раіса Аляксандраўна Ганчарэвіч. Яна прадставіла гасцей мерапрыемства – намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Валер’евіча Мацюкевіча, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Алену Іванаўну Жадзейка, старшыню райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслава Баляслававіча Фабішэўскага.
— Вельмі правільна, што дзяржава звярнула ўвагу на вас, людзей, надзеленых вялікім жыццёвым вопытам, – звярнуўся да прысутных Мікалай Валер’евіч. – У кошнага з вас многа вучняў, якія ўжо выраслі, сталі добрымі людзьмі. Некаторыя з іх працягваюць вашу высакародную працу.
Да пажаданняў бадзёрасці духу і моцнага здароўя намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама далучыў Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў ветэрану педагагічнай працы Валянціне Мікалаеўне Момант.
Алена Іванаўна Жадзейка не толькі павіншавала сваіх калег з сённяшнім і надыходзячым святамі, расказала пра поспехі дзятлаўскіх вучняў на высокім узроўні, але і паказала ў агульных рысах будучыню адукацыі раёна, дзе мусяць адбыцца сур’ёзныя перамены.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму зазначыла, што такія сустрэчы – выключна важныя як для ветэранаў педагагічнай працы, так і для педагогаў, якія сёння працуюць ва ўстановах адукацыі. Яна ўручыла ўзнагароды аддзела педагогам з вялікім стажам Таццяне Сямёнаўне Бялятка, Ганне Іванаўне Місарэвіч, Надзеі Іванаўне Мякіш.
Станіслаў Баляслававіч Фабішэўскі яшчэ раз нагадаў, што былых настаўнікаў не бывае, а таму кожны з педагогаў дагэтуль з’яўляецца членам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. За актыўную педагагічную і прафсаюзную работу ён узнагародзіў Людмілу Іванаўну Халопік, адрасаваў словы ўдзячнасці Мікалаю Віктаравічу Пуйту.
Кожная восеньская сустрэча ветэранаў педагагічнай працы адметная шанаваннем юбіляраў. Самыя заслужаныя з іх – педагогі, якія сёлета адзначылі дзевяностагоддзе. Гэта Ганна Аляксееўна Тагіль і Алена Міхайлаўна Мікалаева. Ганну Аляксееўну, якая прысутнічала ў зале, педагогі віталі бурнымі апладысментамі.
У сёлетняй важкай скарбонцы юбілеяў 11 – васьмідзесяцігадовыя, 17 – сямідзесяцігадовыя і ажно 22 – шасцідзесяцігадовыя. Прыемны сюрпрыз для юбіляраў зрабілі ўдзельнікі гуртка “Юны журналіст” СШ №3 і калегі, падрыхтаваўшы яркія насценгазеты.
У цёплай, утульнай, няспешнай сяброўскай педагагічнай сустрэчы хапіла ўсяго: былі тут песні, танцы, якія выконвалі як вучні, педагогі школы, так і госці імпрэзы; былі падарункі і шчырыя словы ўдзячнасці; былі вершы асабістага аўтарства і гісторыі, якія кранаюць да слёз. Увесь зал спяваў лірычныя песні разам з колішнім дырэктарам горкаўскай школы А. А. Бекішам. Без таго маладыя душой, вопытныя і паважаныя педагогі быццам скінулі яшчэ па дзясятку гадоў і пастанавілі: негалосна перайменаваць свята ў Дзень салідных людзей.
Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара