Людзі,якіх чакалі, чакаюць і будуць чакаць

Падзеі

Эвалюцыя пошты за 140 гадоў

Раней было так: у маленькай вясковай хаце, зусім цёмнай раніцай, калі нават і птушкі яшчэ не шчабечуць, бабуля ў белай хустачцы ўжо пільна ўзіралася ў акенца. Яна чакала іх, людзей, якія прыносілі весткі з “вялікай зямлі” ў маленькую вёсачку. Спадзяваліся на сустрэчу з імі і вайскоўцы ў час ваенных дзеянняў.
Іх чакалі, чакаюць і будуць чакаць, бо справа паштальёна, як і іншых работнікаў сувязі, мае вялікі сэнс для ўсяго насельніцтва. Яны прыносяць карэспандэнцыю, заказныя лісты, пенсію, пасылкі з далёкіх краін, прадукты харчавання і іншыя тавары масавага попыту.
Гісторыя паштовай сувязі налічвае не адно стагоддзе. 9 кастрычніка 1874 года быў арганізаваны Сусветны паштовы саюз, а ўжо сёлета ён адзначае 140-годдзе з дня свайго заснавання. Такое доўгае жыццё адлюстроўвае важнасць паштовай сувязі ў абмене дакументаў і тавараў з дапамогай глабальнай паштовай сеткі. 9 кастрычніка ў календары прафесійных датаў пазначаны і як Сусветны дзень пошты.
Напярэдадні гэтага дня карэспандэнт сустрэлася з начальнікам Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Наталляй Мікалаеўнай Цітовай. Яна расказала аб асаблівасцях і цяжкасцях прафесіі, аб працоўных буднях тых, хто яе абраў.

— Наталля Мікалаеўна, наколькі 2014 год быў паспяховым для пошты?
— Для нашага вузла паштовай сувязі бягучы год складваўся цяжка. Гэта было звязана і з фінансавымі пытаннямі, і з даведзенымі планавымі паказчыкамі па паслугах, якія былі ўведзены ў гэтым і мінулым гадах. Неабходна было азнаёміць насельніцтва з новымі паслугамі, укараніць новыя распрацоўкі паштовай сувязі. У ліку іх: “письмо комфорт”, “по пути”, “первый класс”. Напрыклад, карыстальнікам паслугі “письмо комфорт” прыходзіць смс-апавяшчэнне аб дастаўцы, а тыя, хто выбраў паслугу “первый класс”, павінны ведаць, што іх карэспандэнцыя сарціруецца ў першую чаргу.

Таксама мы актыўна ўкараняем такую паслугу, як карты экспрэс-аплаты мабільнай сувязі МТС і Velcom, дзякуючы якім не трэба стаяць у чарзе ля касы, каб папоўніць свой рахунак на тэлефоне.

Галоўнай мэтай гэтага года мы абралі інфармаванне насельніцтва аб тым, што новыя паштовыя паслугі – гэта зручна і камфортна.

Нягледзячы на цяжкасці, усе даведзеныя паказчыкі калектыў Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі выканаў паспяхова.

— У параўнанні з мінулым, якія паслугі сёння ў прыярытэце сярод жыхароў раёна?
— Раней адпраўлялі звычайныя пісьмы, зараз жа – заказныя. Гэта зручна тым, што на іх наклейваецца сцікер, па якім праз Інтэрнэт можна прасачыць шлях пісьма, і нават без паведамлення атрымаць яго ў зручны для чалавека час.

— Наколькі пошта надзейны сродак дастаўкі?
— Пісьмы не губляюцца, гэта я магу сказаць са 100% упэўненасцю, бо ўсе яны ідуць праз праграмны прадукт. А калі такое і здарыцца, то мы па камп’ютары можам вызначыць апошняе месца знаходжання пісьма. Такім чынам, усе пасылкі знаходзяць свайго атрымальніка.

— Наталля Мікалаеўна, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца работнікі пошты?
— Перш за ўсё гэта датычыцца памылковага адрасавання пісем, якое замаруджвае працэс іх апрацоўкі на сартавальнай машыне. Людзі лічаць, што, як падпісаў адрас на канверце, так і добра. Аднак існуюць пэўныя стандарты афармлення пісем, узоры якіх ёсць у кожным адзяленні паштовай сувязі. Напрыклад, калі чалавек выпадкова памыліўся ў правільным напісанні горада або прозвішча, новая сартавальная машына па індэксе або іншых ідэнтыфікацыйных знаках будзе шукаць патрэбнага атрымальніка.

— А што павінен ведаць кожны работнік паштовай галіны?
— Калі гаварыць пра аператараў паштовай сувязі, то іх галоўная мэта – прадаставіць паслугі якасна і хутка. Таксама ў нас складаецца графік дзяжурстваў, згодна з якім спецыяліст, акрамя асноўнай працы, павінен падрабязна растлумачваць аб новых паслугах, дапамагаць кліентам разабрацца ў пэўным пытанні. 

Адзначу, што кожную раніцу згодна з тэматычным планам з нашымі аператарамі праводзяць навучанне па новых паслугах начальнікі адзяленняў сувязі. За кожным спецыялістам замацавана пэўная паслуга, выкананне якой ён кантралюе.

— А ў чым адметнасць прафесіі паштальёна?
— Прафесія складаная тым, што патрэбна кожны дзень працаваць з людзьмі. А ўсе яны розныя, да кожнага трэба знайсці свой падыход. Акрамя гэтага, паштальён выконвае шэраг абавязкаў: разносіць пісьмы, перыёдыку, пенсіі. Цяпер неабавязкова ісці на пошту, каб аплаціць камунальныя паслугі, пакласці грошы на тэлефон або купіць паштоўку, — усё гэта можна зрабіць, звярнуўшыся да паштальёна. У яго заўсёды пры сабе ёсць квітанцыі.

У асноўным паштальёны па сваіх маршрутах ходзяць пешшу. За дзень ім даводзіцца пераадольваць амаль дзесяць кіламетраў, і гэта пры тым, што іх рукі ніколі не бываюць пустымі.

— Ці выкарыстоўваюць работнікі пошты адметную прафесійную лексіку?

— У асноўным мы называем рэчы сваімі “імёнамі”, але ж, напрыклад, паштовыя маршруты мы называем кольцамі. Гаворым так: паехаў на кальцо, кальцо выканана.

— Скажыце, існуюць у вашай справе працоўныя дынастыі?
— Так, існуюць. Напрыклад, мае матуля, бацька, сястра, цётка і я звязалі сваё жыццё з поштай. Калі палічыць наш агульны прафесійны стаж, то ён складзе сто гадоў і восем месяцаў.

— А з якімі імёнамі звязана гісторыя раённага вузла паштовай сувязі?
— Першым кіраўніком раённага вузла паштовай сувязі была Любоў Іванаўна Ёда, гэтай пасадзе яна прысвяціла 11 гадоў свайго жыцця, працавала са студзеня 1996 года па студзень 2007 года. У гэтым жа месяцы ёй на змену прыйшла Святлана Вікенцьеўна Мякіш, якая адпрацавала да кастрычніка 2007 года. Першым мужчынам на пасадзе начальніка вузла паштовай сувязі з лютага 2008 года па сакавік 2014 года быў Сергей Міхайлавіч Станкевіч, а ўжо на змену яму прыйшла я.

— Ці існуе прафесійны конкурс работнікаў вузла паштовай сувязі?
— Мы пастаянна ўдзельнічаем у конкурсе прафесійнага майстэрства. Адзін год спаборнічаюць кіраўнікі гарадскіх і сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі, другі – аператары і паштальёны. Конкурс складаецца з практычнай і тэарэтычнай частак: удзельнікі праходзяць тэсціраванне на камп’ютары па веданні законаў і рэгламентуючых дакументаў. Адзначу, што Гродзенскі філіял РУП “Белпошта” ў гэтым годзе заняў першае месца сярод іншых філіялаў рэспублікі.

— Наталля Мікалаеўна, што вы пажадаеце ўсім працаўнікам паштовай сувязі ў прафесійнае свята?
— Усім сваім калегам жадаю фінансавага дабрабыту, цярпення, дабрыні і поспехаў у працы.

Тэкст і фота Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *