Калі ласка,на Гродзеншчыну!

Падзеі

19 – 20 верасня на Гродзеншчыне праходзіла выязное пасяджэнне прэзідыума грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Яго ўдзельніцы знаёміліся з работай гродзенскага аб’яднання жанчын у Год гасціннасці. Праграма наведвання Прынёмання была вельмі насычаная: госці пабылі ў Гродне, Лідзе, Бярозаўцы, Адэльску, Верцялішках, пазнаёміліся са шматлікімі праектамі, якія рэалізуюць жанчыны Гродзенскай вобласці.

У рамках мерапрыемства адбыліся выставы гербаў гарадоў Гродзеншчыны, караваяў, беларускіх страваў. У гэтых выставах удзельнічалі прадстаўніцы дзятлаўскай арганізацыі жанчын, дзятлаўскія майстрыхі.

Герб Дзятлава падрыхтавала да выставы Ірына Віктараўна Антропава, жыхарка аграгарадка Дварэц. З восеньскіх жоўтых тагетысаў яна выклала выявы агароджы і вежы, а фонам сталі сінія хрызантэмы. Работа глядзелася вельмі вабна, як, дарэчы, і ўсе іншыя вырабы, што дэманстраваліся на пляцоўцы ля моладзевага цэнтра. Да гербаў падыходзілі дарослыя і дзеці, якім было цікава даведацца, з чаго яны зроблены, што сімвалізуе той ці іншы элемент. Прахожыя вельмі актыўна фатаграфаваліся.

Адным з лепшых быў прызнаны дзятлаўскі каравай, які выпякалі вензавецкія ўмеліцы. Да яго вырабу прычыніліся Жанна Анатольеўна Свіб, Раіса Леанідаўна Мілейка, Аксана Віктараўна Роўба, Ірэна Багуславаўна Быстрыцкая. Такім караваем не сорамна сустракаць любых гасцей: ці сваіх, ці заморскіх. Работа вензавецкіх майстрых была адзначана каштоўным падарункам ад Беларускага саюза жанчын.

Спадабаліся і “дзятлаўскія калабкі” з “бульбяным хворастам”. Гэту страву падрыхтавалі да дэгустацыі і прыгожа аздобілі дзве Анатольеўны – Наталля Шмыгін (повар СШ №1) і Людміла Заяц (тэхнолаг аддзела адукацыі). Выстава страваў і частаванне гасцей праходзіла ў рэстаране “Стары Лямус”.

Госці Гродзеншчыны мелі магчымасць пабыць на свяце сыру, сельскагаспадарчым кірмашы, азнаёміцца з адметнасцямі старажытнага горада над Нёманам.

Мерапрыемства пацвердзіла, што гасціннасці беларусам не займаць: у нас ёсць што пабачыць, чым пачаставацца, на што падзівіцца.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота аўтара 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *