Не кожны настаўнік можа пахваліцца тым, што ў скарбонцы яго працоўных узнагародаў ёсць Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета на жнівеньскай педагагічнай нарадзе гэтую высокую ўзнагароду атрымала таленавіты педагог з 34-гадовым стажам, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1 г. Дзятлава Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык. Таксама ў ліку яе апошніх прафесійных дасягненняў — дыплом І ступені за ўдзел у сёмым рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон» і спецыяльнае месца журы Міжнароднага конкурсу «Энергія і навакольнае асяроддзе». Напярэдадні Дня настаўніка карэспандэнтка газеты сустрэлася з І. У. Дарафейчык, каб пацікавіцца сакрэтамі яе поспехаў.
— Ірына Уладзіміраўна, як вы ішлі да вяршыняў прафесійнага майстэрства?
— Лічу, што быць паспяховым педагогам мне дапамагаюць любоў да абранай справы і працоўны вопыт. Калі ёсць вопыт і жаданне, будуць і дасягненні.
Мой шлях у прафесію пачаўся яшчэ ў пятым класе, калі мы прыйшлі на першы ўрок англійскай мовы да Усціна Іванавіча Орсы, я была ў поўным захапленні ад заняткаў і вырашыла для сябе, што абавязкова стану настаўніцай. Скончыўшы школу, паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў. На той час наш інстытут па паспяховасці быў лідзіруючым у Савецкім Саюзе. Вучылася старанна, каб атрымаць грунтоўныя веды, прымала актыўны ўдзел у грамадскіх справах, была членам студэнцкага навуковага таварыства. Таму пасля заканчэння вучобы атрымала шэраг цікавых прапановаў і мела магчымасць застацца ў Мінску. Аднак адмовілася, бо не хацела жыць у вялікім шумным горадзе, ды і працаваць імкнулася толькі настаўніцай. А таму ў 1980 годзе вярнулася ў родны раён і трапіла ў калектыў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, дзе працую і сёння.
Прайшоў не адзін дзясятак гадоў, і я адчуваю, што зрабіла правільны выбар. Люблю дзяцей, раблю ўсё магчымае, каб навучць іх таму, што ведаю сама. На ўроках вялікую ўвагу надаю не толькі навучанню, але і выхаванню школьнікаў. Выхаваць дзяцей чалавечнымі, гарманічнымі, працалюбівымі — гэта таксама вельмі важна для нашага грамадства і з’яўляецца адной з галоўных задач педагога. Я заўжды гэта разумела і 18 гадоў адпрацавала намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце.
— Якімі наогул бачыце сваіх вучняў?
— Для мяне дзеці — найвялікшая каштоўнасць, таму я і пайшла ў педагогіку. У кожным дзіцяці бачу асобу: усе яны такія розныя, са сваімі поглядамі, звычкамі, жыццёвай пазіцыяй. Мая задача — знайсці «ключык» да кожнага з вучняў, заўважыць і развіць іх таленты. А яшчэ я заўжды стараюся ісці на ўрок з усмешкай, несці ў клас добры настрой. Ад усмешкі ладзіцца работа, заняткі становяцца цікавейшыя. А таму і ў рабоце з вучнямі, і ў рабоце з калегамі варта быць настроеным на пазітыў — гэта залог поспеху.
Як настаўнік, я вельмі патрабавальная да сябе: пастаянна знаходжуся ў творчым пошуку, займаюся самаадукацыяй, вырашэннем тых ці іншых педагагічных праблем. Я адпрацавала шмат гадоў, але не памятаю, каб ішла на ўрок з адным і тым жа планам. Нават паралельныя класы па паспяховасці адрозніваюцца паміж сабой, і я стараюся ўлічваць гэта ў сваёй рабоце.
— Хто дапамагаў вам у прафесійным станаўленні?
— Калі я прыйшла ў школу, то сустрэла тут нераўнадушны калектыў, зацікаўлены дапамагчы кожнаму стаць добрым педагогам, выконваць сваю работу старанна, адказна, добрасумленна, якасна. І сёння шчырыя словы падзякі за тое, што я рэалізавала сябе ў прафесіі, хачу сказаць сваім старэйшым калегам: Яўгеніі Рыгораўне Савань, Ядвізе Аляксандраўне Кійко, Вользе Канстанцінаўне Галадновай, Арцеміі Міхайлаўне Чурыла.
Наогул, мне пашанцавала не толькі з прафесіяй, але і з установай: нават цяпер, калі тут памянялася адміністрацыя і ў школу прыйшло маладое пакаленне педагогаў, наш калектыў па-ранейшаму застаецца дружным і творчым. Мне не даюць «засумаваць», спыніцца на дасягнутым, пастаянна падштурхоўваюць да актыўнай дзейнасці, да ўдзелу ў разнастайных праектах і конкурсах. Я ўвесь час адчуваю сябе запатрабаванай, і гэта важна, бо калі на цябе спадзяюцца, калі ёсць падтрымка, то і работа ідзе плённа, і вынікі будуць. Лічу, што ў нашай школе створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчага росту педагогаў.
— І гэта спрыяе таму, што вы займаецеся не толькі педагагічнай, але і навуковай дзейнасцю?
— Навуковая дзейнасць захапіла мяне яшчэ ў студэнцкія гады. Тады на занятках па пазакласным чытанні мы праходзілі «Сагу аб Фарсайтах», неабходна было прааналізаваць, якія мастацкія сродкі выкарыстаў аўтар. Мяне зацікавіла гэтая тэма, і паколькі ў інстытуце правесці такі аналіз мы не паспелі, пасля заняткаў я накіравалася ў бібліятэку імя А. Пушкіна. Напрацоўкі перараслі ў сур’ёзную курсавую работу, пасля абароны якой мяне і запрасілі ў студэнцкае навуковае таварыства.
Ужо працуючы ў школе, я не толькі вяла ўрокі, але і старалася рэалізаваць некаторыя свае ідэі. Так, мы з вучнямі арганізавалі клуб інтэрнацыянальнага сяброўства, перапісваліся са школьнікамі з іншых краін. У 1993 годзе, калі я стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, актыўна ўключылася ў даследніцкую дзейнасць. Па прапанове Ядвігі Аляксандраўны Кійко ў 1994 годзе наш школьны музей імя Я. Фогеля перааформілі ў «Музей гісторыі Дзятлава». Каб папоўніць яго новымі экспанатамі, у работу ўключылі ўвесь калектыў школы. Даведаліся шмат цікавай гістарычнай інфармацыі, нават знайшлі газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, пошукавая работа — вельмі дзейсны сродак патрыятычнага выхавання школьнікаў. У свой час раённы аддзел адукацыі прапанаваў нам стаць рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па краязнаўстве. Тады ў школе быў распрацаваны інавацыйны праект, аўтарам якога я з’яўлялася, «Укараненне аўтарскай мадэлі выхавання школьнікаў у працэсе краязнаўчай дзейнасці». Крыху пазней навуковы кансультант праекта, начальнік выхаваўчай работы Нацянальнага інстытута Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Канстанцінаўна Катовіч прапанавала нам прадоўжыць работу ў інавацыйным рэжыме на другім этапе даследвання і распрацаваць новы праект. Яго тэма гучала так: «Укараненне ацэнкі якасці выхавання ў краязнаўчай дзейнасці». Мы адсочвалі, як краязнаўства ўплывае на станаўленне вучняў як асобаў і грамадзян.
Летась школьны музей зноў быў пераформлены, цяпер у «Музей гісторыі Дзятлаўшчыны», а гэта значыць кола пошукаў пашырылася. Сёлета збіраемся афармляць новую экспазіцыю, прымеркаваную да 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мне прапанавалі стаць каардынатарам праекта.
Што тычыцца тэмы энергазберажэння, то прыняць прапанову я вырашыла таму, што мой муж і мае дзеці — энергетыкі. Дома яны часта абмяркоўваюць праблемы, якія тычацца прафесіі, у гэтых абмеркаваннях прымаю ўдзел і я. А таму была ўпэўнена, што родныя падтрымаюць мяне, дапамогуць парадамі. Вынік нашага супрацоўніцтва — дыплом І ступені за ўдзел у сёмым рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон». Мне прапанавалі сёлета зноў прыняць у ім удзел, але ўжо ў намінацыі «Лепшы педагог па энергазберажэнні». Паколькі ёсць новыя ідэі, думаю, прыму і гэтую прапанову.
— Ірына Уладзіміраўна, ці перадаяце працоўны вопыт маладым?
— З першых дзён работы ў школе я імкнулася быць для дзяцей старэйшым памочнікам, дарадцай, кансультантам. А таму многім вучням падабаецца англійская мова, некаторыя з іх удзельнічалі ў алімпіядах або выбралі прафесіі з веданнем замежнай мовы. Гэта Таня Крывеня, Вераніка Вілісава, Аксана Навічэнкава, Лера Казарэз, Вольга Калюцік, Кацярына Шыцько. У школе я з’яўляюся кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы і заўжды дапамагаю тым, хто да мяне звяртаецца. Лічу гэта сваім прафесійным абавязкам. З дапамогай Інтэрнэту актыўна дзялюся вопытам з іншымі педагогамі, ды і сама пераймаю ў іх лепшыя ідэі. Як вядома, у нашай рабоце важна не замыкацца ў сабе, не спыняцца на дасягнутым.
— А чаго пажадаеце калегам да прафесійнага свята?
— Моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, добрых вучняў, каб кожны працоўны дзень прыносіў радасць, каб у клас яны спяшаліся са шчырай усмешкай, каб школа для іх, як для мяне, стала другім домам.
І. КАЎКЕЛЬ