Пры парафіі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве адкрыўся салезіянскі араторый імя благаславёных мучанікаў з Познані. Яго асвячэнне адбылося 11 кастрычніка.
Удзел у святой імшы ў гонар адкрыцця араторыя ўзяў настаяцель супольнасці салезіянаў у Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч. Звяртаючыся да вернікаў, ён адзначыў:
— Араторый — гэта і сям’я, і школа, і падворак для моладзі. Гэта выхаваўчае асяроддзе, дзе кожны прадстаўнік моладзі можа знайсці прытулак і разуменне. Мэта араторыя — выхаваць сумленнага хрысціяніна і добрага грамадзяніна, духоўна ўзбагаціць яго, закласці ў ім той духоўны стрыжань, які дазволіць супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям.
Адкрываючы араторый у імя пяці благаславёных мучанікаў з Познані, мы бяром вялікую адказнасць. Паколькі імя даецца не толькі дзеля прыгажосці, гэта яшчэ і пэўная праграма.
Мучанікі з Познані з’яўляюцца прыкладам мужнасці, вернасці Хрысту, адданасці Касцёлу. Яны былі звычайнымі хлопцамі, якія прынялі мучаніцкую смерць у засценках нямецкага канцлагера ў жніўні 1942 года. Прынялі смерць са спакойным сэрцам, што бачна ў тых лістах, якія яны пісалі незадоўга да смерці. Такім чынам, постаці гэтых маладых людзей з’яўляюцца прыкладам стойкасці духу, веры, сапраўднай адданасці Хрысту.
Ад імя раённай улады з адкрыццём салезіянскага араторыя ў Дзятлаве каталіцкіх вернікаў павіншаваў кіраўнік справамі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч.
— Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, моладзь — гэта наша надзея, наша будучыня. І мы абавязаны рабіць усё для таго, каб дзеці раслі здаровымі, паўнацэннымі людзьмі, якія і самі будуць шчаслівыя, і прынясуць карысць нашаму грамадству, нашай роднай Беларусі.
Для таго, каб не дапусціць разбурэння асобы моладзі, неабходна яе ўводзіць у духоўны свет і на падставе духоўных традыцый нашага беларускага народа выхоўваць маральнасць і патрыятызм.
У нашых дзяцей ёсць магчымасць гарманічна дапоўніць свецкую адукацыю хрысціянскім выхаваннем. Такое ўзаемадзеянне садзейнічае развіццю эфектыўнага супрацоўніцтва святароў, школы, сям’і ў выхаванні маральна ўстойлівай, духоўна развітай асобы, якая можа ўсведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны і свайго народа, — адзначыў ён у сваёй прамове.
Ксёндз Здзіслаў Пікула, настаяцель касцёла Успення Дзевы Марыі ў Дзятлаве, падзякаваў усім вернікам, святарам, якія сабраліся на ўрачыстую падзею адкрыцця араторыя.
У час святой імшы таксама была свечана фігура святога Яна Боска — духоўнага апекуна моладзі.
Ужо ў час канцэртнай праграмы, якая прайшла ў гімназіі №1 горада Дзятлава, прагучаў гімн новага араторыя. Яго выканалі маладыя вернікі.Таксама яны прапанавалі паўдзельнічаць у танцавальным флэш-мобе, у гульнях. Музычныя спевы выканала група «Небасхіл».
Даведка:
слова «араторый» мае лацінскае паходжанне. Перакладаецца як «дом малітвы». Больш сучаснае значэнне слова — «дом гасціннасці». Заснавальнікам першага салезіянскага араторыя з’яўляецца святы Ян Боска. Дарэчы, у наступным годзе адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння гэтага святога, служэнне якога ўключыла работу з беднымі дзецьмі, а таксама падлеткамі, якіх на сучаснай мове можна назваць «цяжкімі».
А. ДУБРОЎСКАЯ