Адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова

Падзеі

— Па выніках васьмі месяцаў бягучага года можна ўжо ўпэўнена сказаць, што Гродзенская вобласць выканае задачы і рэалізуе планы, якія былі пастаўлены перад рэгіёнам на 2014 год. Валавы рэгіянальны прадукт з пачатку года склаў 103,7 працэнта, амаль ва ўсіх сферах дзейнасці адзначаецца станоўчая дынаміка, — з такой пазітыўнай статыстыкі пачаў чарговую выязную прэс-канферэнцыю з рэдактарамі абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, сёлета быў сабраны добры ўраджай зерневых культур – 1 мільён 690 тысяч тон зерня, з ураджайнасцю каля 50 ц/га. Акрамя таго, аграрыі вобласці плануюць сабраць 1 мільён 800 тысяч тон буракоў, 180 тысяч тон бульбы. Адзінае, што, па словах Уладзіміра Краўцова, крыху горш урадзіла ў гэтым годзе – кукуруза, але не настолькі, каб моцна ўскладніць сітуацыю.

У наступным годзе на Гродзеншчыне пачне новы віток развіцця свінагадоўля. У вобласці будуць адноўлены аб’ёмы вытворчасці свініны да ўзроўню 2012 года. Тады паказчык складаў 112 тысяч тон свініны ў год, што складае 25% ад усёй вытворчасці свініны ў рэспубліцы. З-за праблем, звязаных з недахопам кармавой базы, а таксама захворваннем жывёлы на афрыканскую чуму свіней у 2013 годзе аб’ёмы вытворчасці свініны зменшыліся да 109 тысяч тон, у 2014 годзе – складуць каля 100 тысяч тон.

— Страчаныя 12 тысяч тон у 2015 годзе неабходна “вярнуць”, каб забяспечыць як унутраны попыт, так і экспартны (удакладненне: Гродзенская вобласць экспартуе свініну ў Расійскую Федэрацыю), — адзначыў старшыня аблвыканкама. — За два апошнія гады мы закрылі 38 фермаў, на якіх вырошчвалася ад 500 да 1000 галоў свіней. Гэтыя аб’екты былі стратныя, эканамічна нявыгадныя. Замест іх будуць адкрыты два свінакомплексы ў Карэліцкім раёне, якія былі часова закрыты ў сувязі з афрыканскай чумой свіней. Акрамя таго, на іх базе будзе пабудавана племянная ферма на 27 тысяч парасят. І яшчэ два комплексы прыватнай уласнасці на 48 тысяч галоў свіней адкрыюцца ў Гродзенскай вобласці – цяпер прапрацоўваюцца пытанні з інвестарамі па вызначэнні месца размяшчэння гэтых комплексаў.

Усяго на Гродзеншчыне функцыянуюць 26 свінакомплексаў. Па словах Уладзіміра Краўцова, яны поўнасцю забяспечаны кармавой базай, маюць адны з самых высокіх прывагаў у краіне. Аднак для забеспячэння попыту жыхароў Гродзеншчыны на свініну, а гэта тысяча тон мяса ў месяц, аб’ёмаў вытворчасці азначаных свінакомплексаў недастаткова. Сёння пастаўка ажыццяўляецца ў аб’ёме толькі 600 тон свініны, астатні – пакуль папаўняецца мясам птушкі і ялавічынай.

Што датычыцца будаўнічай галіны і прамысловасці, тут Гродзенская вобласць не зніжае тэмпу. Старшыня аблвыканкама паведаміў пра паспяховае завяршэнне будаўнічых работ і ўстаноўку абсталявання на прадпрыемстве “Мастоўдрэў”, дзе пуска-наладачныя работы па вырабе пліты МДФ запланаваны ўжо на першы квартал 2015 года. Павялічвае вытворчыя плошчы ўжо добра вядомае на Гродзеншчыне прадпрыемства “ЗОВ-ЛенЕвромебель”. Хутка ў Ваўкавыску пачне працаваць завод па вытворчасці напаўняльнікаў для ёгуртаў. У горадзе Бярозаўка Лідскага раёна на шклозаводзе “Нёман” вядзецца мантаж абсталявання для вытворчасці шкловаты. Гэты новы від прадукцыі шклозавода, які вельмі запатрабаваны не толькі ў нашай краіне, па меркаванні старшыні аблвыканкама, дасць магчымасць горадаўтваральнаму заводу выйсці з заняпаду. Плануецца, што ўжо ў першыя месяцы наступнага года будаўнічая галіна атрымае першую партыю шкловаты з Бярозаўкі. Расказаў Уладзімір Краўцоў і пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі, адзначыўшы пры гэтым, што і сам раённы цэнтр Астравец развіваецца вельмі актыўнымі тэмпамі.

— Той, хто быў у Астраўцы два гады таму, цяпер проста не пазнае гэты горад, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Гродзенская вобласць мае намер актыўней выкарыстоўваць свой лагістычны патэнцыял.

— Асабліва актуальна стварэнне лагістычных цэнтраў каля памежных пераходаў, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — У польскім і літоўскім накірунках ужо ўзводзяцца лагістычныя цэнтры. Яны дазволяць у два-тры разы павялічыць колькасць паслугаў, якія робяць пераход праз мяжу больш камфортным.

Былі ўзняты на прэс-канферэнцыі і некаторыя пытанні культурнай і сацыяльнай скіраванасці.

— У нас багатая культурная спадчына, — адзначыў старшыня аблвыканкама, — але яна знаходзіцца ў заняпадзе і патрабуе аднаўлення. Прыемна, што актыўна пайшоў працэс набыцця інвестарамі палацава-паркавых комплексаў Гродзеншчыны. Адзін з апошніх прыкладаў – маёнтак князёў Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку Шчучынскага раёна. Маёнтак набылі расійскія інвестары з мэтай арганізацыі там турыстычнага аб’екта. Таксама ўражвае разны палац у Поразава Свіслацкага раёна, які ўжо адноўлены і прымае турыстаў. У мінулым месяцы ўрачыста быў адкрыты новы гістарычны, культурны, турыстычны аб’ект у Смаргоні – мемарыял ахвярам Першай сусветнай вайны. Наогул, я ўпэўнены, што турызм на Гродзеншчыне будзе развівацца і стане прыбытковай сферай дзейнасці.

Узняў таксама старшыня аблвыканкама тэму знамянальных дат і падзеяў, якія датычацца Гродзенскай вобласці. У першую чаргу, Уладзімір Краўцоў нагадаў пра святкаванне 70-годдзя рэгіёна, падрыхтоўка да якога ідзе самымі актыўнымі тэмпамі. Гэтым жа часам горад Слонім рыхтуецца да абласных “Дажынак”. Галоўнае свята аграрыяў пройдзе ў лістападзе на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. А таксама Уладзімір Краўцоў дадаў, што ўжо вынесена рашэнне Гродзенскага аблвыканкама аб правядзенні абласнога свята “Дажынкі” ў 2015 годзе ў горадзе Дзятлаве.

І. ГАЛОМЗІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *