Канікулы-2024

Грамадства Свежыя навіны

Зімовыя канікулы – гэта не толькі доўгачаканы адпачынак для дзяцей, але і пара навагодніх святаў.

А яшчэ гэта пара, калі адбываюцца цуды і здзяйсняюцца мары.

Правесці час з карысцю

Весела правялі свой час выхаванцы аздараўленчага лагера “Весяльчак” Круцілавіцкай сярэдняй школы. Штодзень яго ўдзельнікі акуналіся ў атмасферу свята і чараўніцтва. Выхаванцы разгадвалі рэбусы і выконвалі заданні Кікімары, спаборнічалі з Бабай Ягой, дапамагалі Дзеду Марозу і Снягурцы знайсці падарункі для дзяцей.

Кожны дзень у лагеры быў напоўнены творчасцю, фантазіяй, ініцыятывай. Разнастайная дзейнасць, хуткасць змены сітуацый далі магчымасць кожнаму дзіцяці прыняць удзел у розных мерапрыемствах, знайсці сваю справу, а таксама цікава і з карысцю правесці час.

Каб ведаць мінулае

Вучні 1-5 класаў Дварэцкай сярэдняй школы правялі свае канікулы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Снегавічок”. Кожны дзень тут быў тэматычны. Акрамя тэм Новага года, бяспекі, здаровага ладу жыцця, крэатыву і творчасці, найбольш раскрытай у зімняй лагернай змене стала тэма патрыятызму і краязнаўства.

У Дзень турызму і краязнаўства выхаванцам лагера быў прадэманстраваны відэаролік “Гарады Беларусі. Дзятлава”. Дзеці прынялі ўдзел у віртуальным падарожжы “Чым знакаміта Дзятлаўская зямля”, падчас якога яны даведаліся пра былых уладальнікаў Дзятлава, асаблівасці архітэктуры яўрэйскай забудовы на гарадской плошчы, успомнілі пра гісторыю будаўніцтва касцёла Божага Цела і ўстаноўку надмагільнага помніка “Самотны Анёл” Апалінарыі Пратасевіч. Таксама ім прадэманстравалі Google-карты, распрацаваныя членамі Савета школьнага музея “Турыстычная прывабнасць Дзятлаўшчыны”. Дзякуючы гэтым картам можна вельмі хутка знайсці цікавую інфармацыю пра мястэчкі Дзятлаўскага раёна, пра вядомых ураджэнцаў, брацкія магілы, помнікі землякам, літаратараў і многае іншае.

У Дзень грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікі  даведаліся пра рэалізацыю ў Беларусі і Расіі рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”, пазналі сутнасць слоў “генацыд”, “халакост”, “гета”, “канцлагер”, прагледзелі відэаролік “Сёстры Хатыні”, азнаёміліся з картай “Населеныя пункты Беларусі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

З “Усмешкай” заўсёды цікава

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава дзеці бавілі свой вольны час у лагеры “Усмешка”. Цікавая і насычаная рознабаковымі мерапрыемствамі стала  гульнявая мадэль лагера. Тут яны ўдзельнічалі ў конкурсна-гульнявых праграмах, квэстах, спартыўных эстафетах, гульнях і спаборніцтвах, флэш-мобе, творчых майстэрнях, экскурсіях.

Так, выхаванцы лагера прынялі ўдзел у квэсце “Новы год з Радзівілам” у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі, а таксама ў Вензавецкім лясніцтве – у квэсце “Ключы бабулі Зімы”.

Цікавым выступленнем парадаваў выхаванцаў лагера тэатр ценяў “Сказанне пра Жыровіцкую ікону Божай Маці”, прадстаўленую іерэем Алексіем Шышкірам, настаяцелем  храма святой велікамучаніцы Варвары аграгарадка Райца Карэліцкага раёна.

Канікулы “па-дзятлаўску”

У аздараўленчым лагеры “Усмешка” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава змена праходзіла пад назвай “Зімовы квэст па-дзятлаўску”. Выхаванцы пабывалі ў гасцях у Дзядулі Мароза ў Вензавецкім лясніцтве, а таксама апынуліся ў навагодняй казцы, наведаўшы раённую бібліятэку. Карыснымі для здароўя сталі заняткі спортам падчас шматлікіх спаборніцтваў, спартландый.

Цікавае падарожжа ў школьны музей “Вытокі”, магчымасць акунуцца ў атмасферу мінуўшчыны падчас квэсту “Новы год з Радзівілам” у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі – гэтыя і не толькі мерапрыемствы захапілі дзяцей і дапамаглі весела і з карысцю правесці канікулы.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga