Жніво-2023 з-за капрызаў надвор’я стала сапраўдным выпрабаваннем на трываласць для аграрыяў, якія паміж праліўнымі дажджамі ловяць кожны пагодлівы дзянёк, кожную спрыяльную гадзіну.
Тым не менш на Дзятлаўшчыне ўжо з’яўляюцца першыя пераможцы працоўных спаборніцтваў, што ладзяцца ў час уборачнай кампаніі. Гэтым разам першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка са старшынямі раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандрам Дубовікам і раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Казаком накіраваліся ў гаспадаркі, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды вадзіцелям, якія перавезлі з палеткаў адну тысячу тон збожжа новага ўраджаю.
Першым віншаванні прымаў Аляксандр Бакей з ААТ “Граніт-Агра”, які заняты на адвозцы зерня на аўтамабілі МАЗ-555102 з прычэпам.
– З чарговай тысячай у вашай працоўнай дзейнасці і, дай Бог, не апошняй у гэтым сезоне, – звярнуўся да пераможцы Віталій Шулейка. – Дзякуючы сумеснай зладжанай працы і спецыялістаў, і вадзіцеляў, і механізатараў у гаспадарках раёна ёсць станоўчыя вынікі. Безумоўна, сёлета іх дабівацца даволі складана з-за непагадзі. Аднак працэнт уборкі яшчэ невялікі, веру – гэта не апошняе ваша дасягненне ў гэтым годзе. Удачы і надалей.
Віталій Тадэвушавіч уручыў тысячніку дыплом пераможцы раённага спаборніцтва ад райвыканкама і раённай арганізацыі прафсаюза АПК. Да віншаванняў з кветкамі і грашовай узнагародай далучыліся Аляксандр Дубовік і Уладзімір Казак, які падрыхтаваў яшчэ і адпаведныя наклейкі на шкло аўтамашын “Лідар працоўнага спаборніцтва”. Шчырыя пажаданні і падарункі дасталіся Аляксандру Бакею ад калегаў і дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Станіслава Мазура.
Не менш прыемная атмасфера панавала пры ўзнагароджанні такім жа дыпломам і падарункамі вадзіцеля ААТ “Дварэц-Агра” Сяргея Сямашкі, які адвозіць збожжа з палёў на аўтамабілі МАЗ-650128.
– Рады павіншаваць вас з запаветнай лічбай, – звярнуўся да тысячніка Віталій Шулейка. – У вас трэці вынік у раёне, а ў катэгорыі “без прычэпа “ – першы. Упэўнены, што новая тэхніка павінна радаваць адсутнасцю паломак, далейшых вам поспехаў.
Не засталіся ў баку ад падзеі калегі Сяргея Сямашкі і кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Лесюкоў, які таксама далучыўся да віншаванняў з пажаданнем высокіх вынікаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga