У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь прайшла чарговая нарада асабовага саставу, удзел у якой прыняў намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы – начальнік аддзела сродкаў і сістэмаў аховы палкоўнік міліцыі Андрэй Бандацкі.
Сярод службовых будняў на гэты раз выдалася ўрачыстая нагода – падтрымаць адну з добрых традыцый і павіншаваць з юбілейным днём нараджэння ветэрана службы, былога міліцыянера ўзвода міліцыі Сяргея Грыцука.
Цёплыя віншаванні на адрас імянінніка з пажаданнем здароўя, удачы, мірнага неба над галавой, пазітыўных момантаў жыцця прагучалі ад начальніка аддзела Дэпартамента аховы Сяргея Куляша.
– Дэпартаменту аховы патрэбны ветэраны, якія дастойна служылі і выйшлі на заслужаны адпачынак, – далучыўся да пажаданняў Андрэй Бандацкі. – На вас раўняецца маладое пакаленне, якое бачыць, што сапраўды можна прайсці паспяховы прафесійны шлях. Рады павіншаваць вас з цудоўным юбілеем, калі яшчэ шмат сілаў, энергіі і ёсць вопыт, якім шчодра дзеліцеся з маладымі супрацоўнікамі аховы, не забываеце дарогу ў аддзел. Менавіта такія сустрэчы і спрыяюць службоваму, ідэалагічнаму, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню супрацоўнікаў.
Найлепшыя пажаданні ад членаў ветэранскай пярвічкі перадаў Сяргею Грыцуку старшыня аб’яднання Сцяпан Мацюкевіч, які ў свой час быў кіраўніком і прымаў яго на работу ў аддзел.
Сяргей Арсеньевіч падзякаваў за шчырыя словы, прагартаў старонкі сваёй службовай дзейнасці і расказаў, чым займаецца цяпер. Службу ў Дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ён пачынаў у 1994 годзе міліцыянерам узвода міліцыі па ахове санаторыя “Радон”. Пазней быў пераведзены ў Дзятлаўскі раённы аддзел міліцыі, дзе 10 гадоў адпрацаваў дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання. Зноў у ахову вярнуўся ў 2005-ым, быў міліцыянерам узвода міліцыі, міліцыянерам-кінолагам, міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання, а два апошнія гады працаваў на ахове філіяла Белаграпрамбанка ў Дзятлаве. З узростам і па выслузе гадоў выйшаў на пенсію. Паколькі яшчэ хапае сілаў і энергіі, цяпер Сяргей Грыцук працуе вадзіцелем аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна.
– Нашы ветэраны “ставяць на крыло” маладое пакаленне і ўдзельнічаюць у выхаванні пачынаючых супрацоўнікаў, – расказаў напрыканцы сустрэчы Сяргей Кулеш. – А нядаўна моладзь першага года службы разам з ветэранамі аддзела наведалі Брэсцкую крэпасць-герой, пабачылі інсталяцыю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Вярнуліся яны глыбока ўражаныя. Лічу, што такая работа спрыяе згуртаванню калектыву і ўмацаванню баявога духу.
Разам з тым мы чакаем у свае рады маладых людзей, якія жадаюць звязаць жыццё са службай у Дэпартаменце аховы. У аддзеле ёсць вакансіі міліцыянераў-кінолагаў, міліцыянераў-вадзіцеляў, паставых міліцыянераў. Служба не стаіць на месцы і пастаянна развіваецца: абнаўляецца ўзбраенне, аўтапарк, спецсродкі. Супрацоўнікі, якія выязджаюць на сігнал “трывога”, экіпіраваны па апошнім слове тэхнікі. Таму юнакі, якія адчуваюць у сабе патэнцыял, могуць далучацца да нашага дружнага калектыву. “Маладым арлянятам” выпрацаваць у сабе неабходныя ўменні і навыкі дапамогуць дзеючыя супрацоўнікі і ветэраны службы. Патрабаванні да кандыдатаў: узрост ад 18 да 28 гадоў, улічваюцца маральныя і дзелавыя якасці, стан здароўя, узровень адукацыі. Могуць быць разгледжаны кандыдаты з прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыямі. Сярод крытэрыяў адмовы ў прыёме, калі ў ходзе правядзення праверкі ўстаноўлены факты прыцягнення кандыдата да адміністрацыйнай адказнасці па пэўных артыкулах КоАП. Дзяржавай для праваахоўнікаў прадугледжаны льготы і гарантыі. Наконт працаўладкавання звяртайцеся на адрас: г. Дзятлава, вул. Фогеля, 15. Тэлефоны для даведак: 2-65-92, 2-51-90, 8-029-8823618.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga