Што і як дазволена браць у лесе?

Важнае Грамадства

У Беларусі лясы з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы.

Але ў жыхароў нашай краіны ёсць шматлікія правы на карыстанне іх дарамі. Аб нарыхтоўцы другарадных рэсурсаў, драўніны, правядзенні пабочнага лесакарыстання расказаў галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько:

– Грамадзяне маюць права свабодна наведваць лясы і бясплатна, без выпіскі дазвольных дакументаў, ажыццяўляць збор дзікарослых раслін, ягад, грыбоў, арэхаў, нарыхтоўку бярозавага соку, моху, бяросты, галінак дрэў, лясной подсцілкі. Варта звярнуць увагу, што нарыхтоўка соку і моху ажыццяўляецца толькі на пэўных участках ляснога фонду, інфармацыю пра якія можна знайсці на сайце лясгаса або даведацца ў лясніцтвах, дзе раскажуць і пакажуць, як правільна гэта рабіць.

Нарыхтоўка бяросты і галінак праводзіцца са ссечаных, сухастойных і валежных дрэў, а таксама з дрэў, да высякання якіх застаецца не больш чым два гады. Бяросту з дрэў, якія растуць, дазваляецца нарыхтоўваць у перыяд з 1 красавіка па 30 лістапада не больш чым да паловы вышыні дрэва без пашкоджання лубу, галінкі – на працягу аднаго года – не больш чым на адну трэцюю частку кроны дрэва.

Пупышкі і кара нарыхтоўваюцца са ссечаных на лесасеках дрэў або зрэзаных галінак. Пупышкі хвоі – з 15 лютага па 15 мая, кара – у перыяд вясновага руху соку.

– А што наконт брусніц і журавін?

– Тэрміны пачатку збору брусніц і журавін штогод вызначаюцца рашэннямі аблвыканкамаў. Інфармацыя пра гэта размяшчаецца на іх афіцыйных сайтах, у сродках масавай інфармацыі.

– Ці можна ставіць вуллі на тэрыторыі лесу?

– Касьба, размяшчэнне вулляў і пчольнікаў, выпас жывёлы на тэрыторыі ляснога фонду ажыццяўляецца бясплатна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў лясгас. Па заяўным прынцыпе на працягу двух дзён грамадзяніну будзе выпісаны лясны білет на пабочнае лесакарыстанне на працягу года.

– Ці можна нарыхтоўваць драўніну самастойна?

– Каб назапасіць драўніну для ўласных патрэбаў, грамадзяніну трэба звярнуцца ў любое лясніцтва. У кожным з іх яму дадуць на выбар не менш за 5 участкаў для ажыццяўлення лесакарыстання. Грамадзянін можа сам прапанаваць участак для правядзення абследавання для магчымай нарыхтоўкі драўніны. Калі на гэтай тэрыторыі не будзе выяўлена ніякіх забаронаў і абмежаванняў, то на працягу двух тыдняў робіцца адвод і таксацыя ўчастка.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga