Не ўвесь бярозавы сок аднолькава карысны.
Асабліва той, які здабыты няправільным чынам у неналежным месцы. Магчыма, людзі, якія парушаюць закон, не ведаюць аб яго патрабаваннях. Але няведанне, на жаль, не пазбаўляе ад адказнасці і штрафаў.
З прыходам цёплага надвор’я актывізавалася і дзейнасць па нарыхтоўцы драўнінных сокаў, а для Дзятлаўскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – добрая нагода праверыць у час чарговага рэйда з рэдакцыяй газеты “Перамога”, ці ўсё робіцца належным чынам.
Каб знайсці “зламыснікаў”, далёка ехаць не давялося. У аграгарадку Раклевічы па вуліцы Кастрычніцкай размяшчаецца цэлая плантацыя па нарыхтоўцы соку: пачынаецца пры дарозе і займае практычна ўвесь бярозавы гай на ўскрайку населенага пункта.
– Адразу можна адзначыць, што закон тут парушаецца, – заўважае начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі. – Згодна з заканадаўствам, нарыхтоўка драўнінных сокаў не дазволена як у прыдарожнай паласе, так і ўвогуле на тэрыторыі населенага пункта. Немалаважны і той факт, што сок пры дарозе, дзе ездзяць аўтамабілі, – не самы карысны для людзей.
– Дык збіраць сок можна толькі ў лесе? – пытаюся ў Дзмітрыя Георгіевіча.
– Можна і на сваім абгароджаным прысядзібным участку, калі там ёсць бярозы.
Пры бліжэйшым разглядзе высвятляецца, што самадзейныя нарыхтоўшчыкі парушылі не толькі месца, але і тэхналогію збору соку: калі па законе дапускаецца адтуліна ў дрэве дыяметрам не больш за сантыметр і глыбінёй – не больш за 3, то тут і “на вока” відаць, што дзірку ў бярозе зрабілі сантыметраў на пяць, не менш. Таксама няправільна абышліся з дрэвам пасля падсочкі.
– Пасля завяршэння збору соку з дрэва неабходна заткнуць адтуліну драўлянай пробкай і абмазаць глінай, каб спыніць падцяканне, – тлумачыць інспектар. – Як бачым, у дадзеным выпадку было зроблена толькі першае.
Першасныя пошукі парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства вынікаў не далі, расследаванне прадоўжыцца з удзелам старшыні Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандра Маркушэўскага. Аднак Дзмітрый Балькоўскі правёў тлумачальную гутарку з мясцовымі жыхарамі аб тым, як збіраць сок нельга. Таксама ён нагадаў пра сур’ёзную адказнасць за, здавалася б, нязначны праступак:
– На першы раз – папярэджанне, на другі – штраф: для фізічных асобаў – да 20 базавых велічыняў, для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 100, а для юрыдычных асобаў – да 500.
На жаль, сітуацыя, убачаная ў Раклевічах, распаўсюджана для ўсяго нашага раёна: дзе ні бяроза – побач з ёю поліэтыленавы мех. Па неабачлівасці або няведанні просты і смачны бярозавы сок для некага можа стаць залатым.
Але ёсць больш гуманны і танны спосаб запасціся бярозавікам – звярнуцца ў Дзятлаўскі лясгас або бліжэйшае лясніцтва, дзе вам дапамогуць яго набыць або пакажуць месца ў лесе для легальнага бясплатнага збору.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga