У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава адбылося пасяджэнне савета аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта з удзелам старшыні раённага савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча.
Цікава было азнаёміцца з выставай дасягненняў навучэнцаў і педагогаў, якая працавала ў фае.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская падвяла вынікі мінулагодняй работы і акрэсліла задачы на гэты год. Расказала, што ў 2022 годзе былі забяспечаны рэалізацыя мэтавых паказчыкаў і выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка” на 2021-2025 гады. У сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі зменены від 5 установаў. Ішла аптымізацыя, былі закрыты Міроўшчынскі дзіцячы сад, Раготнаўскі дзіцячы сад-базавая школа рэарганізаваны ў дзіцячы сад, таму цяпер раённая сетка прадстаўлена 23 установамі адукацыі. Для 426 навучэнцаў (14 % ад агульнай колькасці) наладжаны падвоз.
У дашкольнай адукацыі ладзіцца штомесячны аналіз колькасці свабодных месцаў па кожнай установе, інфармацыя размяшчаецца на сайтах, з 2023 года сумесна са службай “адно акно” пастаноўка дзяцей на ўлік адбываецца ў электроннай форме. Мэтавы раённы паказчык падпраграмы па ахопе дзяцей ад аднаго да шасці гадоў дашкольнай адукацыяй выкананы. Рэалізуюцца планы мерапрыемстваў па рэканструкцыі, капітальным рамонце садоў, забеспячэнні іх сучасным абсталяваннем, летась такое набыта для 4 установаў, у тым ліку 15 адзінак звыш плана за спонсарскія сродкі. Вынікова дзеці-дашкольнікі і іх педагогі ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава прызнаны лепшым у вобласці сярод установаў гарадскога тыпу па выніках работы ў 2022 годзе.
Аналіз вынікаў навучальнага года і выпускных экзаменаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі сведчыць аб стабільнасці і некаторым паляпшэнні: на 5-10 балаў навучальны год скончылі 78,7 % навучэнцаў, 192 – выдатнікі, з 233 выпускнікоў 9 класаў 21атрымаў атэстат з адзнакай, са 150 выпускнікоў 11 класаў залатымі медалямі адзначаны 20, па ЦТ па 8 прадметах балы вышэйшыя за абласныя, 68 % выпускнікоў III ступені адукацыі (+8 %) паступілі ў ВНУ. Прафесійнай і профільнай падрыхтоўкай ахоплены 100 % вучняў 10-11 класаў. У 2022 годзе палепшана выніковасць удзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, заваявана 5 прызавых месцаў (+2). Столькі ж – у абласной даследчай канферэнцыі “Крыштальная Альфа”.
Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай у раёне ахоплены 447 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 45 з якіх – дзеці-інваліды. Эфектыўна арганізавана інфармацыйна-метадычная работа з педагогамі, якія ладзяць з імі адукацыйны працэс.
Значная ўвага надавалася грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, прафілактыцы дэструктыўных праяваў, для павышэння эфектыўнасці гэтай работы выкарыстоўваліся інтэрактыўныя, інавацыйныя методыкі, практыка-арыентаваны падыход.
Расказала Марына Лашкоўская і аб рабоце па папярэджанні сацыяльнага сіроцтва, супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх, спынілася на бяспецы іх жыццядзейнасці, аздараўленні, занятках спортам, карысным баўленні вольнага часу, закранула ролю педагагічных калектываў і класных кіраўнікоў у гэтых працэсах, пагаварыла аб рабоце з кадрамі і неабходнасці павышэння працэнта замацавання маладых спецыялістаў.
Аб мінулагодняй рабоце ў сваіх калектывах трымалі справаздачу загадчыца дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава Алена Лазоўская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Соф’я Бомбер.
Падводзячы вынікі пасяджэння, Ігар Кухарэвіч адзначыў, што поспехі ўсіх установаў адукацыі нашага раёна паспрыялі таму, што мы аказаліся на 4 пазіцыі ў вобласці, аднак рэзервы для далейшага росту яшчэ ёсць.
Аляксандр Бараноўскі падзякаваў спецыялістам сістэмы адукацыі за работу і ўручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў. Былі падведзены і вынікі штогадовага раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстановаў па развіцці сістэмы адукацыі ў 2022 годзе.
Хвілінкі радасці і добрага настрою прысутным падарыла выступленне навучэнцаў раёна, якія сталі лепшымі на раённым этапе і выйшлі ў прызёры абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Скарбонка абласных узнагародаў дзятлаўчан папоўнілася трыма ІІ месцамі, якія занялі навучэнцы сярэдніх школ № 3 горада Дзятлава, Новаяльнянскай і Гезгалаўскай, гезгальцы таксама адзначаны дыпломам за ІІІ месца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga