Чым Дзятлаўшчына можа зацікавіць расійскіх партнёраў?

Важнае Улада

21-22 сакавіка Гродзеншчыну наведвае дэлегацыя Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі. 

Мэта візіту – развіццё міжрэгіянальных адносін у рамках плана мерапрыемстваў на 2020-2030 гады па рэалізацыі пагаднення паміж Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам і адміністрацыяй Курскай вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-гуманітарным супрацоўніцтве.

У рамках мерапрыемстваў з рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў член дэлегацыі, кіраўнік Абаянскага раёна Курскай вобласці Віталій Жылін.

Паколькі прыезд госця прыпаў на жалобную дату – 80-годдзе хатынскай трагедыі, то першым прыпынкам на маршруце стаў мемарыял у дзятлаўскім парку – брацкая магіла воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілы Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова. Разам з Віталіем Мікалаевічам каля Вечнага агню памяць воінаў і мірных ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі і ўсклалі кветкі да помніка старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі Вольга Жэлезоўская і Дзмітрый Баравік, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і спецыялісты камісарыята, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, супрацоўнікі міліцыі.

– Восем дзесяцігоддзяў таму фашысты спалілі вёску Хатынь, якая стала сімвалам ваеннай трагедыі ў Беларусі і той “ніткай памяці”, якая цягнецца з пакалення ў пакаленне, – адзначыў Генадзь Суравец. – Сімвалічна, што гэту трагічную падзею мы ўспамінаем каля магілаў Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі, каб мы жылі пад мірным небам.

За мірныя гады Беларусь адрадзілася і пабудавала высокаразвітую прамысловасць. Наша краіна, нягледзячы на складаную знешнепалітычную сітуацыю, прадаўжае развівацца і пашыраць партнёрскія сувязі, самыя трывалыя з іх наладжаны з Расійскай Федэрацыяй, аднак нарошчванне супрацоўніцтва прадаўжаецца. Як доказ таму Віталія Жыліна запрасілі наведаць вытворчыя цэхі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, пазнаёміцца з прадукцыяй прадпрыемства, вялікая доля якой ідзе на экспарт у Расію і Казахстан, а таксама яе прадэгусціраваць.

– Сярод самых папулярных – наш сыр “Chedder Gold”, які ўжо ацанілі і палюбілі пакупнікі. Пры магчымасці варта пакаштаваць “Чорнага манаха” з водарам грэцкага арэха, які бывае яшчэ з адтопленым малаком, пажытнікам, пачынаем яго выраб з лісічкамі. Асаблівасць сыру “Старая плошча” і мяккі смак надае дабаўленне казінага малака.  Цяпер усё больш у спажыўцоў павышаецца “мода” на “Parmezan”, у якога вытанчаны смак і доўгі тэрмін выспявання – да паўгода, таму ён адносіцца да дарагіх сыроў. Выпрацоўваем і вэнджаныя плаўленыя сыры, у ліку якіх – “Беларускі”. Пры вытворчасці прадукцыі застаецца шмат сыроваткі, яе таксама пускаем у справу, не толькі канцэнтруем на продаж, але і вырабляем мяккі дыетычны сыр “Ricotta”. Увогуле, цэнавы сегмент сырнай прадукцыі розны, наш пакупнік “галасуе рублём”, а мы імкнёмся адсочваць самую запатрабаваную прадукцыю і рабіць ухіл менавіта на яе выраб, – патлумачылі гасцям тэхнолаг філіяла Вікторыя Васько і начальнік аддзела збыту і забеспячэння Сяргей Самкоўскі.

Паспяховым сучасным канкурэнтным прадпрыемствам прыватнай формы ўласнасці з высокатэхналагічнай базай на Дзятлаўшчыне з’яўляецца ТАА “Ізакам”, якое вырабляе ПІ-трубы, палімерныя цеплатрасы для гарачага вода- і цеплазабеспячэння, сертыфікаванае, мае лабараторыі ў Дзятлаве, Маскве, Дрэздане. Амаль палова яго прадукцыі ідзе менавіта на расійскі рынак. Пастаянныя кліенты – Белгарад, Масква, Пецярбург, аднак фірма скіравана на пашырэнне геаграфіі сваіх паставак і візіт кіраўніка Абаянскага раёна Курскай вобласці тут чакалі. Спецыялісты прадпрыемства запрасілі Віталія Жыліна ў вытворчыя цэхі, расказалі яму пра работу, магчымасці і планы прадпрыемства.

Напрыканцы дзятлаўчане прапанавалі госцю даведацца яшчэ і пра аздараўленчую базу і турыстычны патэнцыял санаторыя “Радон”.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga