Як юнакі становяцца дапрызыўнікамі?

Галоўнае Грамадства

Як вядома, у нашай краіне грамадзяне мужчынскага полу ў год дасягнення 16-гадовага ўзросту належаць прыпісцы да прызыўнога ўчастка па месцы жыхарства.

Менавіта такія планавыя мерапрыемствы цяпер праходзяць у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна. Прыпіска ажыццяўляецца для першапачатковага прыёму юнакоў 2007 года нараджэння на воінскі ўлік, вызначэння іх катэгорыі годнасці да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве па стане здароўя.

На кожнага маладога чалавека нашага раёна, які належыць прыпісцы, спецыялісты ваенкамата афармляюць асабістую справу прызыўніка.

Камісія па прыпісцы на аснове вывучэння прадастаўленых дакументаў і праведзенай асабістай размовы, з улікам вынікаў медыцынскага асведчання прымае па кожным юнаку адно з наступных рашэнняў: аб яго годнасці да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве і папярэднім прызначэнні ў адпаведны від ці род войскаў Узброеных Сіл ці іншыя войскі і воінскія фарміраванні (аб папярэднім адборы на добраахвотнай аснове для накіравання ў ваенныя вучэбныя ўстановы); аб часовай нягоднасці да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве і неабходнасці медыцынскага лячэння (рэабілітацыі); аб неабходнасці медыцынскага абследавання (лячэння); аб нягоднасці да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве ў мірны час, абмежаванай годнасці да ваеннай службы ў ваенны час; аб нягоднасці да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве з выключэннем з воінскага ўліку; аб неабходнасці прадастаўлення дадатковых дакументаў; ці ўвогуле аб вызваленні ад прыпіскі.

Па заканчэнні прыпіскі юнакі атрымліваюць пасведчанні прызыўніка. Таксама ў рамках яе праводзяцца мерапрыемствы па ваенна-патрыятычным выхаванні, тлумачэнні заканадаўства ў частцы выканання грамадзянамі Рэспублікі Беларусь воінскага абавязку, расказваецца аб магчымасці паступлення ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і вышэйшыя навучальныя ўстановы на ваенныя факультэты.

Сваімі ўражаннямі аб праходжанні прыпіскі да прызыўнога ўчастка падзяліўся навучэнец сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Ягор Магера:

– Я ўпершыню прыйшоў у ваенны камісарыят для ажыццяўлення прыпіскі да прызыўнога ўчастка. На мяне завялі асабістую справу прызыўніка, паразмаўлялі. Затым я прайшоў агляд у прысутных тут спецыялістаў-медыкаў, што таксама нямала важна, бо хочацца ведаць, ці годны я, ці здаровы, каб аддаваць воінскі абавязак Радзіме. Напрыканцы мне ўручылі пасведчанне прызыўніка, а таксама расказалі, што праз два гады па дасягненні 18-годдзя варта рыхтавацца да прызыву ў армію, ці, як варыянт, выбраць магчымасць стаць афіцэрам пасля атрымання ваеннай адукацыі пры вышэйшых навучальных установах. Па выніках прыпіскі я ўпэўніўся, што па стане здароўя годны, у школе таксама вучуся паспяхова, значыць, пры жаданні, змагу атрымаць і пагоны афіцэра.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga