Служба – адказная, умовы – выдатныя

Грамадства Свежыя навіны

Мінуў год з таго часу, як да Дня ратаўніка раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях атрымаў падарунак – наваселле ў спецыяльна пабудаваным двухпавярховым будынку, які стаў візітнай карткай і ўпрыгажэннем райцэнтра.

Плошча пажарнага дэпо складае 1426 квадратных метраў, што ў 50 разоў больш за папярэднюю часць.

Будынак размясціўся на ўездзе ў райцэнтр, здалёк бачны дзятлаўчанам, гасцям горада і тым, хто праязджае міма па трасе. Ратаўнікам ад такой дыслакацыі таксама карысць: цяпер баявы выезд пажарнага падраздзялення займае лічаныя хвіліны. На першым паверсе знаходзіцца пажарная часць, а на другім – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, а таксама інспекцыя аддзела, якая раней знаходзілася ў асобным будынку. На ўнушальных памерах дваровай тэрыторыі з’явіліся спортгарадок, футбольная і валейбольная пляцоўка, што дазваляе ў цёплы перыяд займацца фізкультурай на вуліцы, непадалёку ратаўнікі пасадзілі пладовыя дрэвы. Тут жа для наведвальнікаў і супрацоўнікаў аддзела ёсць паркоўка на 19 месцаў.

Прасторны гараж для спецтэхнікі, зручныя кабінеты для работы і адпачынку,  пакой псіхалагічнай разгрузкі, вучэбны клас і нават трэніровачная вежа для адпрацоўкі нарматываў на вышыні, музейны куток – гэта далёка не ўсё цікавае, што можна пабачыць тут у час экскурсій, якія цяпер рэгулярна праводзяцца для школьнікаў раёна. Але галоўнае – у новым дэпо з’явіліся якасныя ўмовы працы, аб якіх раскажуць самі ратаўнікі.

Яўген Пранюк, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання:

– Я ў аддзеле больш за тры гады, магу параўнаць, якім было маё працоўнае месца тады і цяпер. Раней цэнтр аператыўнага кіравання размяшчаўся разам з каравульным памяшканнем, то сёння гэта прасторны абасоблены кабінет, дзе размяшчаецца ўсё неабходнае для работы абсталяванне – сродкі сувязі, камп’ютар, накапляльныя дакументы. Цэнтр аператыўнага кіравання – сэрца, вушы і вочы пажарнай часці. Нездарма нашы вокны выходзяць на выезд з гаража, адкуль адпраўляецца на заданне пажарная тэхніка, таксама сюды выведзены маніторы з камер відэаназірання, якія размешчаны на фасадзе будынка. Ёсць персанальныя шафы, пакой для адпачынку, дзе, згодна з распарадкам, мы можам адпачыць 4 гадзіны за суткі, пакуль “на пульце” працуе падменны дыспетчар.

Максім Гранкоўскі, майстар-ратаўнік:

– У новым будынку пажарнага дэпо ў нас ёсць усе ўмовы для нясення службы, навучання і адпачынку супрацоўнікаў. Гэта асобныя бытавыя памяшканні з індывідуальнымі шафамі для захоўвання вопраткі і асабістых рэчаў, баявога абмундзіравання, санвузлы, душавыя кабіны, пральная машына, памяшканні для абслугоўвання рукаўнай гаспадаркі. Мы яшчэ памятаем цеснае памяшканне, дзе былі двух’ярусныя ложкі “армейскага” тыпу, на змену якім прыйшоў прасторны пакой для адпачынку. Пакой для прыёму ежы – гэта паўнацэнная кухня з шафамі, бытавой тэхнікай і варачнай панэллю, дзе пры жаданні можна не толькі разагрэць, а і прыгатаваць абед. Пажарнае дэпо Дзятлаўскага РАНС – адно з нямногіх у вобласці, дзе ёсць пакой псіхалагічнай разгрузкі, дзе ў прадугледжаны для гэтага рэзервовы час можна адпачыць, пачытаць кнігу, пазнаёміцца з актуальнымі беларускімі навінамі, проста паназіраць за жывымі рыбкамі або паразмаўляць па тэлефоне з роднымі.

Аляксандр Журскі, вадзіцель:

– Працуецца добра, бо маем усе ўмовы для захоўвання і рэгулярнага абслугоўвання пажарнай тэхнікі. Гэта прасторны гараж з аглядавымі ямамі, склад запчастак, пункт тэхнічнага абслугоўвання са станкамі для рамонту. Усе некапітальныя рамонты мы выконваем самі, а калі неабходны больш глабальны падыход, яго вядуць нашы спецыялісты з абласнога цэнтра. У гаражы часці абавязкова захоўваецца не толькі асноўная тэхніка, але і рэзервовая на выпадак непрадбачаных сітуацый.

Сяргей Новік, інспектар пажарнага нагляду:

– Відавочна, што для нашай інспекцыі адбыліся найбольш істотныя перамены ва ўмовах працы. Найперш, па месцы дыслакацыі мы, нарэшце, далучыліся да ўсяго калектыву аддзела, гэта радуе. У арэндаваным памяшканні, дзе працавалі раней, часам было нязручна ў плане сумеснай работы, аператыўнага ўзгаднення і падпісання дакументаў. Ужо год мы працуем удвух з калегам у асобным кабінеце, дзе размяшчаюцца персанальныя камп’ютары, тэхніка для вядзення базы даных. Акрамя таго, у мінулым годзе атрымалі новы аператыўны аўтамабіль, які таксама выкарыстоўваем для работы, выездаў да месцаў надзвычайных сітуацый або для праверкі аб’ектаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga