4 кастрычніка 2022 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў указ № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, які накіраваны на стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця аграэкатурызму, паляпшэнне ўмоваў жыцця грамадзян у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах, удасканаленне сельскай інфраструктуры.
9 снежня 2022 года Саветам Міністраў прынята пастанова № 860, якой вызначаны меры па рэалізацыі вышэйазначанага ўказа кіраўніка дзяржавы. Пастанова ўступіла ў сілу 1 студзеня бягучага года. Ёй зацверджана Палажэнне аб парадку ажыццяўлення райвыканкамамі адміністрацыйнай працэдуры па прыняцці рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму.
Згодна з пунктам 13 указа суб’екты аграэкатурызму, якія ажыццяўляюць дзейнасць па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму, абавязаны ў тэрмін да 1 ліпеня 2023 года атрымаць рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму. Для гэтага, згодна з Палажэннем, пісьмовую заяву аб ажыццяўленні названай дзейнасці накіроўвае ў райвыканкам:
— па месцы знаходжання аграэкасядзібы – фізасоба, якая займаецца дзейнасцю па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму, вырабляе і (або) перапрацоўвае сельскагаспадарчую прадукцыю на зямельных участках, прадастаўленых у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аднакватэрнага або блакіраванага жылога дома, у тым ліку кватэры ў блакіраваным жылым доме (далей – жылы дом), або вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі;
– па месцы дзяржрэгістрацыі – сельскагаспадарчая арганізацыя, якая аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму на зямельных участках, прадастаўленых для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома або вядзення сельскай гаспадаркі.
Акрамя пісьмовых заяваў у райвыканкамы фізічныя асобы і сельскагаспадарчыя арганізацыі таксама прадастаўляюць у пісьмовай форме згоду ўласніка (уласнікаў) жылога дома на выкарыстанне яго для ажыццяўлення адпаведнай дзейнасці.
Палажэннем вызначаны:
— парадак дзеяння райвыканкамаў і раённых камісій для комплекснай аб’ектыўнай ацэнкі аграэкасядзібаў;
— якія дакументы і (або) звесткі райвыканкамы пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры запытваюць самастойна;
— падставы, па якіх райвыканкам адмаўляе ў прыняцці пісьмовай заявы суб’екта аграэкатурызму і ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры;
— выпадкі, калі райвыканкам прымае рашэнне аб спыненні дзейнасці суб’екта аграэкатурызму на тэрыторыі адпаведнай аграэкасядзібы.
Таксама пастановай № 860 устаноўлены тыпавыя формы дагавораў на аказанне:
— суб’ектам аграэкатурызму паслугаў аграэкатурыстам;
— паслугаў у сферы аграэкатурызму паміж суб’ектам аграэкатурызму і тураператарам.
Пастанова ўрада ад 29 чэрвеня 2006 года № 818 “Аб зацвярджэнні тыпавога дагавора на аказанне паслугаў у сферы аграэкатурызму” прызнаецца страціўшай сілу.
Наталля КАЛОДКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga