Хрыстаславы спяваюць – Бога праслаўляюць (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

“Слава ў вышніх Богу, і на Зямлі мір, сярод людзей – спрыянне” – гэтымі словамі воінства нябеснае славіць нараджэнне Хрыста, з іх пачынаецца вялікае славаслоўе Каляднага распевў.

У нашым раёне мілагучныя святочныя напевы зноў прагучалі ў выкананні ўдзельнікаў штогадовага праваслаўнага раённага фестывалю “Хрыстаславы-2023”, які 13 студзеня сабраў гасцей у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава.

– Зноў наша Святая Царква сустракае на зямлі спрадвечнага Бога, які, нарадзіўшыся ў Віфлееме ад прачыстай Дзевы Марыі, стаў чалавекам, – звярнуўся да прысутных ад імя духавенства раёна благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. – Хрыстос стаў падобны людзям ва ўсім, акрамя граху, і адбылося гэта дзеля выратавання рода чалавечага. Гасподзь прыйшоў у свет, каб вызваліць нас ад улады д’ябла і даць магчымасць увайсці ў Царства нябеснае. Усведамляючы значнасць свята Нараджэння Хрыстовага, нашы сэрцы напаўняюцца радасцю і любоўю, якімі мы шчодра дзелімся з усімі навакольнымі, праслаўляючы народжанага Боганемаўля Хрыста. Мы сабраліся тут менавіта дзеля гэтага. У святыя святочныя дні жадаю вам усяго і шмат, але найбольш – выратавання душы, моцы душэўных і цялесных сілаў, бадзёрасці духу, радасці і божай дапамогі ў працы зямной, няхай свет віфлеемскай зоркі асвячае дарогу, па якой кожны з нас ідзе ў Царства Нябеснае.

Айцец Іаан прапанаваў увазе дзяцей і дарослых святочны відэазварот свяцейшага патрыярха Кірыла – духоўнага айца і настаўніка праваслаўнага хрысціянства, у якім Уладыка патлумачыў значэнне светлага свята Нараджэння Хрыстовага, расказаў, кім для нас з’яўляецца Хрыстос, як яго славіць, якой павінна быць сапраўдная вера чалавека.

Удзельнікаў раённага каляднага фестывалю павітала і намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка:

– Віншую усіх з Нараджэннем Хрыстовым. Вельмі рада прысутнічаць на такім цудоўным мерапрыемстве і бачыць тут вялікую колькасць удзельнікаў, якія прыйшлі славіць Бога. Жадаю, каб мы і надалей неслі ў жыццё святло радаснага светаўспрымання і грэлі людскія сэрцы сваім добрым словам, думкамі і верай хрысціянскай. Удзельнікам фестывалю жадаю божай дапамогі пры выступленнях і ва ўсіх добрых справах. Са святам!

Свята сапраўды атрымалася па-дамашняму цёплым, звонкім ад дзіцячых галасоў на сцэне і светлым ад той радаснай атмасферы, якая панавала ў зале. Кожная песня, кожная калядная пастаноўка з зоркамі і анёламі, несла гледачам светлую вестку аб нараджэнні Хрыстовым, запальваючы ў сэрцах агеньчыкі надзеі і любові.

– Вы сёння, падобна анёлам, абвясцілі нам аб нараджэнні Ісуса Хрыста, – звярнуўся да школьнікаў напрыканцы фестывалю іерэй Іаан Кісель. – Усе 11 каманд выступілі дастойна і на высокім узроўні, а таму ўсе адзначаны дыпломамі раённага фестывалю “Хрыстаславы-2023”  і салодкімі прызамі.

Айцец Іаан і Алена Жадзейка ўручылі прадстаўнікам каманд узнагароды і падзякавалі гаспадарам “пляцоўкі” – навучэнцам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, іх педагогам і музычнаму кіраўніку Валянціну Палухіну за змястоўную праграму і песенныя віншаванні.