Трагедыя сям’і Івана Павачкі з вёскі Вялікая Воля

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пра страшную трагедыю, якая напаткала нашых землякоў, жыхароў вёсак Вялікая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Трахімавічы, Малая Воля, Гарадкі, Пушча Ліпічанская на пачатку зімы 1942 года, ведаюць усе дзятлаўчыне.

У фондах музея засталіся успаміны тых, хто выжыў. Сярод іх – успаміны Івана Павачкі. Ён расказвае пра расстрэл жыхароў Вялікай Волі і сваё выратаванне.

Велікавольцаў сабралі на  плошчы каля царквы, а потым павялі на месца расстрэлу. Сям’я Івана Павачкі крочыла ў хвасце калоны.

Калі наблізіліся да шашы, калоне загадалі спыніцца. Велікавольцаў пачалі дзяліць на дзве групы.

Аддзяліўшы чалавек сто пяцьдзясят ад калоны, карнікі загадалі ім стаяць на месцы, а астатніх павялі далей. Як толькі калона схавалася за паваротам, групу велікавольцаў, у якой аказаўся і Павачка ў акружэнні карнікаў, павялі праз шашу ў густы хмызняк. Вяскоўцаў падвялі да гары, якую яны называлі Высокія Могліцы. Людзей агарнуў жах. Каля гары былі ўстаноўлены фашысцкія кулямёты.

Маці са слязамі пачалі развітвацца са сваімі дзецьмі. Яны прыціскалі маленькія жывыя камячкі да грудзей, цалавалі пахаладзелыя тварыкі. Крык жанчын разносіўся над Шчарай.

3 даўніх часоў ля Высокіх Могліц бралі пясок на будаўніцтва дарог. Тут утварылася вялікая ўпадзіна, на якой параслі маладыя бярозкі і сосны. Людзей пачалі зганяць у гэту ўпадзіну і класці ніц адзін да аднаго…

Іван Павачка са сваёй сям’ёй ляжаў на краі ўпадзіны. Пад левай рукой, бліжэй да сэрца, трымаў сямігадовага сына Міхаську. Справа тварам да зямлі ляжала яго жонка Сцепаніда. Да маці прытулілася дзяўчынка Ніна. Два дні таму ёй споўнілася тры гадкі. Велікавольцы чакалі стрэлаў, хацелі, каб хутчэй скончыліся іх пакуты, а ворагі наўмысна не спяшаліся.

– Перш чым пачуць стрэлы, – успамінае Іван Восіпавіч, – я адчуў, што мне апякло пальцы на левай руцэ. Спачатку не зразумеў, што такое. Затым чакаю новых стрэлаў, а іх няма і няма. Кругом стогнуць людзі. Раптам чую: “Ой, татка, мне ў галоўцы баліць”. Гэта ледзь чутна прамовіў мой паранены сынок. Толькі я паспеў сказаць: “Цярпі, Міхаська, зараз перастане балець”, – як ударыла новая чарга. I зноў кулі мінулі мяне. Зноў перадсмяротныя крыкі людзей пранесліся над Шчарай. Тут я хацеў паварушыцца, каб глянуць на сыночка, але здранцвелае цела не слухалася. Тады я паклікаў: “Міхаська, ты жывы?”. Хлопчык маўчаў. Левы бок пачало заліваць ліпкае цяпло. Гэта была кроў Міхаські.

Прагучала трэцяя чарга. Куля рванула паясніцу. У гарачцы я павярнуўся на бок і я ўбачыў, як б’ецца аб зямлю жонка. Побач з ёю, закінуўшы ўгору акрываўлены тварык, ляжыць дзяўчынка. Я памкнуўся да іх, але новы страшэнны боль у правай назе стрымаў на месцы. Нейкі час я яшчэ чуў стогны людзей, чуў асобныя стрэлы, якімі карнікі дабівалі тых, хто ў смяротнай агоніі ўзнімаўся на ногі. Затым для мяне наступіла ноч, я нібыта праваліўся ў цёмную бездань. Больш нічога не чуў. Не чуў, як секла чалавечыя целы апошняя чарга, як вылюдкі дабівалі дзяцей, якіх маці захінулі ад першых куль пад сваімі сэрцамі. Цяпер я ўспамінаю, што першай чаргой з кулямёта фашысты білі па галовах людзей, другой па грудзях, трэцяй – па спінах. I тут у іх была свая сістэма.

Прыйшоў да сябе, калі стала дужа горача,не хапала паветра, задыхаўся. Адразу ніяк не мог зразумець, дзе знаходжуся, што са мной сталася. Затым у галаве пачалі ўсплываць жудасныя малюнкі расправы. Няўжо жывы? Не веру сабе. Але што так цісне на мяне зверху? Паварушыўся, паспрабаваў прыўзняцца. За каўнер пасыпалася зямля, у галаву шыбануў свежы струмень паветра. Дыхаць стала лягчэй. Яшчэ раз сабраў сілы, прыўзняўся мацней і расхінуў над сабой зямлю. Перадыхнуўшы, стаў выбірацца з магілы. Была ноч. Прыслухаўся –  нідзе нікога. Начное паветра асвяжыла памяць. Тут я да канца зразумеў, што адбылося са мной і маімі вяскоўцамі.

Колькі часу мне давялося прабыць пад зямлёй,не памятаю. Калі выбіраўся з ямы, то здзівіўся. Ноч, а зямля белая. Памацаў рукамі – снег! Нясцерпна пякло ў грудзях. Тварам  лег на снег і з прагнасцю пачаў есці. Пачынала світаць. Трэба было хутчэй уцякаць ад месца забойства. Мне здавалася, што карнікі абавязкова дагоняць і даб’юць. Намагаючыся з апошніх сіл, я поўз па пульхным снезе наперад у Казённы лес. Думкі аб дзецях, якіх ужо няма, надавалі мне сілы. На злосць ворагам я вырашыў абавязкова выратавацца, выжыць, не здавацца смерці.

Iван Павачка не здаўся. Трое сутак прабыў ён у лесе – паранены, знясілены холадам і голадам. Толькі на чацвёртыя суткі дабраўся да вёскі Капці. Дачакаўшыся прыцемку, ён, ледзь жывы, увалокся ў хату Адама Куршука. Там яго абагрэлі, перавязалі раны, накармілі, паклалі на ложак.

На другі дзень Адам па просьбе Павачкі пераправіў яго да Віктара Касача, які даводзіўся Івану Восіпавічу сваяком. Там ён прабыў шэсць дзён. Крыху ачуняўшы, падаўся ў вёску Заяварка да Фамы Халопіка. Па суседстве з Фамой жыў Аляксей Копаць, які некалі служыў у польскай арміі санітарам. Ён і лячыў Івана Восіпавіча аж да вяртання партызан.

Восемдзясят год мінула з той пары, а памяць пра страшную трагедыю жыве, бо не можа, не мае права адысці ў нябыт тое, што перажылі нашы землякі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея



Теги: