Дзятлаўшчына маладая. Які старт у прафесію – такая і кар’ера

Важнае Улада

Традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі адбылася на Дзятлаўшчыне.

Удзел у ёй прынялі 40 маладых работнікаў, якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць у арганізацыях, гаспадарках, на прадпрыемствах раёна. Даведацца аб іх патрэбах, расказаць пра раён, магчымасці прафесійнага росту, грамадскай дзейнасці, адпачынку прыйшлі намеснікі старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, Дзмітрый Баравік, Вольга Жэлезоўская, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама і ўстановаў Дзятлаўшчыны.

Кароткая відэастужка стала для прысутных своеасаблівым віртуальным экскурсам па Дзятлаўшчыне.

Маладых спецыялістаў павітаў і павіншаваў са стартам у прафесію Ігар Кухарэвіч.

– На сустрэчы вы можаце абазначыць праблемы, якія вас цікавяць, задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць на іх адказы ад кампетэнтных спецыялістаў, – падкрэсліў ён.

Ігар Станіслававіч больш падрабязна расказаў пра асаблівасці нашага раёна, спецыялізацыю прадпрыемстваў, работу сельскай гаспадаркі, і што поспехі ў эканоміцы спрыяюць развіццю сацыяльнай сферы. Напрыклад, цяпер ажыццяўляецца капітальны рамонт 4 паверха цэнтральнай раённай бальніцы, плануецца набыць аўтобус для падвозу школьнікаў, машыну хуткай дапамогі. Спыніўся таксама на поспехах хакеістаў раённай каманды “Алмаз” – неаднаразовых пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба”, геаграфіі раёна, яго турыстычнай і аздараўленчай прывабнасці, закрануў праблему захавання гістарычнай спадчыны. Заклікаў маладых спецыялістаў быць актыўнымі, не саромецца звяртацца па парады да старэйшых калегаў, не баяцца задаваць пытанні, тады будзе і прафесійны рост. Як станоўчы прыклад, у гэтым плане назваў маладую грамадскую актывістку цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыю Тыць.

Кіраўніцтва раёна імкнецца стварыць умовы для маладых спецыялістаў, каб першае рабочае месца стала пастаянным. Якія спрыяльныя магчымасці ёсць на Дзятлаўшчыне з улікам вынікаў папярэдняга анкетавання маладых работнікаў, расказалі і іншыя выступоўцы.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч патлумачыў, як фарміруецца раённы рэестр кадраў, якія патрабаванні прад’яўляюцца да тых, хто ўвайшоў у яго састаў, прывёў прыклады маладых кіраўнікоў, якія нядаўна заступілі на свае пасады і падкрэсліў, што ў невялікіх раёнах больш магчымасцяў стаць паспяховымі.

Спецыяліст ЦБП № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Дзятлава Галіна Юргелевіч вяла размову аб выгодах і магчымасцях ільготнага крэдытавання.

Перспектывы будаўніцтва, набыцця і арэнды жылля акрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

З турыстычным патэнцыялам, распрацаванымі маршрутамі і рознымі відамі турыстычных паслугаў, якімі можна скарыстацца на Дзятлаўшчыне, прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Больш падрабязна на магчымасцях заняткаў спортам і фізкультурай у вольны час спыніўся загадчык сектара Дзмітрый Ёда, раскрыў патэнцыял спартыўнай базы раёна, якая налічвае 108 аб’ектаў.

Інфармацыяй, як цікава і карысна бавіць вольны час у якасці валанцёраў, стаць удзельнікамі моладзевых акцый, праектаў і мерапрыемстваў, захаваць гістарычную памяць, далучыцца да працоўных конкурсаў, развіваць творчыя здольнасці, удзельнічаць у справах ГА “БРСМ”, падзялілася першы сакратар раённага камітэта гэтага моладзевага аб’яднання Кацярына Хілімончык.

Пра сваю работу і ўласны прыклад прафесійнага і грамадскага росту расказала маладая доктар-педыятр Дзятлаўскай ЦРБ, старшыня прафсаюзнай пярвічкі медустановы, дэпутат моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, дэлегат моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь другога склікання Вікторыя Тыць. Яна пажадала маладым работнікам таксама верыць у свае сілы, быць ініцыятыўнымі, не спрыняцца на шляху да мэты.

Напрыканцы сустрэчы моладзь запрасілі на экскурсію, прысвечаную Году гістарычнай памяці і 80-годдзю трагедыі спаленых вёсак раёна у музей “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” гімназіі № 1 і Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: