Тэмы арганізацыі бяспекі ў складаных умовах пры снегападзе і галаледзіцы, інвестыцыйных праектаў наступнага года, акцыі “Нашы дзеці”, вакцынацыі ад каранавірусу і грыпу і іншыя гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Багаты снежань на снег
Камунальныя і дарожныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Як адзначыў старшыня райвыканкама, для ліквідацыі наступстваў моцнага снегападу мінулых выхадных задзейнічана максімальная колькасць спецыялізаванай тэхнікі, у тым ліку з арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна.
– Задачай калі не нумар адзін, то блізкай да гэтага для ўсіх суб’ектаў гаспадарання на бліжэйшы час павінна стаць уборка сваіх тэрыторый ад снегу і наледзі. Пераканаўча заклікаю дзятлаўчан быць максімальна ўважлівымі і акуратнымі на вуліцах і тратуарах, не забываць пра флікеры ў цёмны час сутак, вадзіцеляў – выконваць хуткасны рэжым і дыстанцыю. Не пакідайце машыны на праезнай частцы, каб спецтэхніка магла якасна і ў поўным аб’ёме правесці ачыстку ад снегу да цвёрдага пакрыцця. Усім адказным службам загад – правесці праверку плоскасных збудаванняў і ачысціць іх ад снегу, тэрмінова ўбраць паваленыя дрэвы, а таксама якія небяспечна нахіліліся ад снегу над праезнай часткай, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Таксама кіраўнік раёна запрасіў усіх жыхароў Дзятлаўшчыны далучыцца да ўборкі снегу ў сваіх дварах, у тым ліку на прыдамавых тэрыторыях шматпавярховак, асабліва на парковачных месцах.
Пелетнае цяпло
Лесагаспадарчыя пытанні абмеркавалі ў час нарады. Дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко расказаў пра магчымасці эканоміі паліўных і фінансавых рэсурсаў за кошт пераводу катлоў, якія працуюць на дровах, на пелетныя. Прычым перарабляць кацёл пры гэтым не трэба, а толькі набыць для яго спецыяльную прыстаўку. Аказваецца, 40 % дроўных катлоў нашага лясгаса ўжо працуюць на “новым відзе паліва”. Дзятлаўчане, ды і ўвогуле беларусы, мала што ведаюць пра ацяпленне пелетамі.
Між тым у нашай краіне ў апошнія гады асноўная стаўка робіцца на адходы дрэваапрацоўкі, якія вельмі падыходзяць для вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі. Дранка, пелеты, драўняныя брыкеты – усё гэта ўжо называюць палівам XXI стагоддзя. З-за эканамічнасці і экалагічнасці. Катлы, для якіх выкарыстоўваецца дранка, на тэрыторыі раёна ёсць даўно, а вось з выкарыстаннем пелетаў – першае знаёмства. Выслухаўшы ўсе “за” і “супраць” старшыня райвыканкама даў даручэнне свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку прааналізаваць магчымасць і эканамічны складальнік такога пераабсталявання некаторых ацяпляльных сістэм.
Падарункі ў дзіцячыя садкі
У час нарады старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі расказаў, што ў гэтым годзе абласны дэпутацкі корпус выступіў з ініцыятывай заклікаць спонсараў і шэфскія структуры аказаць напярэдадні навагодніх святаў дапамогу дашкольным навучальным установам. Арганізацыям і прадпрыемствам прапануецца набыць неабходны для дзіцячых садоў інвентар, гульнявыя прыналежнасці і ўручыць у час акцыі “Нашы дзеці”, якая пройдзе з 15 снежня 2022 года па 15 студзеня 2023 года.
У сваю чаргу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і іншыя ўдзельнікі нарады падтрымалі гэту ідэю.
– Штогод на Дзятлаўшчыне з боку ўлады, грамадскіх аб’яднанняў у час навагодніх урачыстасцяў шмат увагі надаецца шматдзетным, маламаёмным сем’ям, дзецям-наведвальнікам сацыяльных спецструктур, адоранай моладзі раёна. Сапраўды, чаму б нашым прадпрыемствам не парадаваць малечу ў дзіцячых садах, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.
Іншыя тэмы коратка
Па выніках даследчых работ спецыялістаў Белдзяржуніверсітэта на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна выяўлена 37 новых чырванакніжных раслін і 6 біятопаў.
****
У 2023 годзе плануецца правядзенне ачысткі возера ў гарпасёлку Казлоўшчына. Цяпер ідзе распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на правядзенне работ.
****
На бягучым тыдні на Дзятлаўшчыне пройдуць памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-й гадавіны трагедыі спаленых вёсак раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У пятніцу фіналам акцыі стануць жалобныя мітынгі па ўсім раёне з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і прадпрыемстваў, святароў, школьнікаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga