Цяпло патрэбна камісіі ці работнікам гаспадаркі?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Як людзям працаваць, калі на вуліцы “мінус” 4, а ў будынку “плюс” 6?

Усё таму, што інспектараў не чакалі, абагрэць памяшканне не паспелі… З маніторынгам бытавых умоваў і тэмпературнага рэжыму ў рамонтных майстэрнях сельгаспрадпрыемствы раёна наведалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі і карэспандэнт газеты “Перамога”. Найперш цікавілі “штрафнікі”.

– Некаторыя сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна перайшлі на рэжым работы без абедзеннага перапынку, – расказаў Уладзімір Казак. – Таму на кожным рабочым месцы ў людзей павінна быць магчымасць зрабіць паўзу, папіць чаю або разагрэць ежу, калі неабходна, прыняць душ на рабоце. Для гэтага на аб’ектах рамонту створаны і павінны выконвацца графікі рэгламентаваных перапынкаў: 10-15 хвілін кожную гадзіну. Гэта правіла адносіцца да тых працоўных месцаў, дзе тэмпература паветра складае менш за патрабаванне аховы працы, гэта 12-18 градусаў цяпла.

Маніторынгі пачаліся з надыходам халоднага надвор’я ў сярэдзіне лістапада і праходзяць некалькі разоў на тыдзень у розных сельгаспрадпрыемствах раёна. Камісія правярае тэмпературу паветра ў зоне рамонту і падсобных памяшканнях, уладкаванне бытавых пакояў, наяўнасць медыцынскіх аптэчак, а таксама бытавой тэхнікі, посуду для наладжвання гарачага харчавання.

З пачатку маніторынгу камісія наведала ўсе сельскагаспадарчыя аб’екты, некаторыя не адзін раз. У большасці рамонтных майстэрняў раёна падтрымліваецца спрыяльны тэмпературны рэжым, ёсць гарачая вада.

Інспектары адзначылі, што амаль ва ўсіх гаспадарках раёна створаны добрыя ўмовы працы. Наведалі і КСУП “Жукоўшчына”, дзе няма да чаго “прыдрацца” па ўсіх пазіцыях.  Аднак застаюцца і тыя, хто шкадуе цяпла для работнікаў, “бо праверка не прыехала”.

– Пытанні ўзніклі ў дачыненні да рамонтных майстэрняў “Вензавец” ТАА “РоданАграПол” і ААТ “Дварэц-Агра”, – расказвае Уладзімір Фёдаравіч. – Што тычыцца першых, цяпло ёсць у  санітарна-бытавых памяшканнях і дыспетчарскай, але ў рамонтнай зоне тэмпература не адпавядае норме. Прычына таму – выхад са строю электрарухавіка катла ацяплення. Як мы ўбачылі, новы рухавік манціруецца, нас запэўнілі, што сёння-заўтра ацяпленне будзе адноўлена.

Істотна горш сітуацыя складваецца ў Дварцы, дзе камісія ўжо трэці раз наведвае рамонтны ўчастак. Ёсць зрухі да лепшага: у лакальным рэжыме ацяпляюцца дыспетчарская, клас аховы працы, такарная і слясарная майстэрні. Тэмпература ў зоне рамонту не мінусавая, як на вуліцы, бо кацёл усё ж запалілі, хоць, відаць нядаўна, бо яшчэ не паспеў прагрэцца належным чынам, але далёкая да неабходнай.

Прычына ў жорсткай эканоміі або нечым іншым? Які б ні быў матыў, работнікі мерзнуць не павінны. Тым не менш, у гаспадарцы паабяцалі знайсці рэсурс і выправіць сітуацыю. А інспектары ў сваю чаргу далі абяцанне бываць тут часцей. “Перамога” таксама будзе.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga