Гастранамічны турызм. Чым прывабіць гасцей?

Важнае Спорт і турызм

Тэму гастранамічнага турызму як фактара развіцця турызму на Дзятлаўшчыне абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у гісторыка-краязнаўчым музеі і сабраў прадстаўнікоў сфераў спорту і турызму, культуры, дадатковай адукацыі, аб’ектаў харчавання, суб’ектаў аграэкатурызму.

Медыятарам сустрэчы выступіла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Яна расказала аб вопыце развіцця гастранамічнага турызму ў Беларусі. Патлумачыла, што ацэньваецца ён па трох крытэрыях: колькасць аб’ектаў харчавання, што спецыялізуюцца на нацыянальнай кухні, забяспечанасць насельніцтва месцамі ў іх і колькасць падзейных мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю гастранамічнай спадчыны рэгіёна. На Дзятлаўшчыне, напрыклад, паспрабаваць беларускія стравы можна ў рэстаране “Ліпічанка” райцэнтра і новаяльнянскім “Сосны”. Ва ўдзельнікаў раённых святаў таксама ёсць такая магчымасць: гастранамічная намінацыя сёлета з’явілася на фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, прысутнічае яна і на іншых раённых мерапрыемствах, традыцыйнымі з’яўляюцца святы хлеба, бульбы, яблыкаў. Увогуле, у аснове гастранамічнага турызму ляжыць ідэя адраджэння і прапаганды беларускай кухні, яе гісторыі, выкарыстанне гэтага вопыту ў сферы аграэкатурызму, грамадскага харчавання, на іншых суб’ектах турыстычнай інфраструктуры. У такім кірунку мяркуецца працаваць і далей. У раёне ўжо створаны турыстычны маршрут “Ад цара да самавара”, вялікую цікавасць уяўляюць рэгіянальныя аб’екты нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Больш падрабязна пра іх расказала метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч. Так, у 2009 годзе статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны першым на Гродзеншчыне быў прысвоены абраду “Юр’е” вёскі Ахонава. Сёлета ў маі статус гісторыка-культурнай спадчыны атрымалі яшчэ і дзятлаўскія дранікі. Іх ужо рэкламавалі на абласных фестывалях “Панямоння жыватворная крыніца” і нацыянальных культур у Гродне, дзятлаўскім “Зецельскім фэсце”, раённым фестывалі фальклору. А на Купаллі ў Александрыі была прадстаўлена гульнявая праграма “Юр’еўскія забавы” народнага тэатра студыі гульні “Суседзі”, усе праграмы якога складзены на мясцовым матэрыяле, сярод больш вядомых каляндарныя – “Ішла Каляда калядуючы”, “Валачобнікі”, ёсць цікавінкі, якія можна прапаноўваць аграсядзібам.

Ад народных традыцый плаўна перайшлі да асаблівасцяў нацыянальнай кухні, што засталася ў спадчыну ад славутых мясцовых родаў Стравінскіх і Завішаў. Па выніках пошукавай работы старшага навуковага супрацоўніка музея Алены Абрамчык, папулярным у тагачаснай шляхты было паляванне, таму засталося нямала рэцэптаў страваў з мяса і дзічыны, розных соусаў, поліўкаў, напояў. Прыёмы ў гонар высокіх гасцей доўжыліся па некалькі дзён, пра што Кшыштаф Завіша ў сваіх мемуарах пісаў: “Ліха гулялі мы, жартавалі, пілі бязмерна, танцавалі да ўпаду і болю ў нагах”.

Наталля Калодка анансавала, што ў раёне распрацоўваецца новы турыстычны маршрут “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя” з выкарыстаннем гістарычных нарысаў Георгія Роя. Вёскі Накрышкі і Міроўшчына – гэта ўладанні роду Стравінскіх, Раготна – роду Завішаў. Супрацоўнікам музея ў гэтым кірунку прапанавана рэалізаваць міні-праект “Жыццё продкаў праз адкрыццё свету беларускай кухні” і аказаць садзейнічанне філіялу спажыўтаварыства ў падборы страваў нацыянальнай кухні з выкарыстаннем гістарычных кулінарных зборнікаў.

Вядучы інжынер-тэхнолаг Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вольга Ганчар патлумачыла, як фарміруецца беларускае меню ў аб’ектах філіяла, якія ладзяцца акцыі, якім чынам пакупнікоў і турыстаў можна далучаць да культуры нашай краіны праз нацыянальную кухню. Напрыклад, Белкаапсаюзам распрацаваны два зборнікі “Стравы нацыянальнай кухні”, якія ўключаюць самы шырокі іх асартымент ад гарачага і закусак да напояў, ёсць магчымасць распрацоўкі ўласнай тэхналагічнай карты. Сярод паслугаў філіяла, якія можна выкарыстоўваць і ў фармаце нацыянальнай кухні, – заказ сямейных урачыстасцяў і страваў на вынас. Удзельнікі круглага стала прапанавалі аб’ектам харчавання спажыўкааперацыі ў гэтым плане разгледзець магчымасць правядзення кулінарных акцый накшталт “Хіты беларускай кухні”, сямейных вечароў з выкарыстаннем “бабуліных страваў”, фальклорных вечарынаў з элементамі нацыянальнай абрадавай культуры і адпаведнымі пачастункамі, а пры магчымасці – выкарыстоўваць у меню старажытнабеларускія рэцэпты і тыя, што засталіся ад мясцовых дваранскіх родаў.

Аб ролі навучэнцаў установаў адукацыі ў пошукава-даследчай дзейнасці па вывучэнні рэгіянальнай кухні паразважала загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага, ваенна-патрыятычнага профілю Наталля Бойка. Расказала, што шосты школьны дзень збіраюцца шырока выкарыстоўваць для кулінарных квэстаў, экскурсій, даследаванняў гісторыі мясцовай беларускай кухні праз народна-абрадавы каляндар, літаратурныя творы і фальклор, а вынікам вывучэння школьнікамі гастранамічнай спадчыны нашага раёна павінна стаць стварэнне кулінарна-гастранамічнай энцыклапедыі Дзятлаўшчыны. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі, каб навучэнцы ўключыліся яшчэ і ў распрацоўку дызайна бланка меню для рэстарана “Ліпічанка” з улікам гастранамічных традыцый рэгіёна, паглыбіліся ў вывучэнне кухні знакамітых шляхецкіх родаў Дзятлаўшчыны – Радзівілаў, Сапегаў, Стравінскіх, Завішаў.

Гаспадыня аграсядзібы “Каля Дуба” Жанна Калпінская падзялілася вопытам выкарыстання нацыянальнага элемента пры папулярызацыі паслугаў аграэкасядзібы, адзначыла, што па выніках даследаванняў і вывучэння традыцый старажытнай кухні нашай мясцовасці ў далейшым таксама можна будзе ўкараняць майстар-класы і новыя паслугі.

Напрыканцы сустрэчы Наталля Калодка заклікала ўдзельнікаў круглага стала задумацца аб магчымасці стварэння на Дзятлаўшчыне турысцкага кластара, абавязковым элементам якога будзе гастранамічны складальнік, звязаны з родам Стравінскіх, а таксама расказала, што ў лістападзе на базе нашага раёна пройдзе рэспубліканскі семінар тураператараў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga