Зернейка да зернейка – у агульны каравай. У ААТ “Граніт-Агра” працуе студатрад

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Жніво ў разгары.

У нашай рэспубліцы на розных участках нарыхтоўкі ўраджаю-2022 задзейнічаны і дарослыя, і моладзь.

Добрай шматгадовай традыцыяй для ААТ “Граніт-Агра” стала запрашаць у самую “гарачую” для аграрыяў пару на дапамогу гаспадарцы байцоў студатрада. Вось і цяпер збіраць у засекі зерне тут дапамагае самы вялікі на Дзятлаўшчыне моладзевы сельскагаспадарчы атрад БРСМ з 29 юнакоў і дзяўчат, большасць з якіх – студэнты.

З нагоды Дня беларускіх студатрадаў на збожжасклад у аграгарадок Круцілавічы завітала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. У рамках свята моладзевы лідар уручыла салодкія падарункі ад аб’яднання студатрадаўцам, якія задзейнічаны на мясцовым зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 і Падзяку раённага камітэта ГА “БРСМ” за плённае супрацоўніцтва ў час моладзевага працоўнага семестра для дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Станіслава Мазура. Кацярына Уладзіміраўна пажадала сельгаспрадпрыемству і яго работнікам багатага намалоту, поспехаў і спрыяльнага надвор’я, моладзі – стараннай работы і бадзёрасці духу.

Як расказала загадчыца склада аграгарадка Круцілавічы Вольга Нагорная, на сушцы зерня тут задзейнічаны 12 студатрадаўцаў, пераважна жыхароў Наваельні і Круцілавічаў, якія працуюць у дзве змены. Працуе моладзь зладжана і старанна, добра дапамагае хлебаробам, хоць работа цяпер даволі напружаная: за дзень з палеткаў паступае па 400-500 тон збажыны, таму расслабляцца студатрадаўцам няма калі, даводзіцца і шуфелямі папрацаваць, і венікамі. Тым не менш, юнакоў і дзяўчат не палохаюць “залатыя горы”, многія з іх у атрадзе ўжо не першы сезон, аднак не адстаюць ад бывалых і навічкі, усе працуюць з ахвотай і задавальненнем. Магчыма, “хлебная справа” зацікавіць каго-небудзь з іх і з цягам часу “перарасце” ў справу жыцця.

Ці ёсць такія планы на будучыню, мы даведаліся ў саміх студатрадаўцаў.

– Так, я аматар менавіта сельскай прафесіі, – зазначае выпускнік 9 класа Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ілья Хатчанка, які сёлета ўжо падаў дакументы ў Навагрудскі аграрны каледж. – У якасці будучай спецыяльнасці для сябе я выбраў “трактарыст, вадзіцель катэгорыі “С”, дарожны рабочы”. Мяркую пасля заканчэння вучобы пайсці працаваць менавіта механізатарам у гаспадарку. А пакуль вырашыў зарабіць грошай, бо яны ж спатрэбяцца для самастойнага жыцця. Хоць у студатрадзе я ўпершыню, мне тут падабаецца, ды і кампанія падабралася дружная, працавітая і вясёлая.

Дзяўчат ў гранітаўскім студатрадзе ў Круцілавічах менш, чым юнакоў, але яны не саступаюць ім у старанні. Бадзёра мяце зерне шчоткай Кацярына Казлоўская, якая таксама згадзілася падзяліцца сваімі ўражаннямі ад студатрадаўскай змены.

– Усё падабаецца, – зазначае дзяўчына. – Я і раней сама зарабляла “кішэнныя грошы”, кожнае лета адпраўляючыся з бацькамі па ягады, там, як здаецца, было нават складаней, а можа проста побач не было вясёлых сяброў, з якімі і праца спорыцца, і час ляціць непрыкметна.

Кацярына Казлоўская ўжо перайшла на другі курс Лідскага каледжа імя Янкі Купалы, дзе займаецца па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Вытворчая практыка чакае дзяўчыну толькі ў наступным годзе, а сёлетні жнівень яна вырашыла прысвяціць рабоце ў студатрадзе.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: