Лепшым на ўборцы – пашана і ўзнагароды

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Віншаванні з выдатнымі поспехамі на жніве-2022 ад кіраўніцтва РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” прымалі хлебаробы СГФ “АграМілк”.

На сёння ў філіяле 5 камбайнавых экіпажаў-тысячнікаў: Руслан Міклаш і Віктар Ёда, Руслан Палуносік і Дзмітрый Малаед, Ігар Варэйка і Дзмітрый Кароль, Міхаіл Кармільчык і Віталь Шымук, Аляксандр Родзька і Павел Ёда, а таксама 4 вадзіцелі, якія дасягнулі паказчыка ў тысячу тон перавезенага збожжа: Арцём Бандарэнка (перавёз ужо 2 тысячы тон), Іван Марцукевіч, Віктар Матук, Дзяніс Вінцукевіч.

Дыпломы, кветкі і грашовыя сертыфікаты аграрыям уручылі дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык, старшыня прафсаюзнага камітэта Аліна Заяц, начальнік філіяла СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч, старшыня цэхавага камітэта філіяла Алена Ёда.

– Сёння мы павіншавалі працаўнікоў нашага структурнага падраздзялення СГФ “АграМілк”, якія добра выканалі сваю работу і дасягнулі высокіх паказчыкаў на ўборцы і перавозцы зерневых культур, – адзначыў Вадзім Худык. – Ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць як маладыя, так і вопытныя камбайнеры і вадзіцелі – сплаў мудрасці і энергіі. Маладыя, амбіцыёзныя кіраўнікі філіяла спрыяюць таму, каб работа ішла зладжана, а вынік быў унушальны. Мы вельмі ганарымся тым, што разам з аграрыямі ўсёй краіны ўдзельнічаем у жніве, робім свой пасільны ўклад у беларускі каравай. Два гады таму мы ўзялі на сябе адказную місію па кіраванні сельскагаспадарчым філіялам і стараемся яе выконваць на высокім узроўні.

Старшыня прафсаюзнага камітэта РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Аліна Заяц расказала, якія меры стымулявання работнікаў дзейнічаюць у сельскагаспадарчым філіяле:

– Другі год на нашым балансе працуе СГФ “АграМілк”. У нас адзін калектыўны дагавор на ўсіх, а гэта значыць, калектыў сельскагаспадарчага філіяла мае сацыяльны пакет, аднолькавы з усімі работнікамі РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”. Тут абноўлены парк сельскагаспадарчай тэхнікі, мы пільна сочым за тым, каб на высокім узроўні было выкананне правілаў аховы працы. Для людзей арганізавана двухразовае харчаванне з 50-працэнтнай аплатай, спецвопратка. Не пакідаем добрую традыцыю: праводзім цырымонію ўзнагароджання лідараў жніва на полі. Восенню адбудзецца свята “Дажынак”, на якім мы таксама адзначым усіх работнікаў, якія дасягнулі поспехаў у час уборачнай кампаніі.

Сярод механізатараў СГФ “АграМілк” ёсць тыя, хто можа з гонарам насіць званне не толькі лепшага работніка, але і выдатнага сем’яніна. Руслан Міклаш працуе камбайнерам больш за 15 гадоў, у міжсезонне кіруе трактарам “Беларус-3522”. Сёлета на камбайне “Лексіён-580” ужо намалаціў 1600 тон збожжавых культур і рапсу. У Руслана Аляксандравіча тры сыны, старэйшаму – 17 гадоў, ён вучыцца ў Мінску, малодшаму – 3 месяцы. Сям’я радуецца поспехам таты і заўжды чакае яго дома ў Раклевічах пасля доўгага  працоўнага дня.

Механізатар Міхаіл Кармільчык працуе ў гаспадарцы 22 гады, на камбайне дзявяты сезон. На сёлетнім жніве на яго рахунку больш за 1400 намалочаных тон збожжа: такога выніку ён дасягнуў на беларускім камбайне “Палессе”. А яшчэ Міхаіл Міхайлавіч мае вялікае сэрца: ён тата чацвярых прыёмных дзетак, двое з якіх ужо дарослыя, пайшлі ў самастойнае жыццё. Малодшыя жывуць тут, у вёсцы Нагорнікі, побач з якой на палетку працуе іх тата-хлебароб.

– Сям’я ставіцца з разуменнем да таго, што ў гарачую пару жніва кожны дзень з раніцы да вечара я ў полі. У сезон дзяцей практычна не бачу, тым не менш кожную вольную ад работы хвіліну стараюся прысвяціць сваім блізкім.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: