Наталля Урбановіч: “Бывае і 101 ружу замаўляюць”

Галоўнае Грамадства

У цэнтральным і самым квітнеючым месяцы лета ліпені на адным тыдні адзначаюцца два святы: Дзень фларыста і Дзень работнікаў гандлю.

Яны даўно сталі прафесійнымі для адной з самых крэатыўных бізнес-вумэн Дзятлаўшчыны Наталлі Урбановіч, якая змагла свае мары і захапленні ўвасобіць у справу жыцця – магазін “Кветкавая паляна”, дзе разам з ёй сёння працуе каманда такіх жа апантаных прыгажосцю людзей.

Гаспадыня аднаго з самых казачных гандлёвых аб’ектаў Дзятлаўшчыны расказала пра папулярныя паслугі, новыя тэндэнцыі ў фларыстыцы, надзейных ветлівых калег і ўдзячных кліентаў.

– Наталля Леанідаўна, з адкрыцця магазіна “Кветкавая паляна” ў Дзятлаве мінула больш за дзесяцігоддзе. Што змянілася з таго часу?

– Мы “выраслі”, пашырылі асартымент і пералік паслугаў. Адкрылася яшчэ адна змешаная гандлёвая кропка ў Наваельні, заамагазін у Дзятлаве. Але цэнтральны напрамак работы застаўся той жа: гандаль зрэзанымі кветкамі, сувенірамі, пакаёвымі і вулічнымі раслінамі, матэрыяламі для кветкаводства, насеннем, таварамі для хатніх гадаванцаў. Падбіраем асартымент па сезоне: калі летам кампануем букеты, то зімой часцей навагоднія кампазіцыі. Кветкі ў нас ёсць заўсёды! Раней завоз зрэзаных раслін быў раз на тыдзень, то цяпер – тройчы. У асартыменце заўсёды свежы тавар як беларускіх, так і замежных фірм (у тым ліку, кветкі з Эквадора, Кеніі, Галандыі).

– Якія букеты больш любяць дзятлаўчане?

– Перавагі абсалютна розныя: бывае, жадаюць арыгінальную кампазіцыю ці кошычак з кветкамі, а бывае і 101 ружу замаўляюць або 55 на юбілей. Мы можам задаволіць любыя пажаданні. Аднак у такіх выпадках аб падарунку трэба паклапаціцца крыху загадзя, каб своечасова даставіць кветкі. Калі вы хочаце нейкія экзатычныя віды, мы прывозім на замову. Таксама можам сабраць арыгінальны вясельны, юбілейны букет ці проста незвычайнае кветкавае віншаванне.

– Назавіце топ-3 сярод самых папулярных кветак.

– Заўсёды ў модзе класіка – ружы, хрызантэмы, да якіх далучыліся альстрамерыі – кветкі, якія набылі папулярнасць з-за свайго прывабнага выгляду і доўгага тэрміну захоўвання, мінімальнай алергічнасці для людзей. Любяць нашы пакупнікі эўстому, герберы, міціолу, ірысы… Летам – нават рамонкі і валошкі. Кветкі можна пакласці ва ўпакоўку, якой у нас велізарны выбар, або проста перавязаць стужкай.

– За столькі гадоў работы з’явіліся пастаянныя кліенты?

– Вядома! Без перабольшвання скажу, што гэта ўвесь Дзятлаўскі раён. Актыўна працуем з прафсаюзнымі арганізацыямі, прадпрыемствамі і працоўнымі калектывамі, выконваем вялікія заказы да прафесійных святаў. Арганізацыям зручна, што наш тавар можна набыць па безнаяўным разліку.  Дзятлаўчане і госці горада могуць купіць кветкі або букеты непасрэдна ў магазіне, або зрабіць замову на канкрэтны час і забраць іх. Апошнім часам папулярным становіцца ўпрыгажэнне тортаў і іншых кандытарскіх вырабаў жывымі кветкамі, так што актыўна супрацоўнічаем з мясцовымі кандытарамі. Таксама практыкуем дастаўку жывых кветак і букетаў па ўсім раёне. На жаль, іх набываюць не толькі па прыемных, але і па сумных нагодах. Нярэдка просяць зрабіць рытуальныя кампазіцыі. Усё часцей кветкавыя сюрпрызы сваім блізкім робяць людзі з іншых гарадоў і нават краін, пераважна з Расіі.

– Як гэта можна ажыццявіць?

– Звязацца з магазінам любым даступным спосабам. “Кветкавая паляна” мае свой пастаянны мабільны нумар, прадстаўлена практычна ва ўсіх сацыяльных сетках і мэсенджарах, на платформах Яндэкс і Гугл. Таксама ў нашым профілі ў Інстаграм можна паглядзець асартымент, навінкі, акцыі і зрабіць замову.

– Хто сёння ў камандзе “Кветкавай паляны”?

– У нас працуюць цудоўныя, прыемныя, адукаваныя, таленавітыя прадаўцы-кансультанты, нераўнадушныя да сваёй справы. Кацярына Аляксеенка мае дзве вышэйшыя адукацыі, у тым ліку – у кіраўніцтве, але знайшла сваё прызванне ў стварэнні кветкавых кампазіцый. Яна робіць гэта з душой, непаўторна, заўсёды перажывае за вынік. Вельмі пунктуальны і абавязковы чалавек. Нядаўна прыйшла да нас Вольга Калюцік, былая настаўніца англійскай мовы, якая цяпер праходзіць стажыроўку. Яна спецыяліст па пакаёвых раслінах, захапляецца развядзеннем сукулентаў у сябе дома. Цяпер з захапленнем вучыцца тонкасцям фларыстыкі, ужо скончыла спецыяльныя курсы. Думаю, усё ў яе атрымаецца. З заснавання фірмы разам са мной кампетэнтны, вопытны бухгалтар Таццяна Франюк, выдатны спецыяліст і добры чалавек. Сёлета выйшла на заслужаны адпачынак, але прадаўжае працаваць у магазіне ў Наваельні Галіна Шнайдэр, у Дзятлаве ў зоамагазіне добра спраўляецца Людміла Паўлючэня. Калі ў нас “гарачая” пара, я сама  станаўлюся за прылавак або ствараю букеты і кампазіцыі, бо кветкі – гэта маё хобі, работа, любоў.

 – Чаму ў магазіне суседнічаюць такія розныя тавары?

– Тут усё ідзе ад асабістага. Чым я захапляюся, што спасцігаю, выпрабоўваю на сабе, гэтым я хачу падзяліцца з людзьмі. Напрыклад, не ўяўляю ніякае свята без кветак, таму з іх усё і пачыналася. Я аматар не толькі пакаёвых раслінаў, але і ландшафтнага дызайну, маю што прапанаваць і параіць кліентам. А сувеніры і паштоўкі часам становяцца той “разынкай”, якая пасуе да букета. Сад і агарод – тэма актуальная практычна для ўсіх дзятлаўчан, і мы таксама “на хвалі”. На маю думку, галоўнае прызначэнне “Кветкавай паляны” – здзіўляць і радаваць сваіх кліентаў. Не важна, з дарагім або танным букетам, пакаёвай раслінай або пакункам насення чалавек выходзіць ад нас. Галоўнае, каб ён гэта рабіў з усмешкай і добрым настроем, што заўжды стараемся забяспечыць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: