Братняя справа – хлеб сабіраць. Хто дапамагае гранітаўцам на жніве? (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Каторы дзень на палетках ААТ “Граніт-Агра” кіпіць жніво, бо прыспеў час сабраць ураджай у засекі, а, як вядома, хлеб не можа доўга чакаць. 28 ліпеня ва ўрочышчы Медзіны, дзе гаспадаркай вырашчана 154 гектары яравога ячменю, працуюць адразу пяць камбайнавых экіпажаў.

У саставе двух з іх – блізкія людзі. На КЗС-1218 шчыруюць камбайнер Андрэй Літвінскі і яго дваюрадны брат Аляксандр Паршук – у звычайным жыцці праваахоўнік, які сёмы сезон запар у час водпуску працуе памочнікам камбайнера. Побач на полі на КЗС-1218А1 у тандэме з камбайнерам Аляксандрам Майсейчыкам хлебную ніву пакарае родны брат Андрэя – Арцём Літвінскі, сам ён памочнік брыгадзіра вытворчага аддзялення № 2 ААТ “Граніт-Агра”, а сёлета першы сезон вырашыў далучыцца да братоў і паспрабаваць сябе на жніве ў якасці памочніка камбайнера, чым вельмі задаволены.

Спачатку цікавімся ў госця з абласнога цэнтра, ці не шкадуе ён аб тым, што замест адпачынку дзе-небудзь на цёплым курорце, сёмае лета запар “падарожнічае” па “моры хлебным” у нас на Дзятлаўшчыне?

– Зусім не шкадую, – адказвае Аляксандр Паршук. – Я родам з гэтых мясцін, тут прайшло дзяцінства, тут у госці чакае бацька, таксама работнік гэтай гаспадаркі, у якога я спыняюся на час кожнай “жніўнай вахты”. Асноўныя працоўныя будні праходзяць на службе ў Ленінскім аддзеле Дэпартамента аховы горада Гродна, а ўсе 35 дзён водпуску дапамагаю ААТ “Граніт-Агра” і адпачываю душой у родных мясцінах. Ды і наогул, калі дваюрадны брат запрашае – трэба адгукнуцца, дапамагчы абавязкова. Для гэтага ёсць і сілы, і жаданне, і назапашаны за час сумесных выхадаў у поле вопыт, ды і гадзіны за справай прабягаюць вельмі хутка, а працоўны азарт падштурхоўвае да актыўнай работы. Спадзяюся, сёлета наш экіпаж атрымае добры намалот, усім гранітаўцам жадаю прайсці жніво без сур’ёзных паломак і трапіць у абласныя лідары.

– Сёлетні год абяцае добры ўраджай, – уключаецца ў размову Андрэй Літвінскі, якому вопыту не займаць, бо працуе ў гаспадарцы механізатарам і задзейнічаны на розных адказных участках, а жніво для яго ўвогуле – справа святая.

– Мы стараемся “лавіць” кожны сонечны дзень, хаця надвор’е ў гэтым сезоне “падкідвае” свае сюрпрызы, – прадаўжае камбайнер. – Ва ўрочышчы Медзіны ячмень малоцім другі дзень запар, калі не будзе дажджу і не стане капрызіць тэхніка, сёння можам паспець абмалаціць усё поле. Ужо адчуваецца, што на жніве-2022 ураджайнасць будзе вышэйшая за мінулагоднюю, на рахунку нашага экіпажа больш за 200 тон, і гэта лічба расце з кожнай працоўнай гадзінай. Будзем імкнуцца да высокага выніку, тым больш, што раней ужо станавіліся раённымі лідарамі на моладзевых спаборніцтвах.

– Ці не перашкаджае дух саперніцтва? – звяртаемся цяпер ужо да Арцёма Літвінскага, які ў саставе другога камбайнавага экіпажу.

– З гэтым усё ў парадку, – запэўнівае Арцём Леанідавіч. – Брат брату заўсёды падставіць плячо, калі здарыцца штосьці неспадзяванае, а паломкі бываюць, гэта ж тэхніка. Увогуле ж, прыемна працаваць сярод аднадумцаў і блізкіх людзей. Ідзём мы пакуль прыкладна з аднолькавымі вынікамі, а далей – час пакажа. Галоўнае, што ўсе разам робім важную справу – нарыхтоўваем хлеб для краіны.

Што ж, залатыя словы, а таму хочацца пажадаць усім ваярам хлебных палёў – поспехаў, удачы, надзейнай тэхнікі і сонечнага надвор’я. А калі на беларускіх палетках працуюць такія ж самаадданыя энтузіясты, як браты-гранітаўцы, то, упэўнена, добрыя вынікі і багатыя намалоты не прымусяць сябе доўга чакаць.

Ірына СТЫРНІК
Фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga