Залатыя россыпы выпускнога балю (+відэа)

Важнае Улада

Развітальны школьны вальс, кветкі, слёзы, цёплыя пажаданні – усё гэта бывае толькі адзін раз, на старце ў дарослае жыццё пасля заканчэння школы.

10 чэрвеня ўрачысты развітальны баль сабраў на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве 150 выпускнікоў 11-х класаў з 10 установаў адукацыі нашага раёна, іх настаўнікаў, бацькоў, гасцей.

Адкрыла свята ўрачыстае шэсце выпускнікоў, а вядучыя адзначылі, што свае школы за гады вучобы яны праславілі не толькі як выдатнікі вучобы, але і як пераможцы прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Нездарма было падкрэслена, што выпускнікі 2022 года – таленавітыя, крэатыўныя і неабыякавыя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй маладыя людзі. Іх чакаюць беларускія прадпрыемствы, арганізацыі і гаспадаркі. Пра гэта нагадаў сімвалічны святочны танец навучэнцаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава (менавіта гэта ўстанова сёлета рыхтавала ўрачыстую праграму для раённага выпускнога балю).

Са словамі пажаданняў да выпуску-2022, іх бацькоў і педагогаў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Сённяшні дзень асаблівы і кранальны для бацькоў, якія на працягу адзінаццаці гадоў хваляваліся і перажывалі за вашы перамогі і паражэнні, педагогаў, бо толькі яны ведаюць, як даваліся гэтыя перамогі, і вас, дарагія выпускнікі. Перад вамі адкрываецца пачатак дарослага жыцця. Яно будзе напоўнена не толькі прыемнымі сюрпрызамі, але і іспытамі, якія трэба дастойна прайсці. Для вас настаў час дарослых рашэнняў, адказнасці за свае ўчынкі, блізкіх людзей, край і краіну. Смела крочце наперад, верце ў сябе і памятайце тых, хто ўкладваў у вас душу. Словы падзякі адрасую навучэнцам, якія праслаўлялі наш раён сваімі дасягненнямі, педагогам – за раскрыццё іх талентаў, бацькам – за клопаты, разуменне і любоў. Няхай збудуцца ўсе надзеі. Выберыце прафесіі па душы і працуйце сумленна! Заўсёды памятайце, што ваша жыццёвая дарога пачыналася на Дзятлаўшчыне. Няхай удача і вязенне стануць пастаяннымі спадарожнікамі для вас, а ідэі – спраўдзяцца.

Святочныя віншаванні таксама прагучалі ад благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэя Іаана Кісяля, настаяцеля рымска-каталіцкага прыхода горада Дзятлава ксяндза-пробашча Здзіслава Пікулы.

Адказным і хвалюючым момантам стала цырымонія ўрачыстага ўшанавання лепшых выпускнікоў-2022, тых, хто на працягу 11 гадоў нястомна ішоў да сваёй мэты – залатога медаля за вучобу і атэстата асаблівага ўзору па выніках навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Падзячныя лісты старшыні раённага выканаўчага камітэта і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама з грашовымі прэміямі ім уручылі Аляксандр Бараноўскі і Наталля Белаус. Шчаслівымі ўладальнікамі ўзнагарод сёлета сталі 20 нашых маладых землякоў. “Залаты фонд” Дзятлаўшчыны папоўнілі Таццяна Ігнацік, Вадзім Васюкевіч, Валерыя Свораб, Анастасія Кіслая з сярэдняй школы №1, Данііл Шумскі з гімназіі №1, Аляксандр Якаўчык, Лізавета Варган, Алеся Харошка, Валерыя Палякова з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Яўгенія Грыцук, Глеб Спасюк, Дар’я Самкоўская з Новаяльнянскай, Кацярына Кучынская, Ганна Лішык, Марыя Семчанка, Ксенія Лішык з Казлоўшчынскай, Анастасія Жамайтук, Паліна Кнор з Гезгалаўскай сярэдніх школ, Анастасія Жынко і Дзяніс Сцяцко з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Разам з імі былі ўшанаваны іх бацькі. Для ўсіх педагогаў Дзятлаўшчыны, якія дапамагалі сёлетнім выпускнікам сталець і назапашваць веды, прагучалі цёплыя апладысменты.

Вельмі кранальным быў зварот да старэйшых сяброў маленькіх жыхароў раёна, якія прынеслі поўны чамадан карысных пажаданняў. У сваю чаргу словы шчырай падзякі бацькам і педагогам ад імя сёлетніх выпускнікоў Дзятлаўшчыны выказалі навучэнцы сярэдняй школы № 3. Яны паабяцалі, што землякам ніколі не давядзецца за іх чырванець.

У Год гістарычнай памяці каля вялікага палотнішча Дзяржаўнага сцяга была закладзена новая традыцыя – прынясення выпускнікамі клятвы вернасці нашай Радзіме. Юнакі і дзяўчаты пакляліся любіць Бацькаўшчыну, ганарыцца гістарычным мінулым і слаўным сучасным, памнажаць духоўнае багацце і культурныя традыцыі народа, выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паважаць Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн – найвялікшыя нацыянальныя святыні і цвёрда стаяць на абароне нацыянальнай бяспекі нашай краіны, заўсёды і ва ўсім абараняць інтарэсы і набыткі Беларусі як незалежнай дзяржавы, сваімі працай, розумам і талентам памнажаць яе моц.

Як сімвал лепшых памкненняў і мараў выпуска-2022 у неба ўзляцелі дзясяткі паветраных шароў колеру сцяга. Затым па плошчы ў развітальным школьным вальсе плаўна закружылі прыгожыя пары.

Завяршыўся баль цёплымі пажаданнямі, шчырымі віншаваннямі, уручэннем букетаў кветак.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga