Важна, каб маладыя людзі былі патрыётамі, паважалі сваю гісторыю, культуру і традыцыі

Свежыя навіны Улада

16 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама Аксаны Юзвік сустрэлася з калектывам Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый.

Абмеркавалі наступныя пытанні: “Моладзь – сучаснасць і будучыня незалежнай Беларусі: да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь”, “Адказнасць непаўналетніх за здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюджваннем наркатычных рэчываў, іх аналагаў”, “Папярэджанне гібелі людзей на вадаёмах і пажаранебяспечных сітуацый у лясных масівах і на тарфяніках”, “Супрацьдзеянне жорсткаму абыходжанню з дзецьмі, гвалту ў сям’і”.

У выступленні было адзначана, што, па словах Прэзідэнта Беларусі, моладзь – гэта наша будучыня і наша сучаснасць. Прадстаўнікі беларускай моладзі праяўляюць актыўнасць ва ўсіх сферах жыцця грамадства, уносяць істотны ўклад у нарошчванне эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, павышэнне яе палітычнага аўтарытэту, адстойваюць гонар Радзімы на міжнародных спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, распрацоўваюць навуковыя праекты і ўдзельнічаюць у сацыяльна значных ініцыятывах.

На моладзь у сучасных няпростых умовах ускладзена важная задача –зберагчы Беларусь і закласці падмурак яе развіцця для наступнага пакалення. Згодна з дадзенымі сацыялагічнага даследавання, галоўнымі мэтамі маладых людзей сёння з’яўляюцца дасягненне дзелавога поспеху, кар’ера, захаванне і ўмацаванне здароўя, стварэнне шчаслівай сям’і.

Моладзевая палітыка – у ліку дзяржаўных прыярытэтаў. У нашай краіне аказваецца магутная дзяржаўная падтрымка маладых. Гэта інтэрнаты, стыпендыі, льготы для студэнцтва, жыллёвыя, сацыяльныя і фінансавыя гарантыі – для маладых спецыялістаў, падтрымка таленавітай моладзі са спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, маладых сем’яў – у форме льготных субсідый на жыллё, мацярынскага капіталу і дапамогі на ўтрыманне дзяцей да трох гадоў. Пры гэтым, Беларусь – адна з нямногіх краін Еўропы, дзе тэрмін аплочваемага дэкрэтнага адпачынку дасягае трох гадоў.

Сёння асабліва вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі на ўсіх ступенях атрымання адукацыі. У Год гістарычнай памяці самым важным і знакавым праектам стане Усебеларуская моладзевая будоўля на тэрыторыі дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Таксама ў Беларусі аднавілі добрую традыцыю летняй працы ў студэнцкіх і школьных атрадах.

Як было адзначана ў час мерапрыемства, адной з надзённых праблем застаецца праблема гвалту ў сям’і, які часцей за ўсё здзяйсняюць блізкія сваякі. Дзеці не паведамляюць своечасова аб фактах фізічнага, псіхалагічнага, эканамічнага або нават сэксуальнага ціску па розных прычынах, пераважна – баючыся нашкодзіць сваім родным або таго, што ім не павераць. Бацькам у такой сітуацыі трэба быць максімальна ўважлівымі, пільна сачыць за паводзінамі і настроем сваіх дзяцей, каб своечасова ім дапамагчы.

Праблема “недагляду” за дзецьмі можа мець і іншыя, крымінальныя наступствы. Праз інтэрнэт-каналы і пляцоўкі дзеці ўсё часцей уцягваюцца ў збыт наркатычных сродкаў (пераважна сінтэтычных), у шэрагу выпадкаў і самі пачынаюць іх ужываць. Дзятлаўскі раён у гэтым плане дастаткова спакойны, але падлеткі ездзяць на вучобу ў іншыя гарады Беларусі, дзе сітуацыя з распаўсюджваннем псіхатропаў іншая.  Крымінальная адказнасць за такія злачынствы наступае з 14 гадоў, аднак, згодна са статыстыкай, узрост распаўсюджвальнікаў часам складае  12-14 гадоў. Гатовага рашэння гэтай праблемы няма, акрамя аднаго: шчыра цікавіцца і кантраляваць, чым займаюцца, як сябе паводзяць і да чаго імкнуцца вашы дзеці.

Сярод самых актуальных праблем чэрвеня – гібель людзей на вадзе. У час свайго выступлення супрацоўнік РАНС яшчэ раз нагадаў простыя правілы паводзінаў, якія могуць уратаваць жыццё. Ён расказаў, што ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуе спецыяльная група для ратавання людзей на вадзе. Таксама ён параіў у летнюю спёку заглядваць у анлайн-карту, дзе вызначаны раёны, у якіх забаронена наведванне лясоў.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка наведала раённы вузел паштовай сувязі, група намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча – Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама Адзіны дзень інфармавання прайшоў у працоўных калектывах Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 

Наталля АВЯРЧУК