Міжнародная арганізацыя працы нясе адказнасць за міжнародную палітыку, якая пазбаўляе людзей права на працу.
З такім пасылам выступіў старшыня ФПБ Міхаіл Орда на пленарным пасяджэнні 110-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы. Гэты форум часта называюць сусветным парламентам працы, дзе ўрадам, арганізацыям наймальнікаў і прафсаюзаў прадастаўляецца магчымасць у трохбаковым фармаце абмяркоўваць сацыяльныя праблемы, пытанні працоўных адносін і розныя тэмы, звязаныя са сферай працы.
Старшыня ФПБ звярнуўся да кіраўніцтва МАП, да ўсіх членаў арганізацыі ад імя больш як чатырох мільёнаў чалавек, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, каб абараніць працоўных нашай краіны ад дыскрымінацыі з боку ўрадаў шэрагу еўрапейскіх краін, якія вось ужо больш за два гады ў абыход Статута ААН выкарыстоўваюць санкцыі да прадпрыемстваў нашай краіны і тым самым парушаюць права работнікаў Беларусі на працу.
“Далейшае ігнараванне міжнароднай супольнасцю незаконнай санкцыйнай палітыкі стварае пагрозу для працоўных ва ўсім свеце, паколькі ўмацоўваецца практыка, калі тыя ці іншыя ўрады могуць абсалютна незаконна і беспакарана ўшчамляць правы работнікаў з іншых краін. Акрамя таго, у выніку санкцый церпяць у тым ліку і работнікі тых дзяржаў, якія ўводзяць абмежавальныя меры, – адзначыў Міхаіл Орда. – У гэтай сітуацыі МАП павінна стаць той сілай, якая спыніць гэтыя незаконныя дзеянні”.
Сваім меркаваннем наконт санкцый падзяліўся старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык:
– Наша краіна на асабістым прыкладзе паказвае, што мы можам справіцца з любым санкцыйным ціскам, але тое, што дазваляе сабе Еўрапейскі саюз, цалкам непрымальна. Я падтрымліваю ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі звярнуцца ў Міжнародную арганізацыю працы. Санкцыі не вырашаюць палітычных праблем, яны ламаюць адносіны паміж краінамі, гандаль і заработная плата рабочых скарачаюцца, а ў выніку зноў пацерпяць простыя людзі. Хочацца верыць, што на прадстаўленне прафсаюзаў Беларусі аб парушэнні краінамі Еўрапейскага саюза шэрагу канвенцый МАП будуць прыняты канкрэтныя меры па іх ліквідацыі.
Падрыхтавала да друку Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga