У топе – мяккая “хмарка” КСУП “Хвінявічы”. Дыплом І ступені за чысціню пароды

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Мяркую, усе яшчэ са школы ведаюць байку Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”, многія нават на памяць.

Аднак гэты артыкул не байка і не жарт, а прыемная навіна аб значным дасягненні спецыялістаў КСУП “Хвінявічы” на выставе “Белагра”, якая лічыцца брэндам нашай краіны.

Сёлета яна праходзіла ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень” з 7 па 11 чэрвеня і сабрала на адной пляцоўцы больш за 400 айчынных і замежных кампаній. На свята прыбыло шмат гасцей з Уладзівастока, Сахалінскай і Мурманскай абласцей, Арменіі, Венесуэлы, Таджыкістана, Ірака, Ірана, іншых краін.

Секцыя жывёлагадоўлі прывабіла сёлетніх наведвальнікаў выставы незвычайным і вельмі цікавым “дэфіле” – дэманстрацыйным паказам племянных авечак. Дарэчы, у Беларусі авечкагадоўляй займаюцца ўсяго 13 гаспадарак, якія спецыялізуюцца на 9 пародах. У КСУП “Хвінявічы”, напрыклад, ужо не адзін год утрымліваюць мяса-ваўняную галандскую пароду тэксель. На сёння гэта 530 чыстапародных авечак і яшчэ 350 змешаных.

Ветэрынарны доктар Аляксандр Пушкін і галоўны заатэхнік гэтага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства Марыя Слушко прывезлі для конкурснага паказу на “Белэкспа” лепшага пародзістага барана-вытворцу.

– Мы доўга не стрыглі нашага гадаванца, каб паказаць, якой мяккай і прыгожай можа быць яго воўна, – дзеліцца ўражаннямі ад выставы Марыя Сяргееўна. – Безумоўна, прыклалі пэўныя намаганні, каб наша “выставачная мадэль” набыла свой шарм – пачысцілі, расчасалі. Сярод задач было навучыць баранчыка хадзіць на павадку, і гэта таксама ўдалося, бо ён даволі ручны. У выніку наша мяккая “хмарка” дастойна прайшлася па подыуме, заваявала лепшую ацэнку ў конкурснага журы і дыплом І ступені Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выставе “Белагра-2022” для КСУП “Хвінявічы”.

Дасягненні нашай гаспадаркі на выставе мы прадстаўляем ужо сёмы раз запар, раней таксама атрымлівалі розныя ўзнагароды, а вось пераможцамі сталі ўпершыню. Вельмі прыемна, што сярод 9 жывёлін, якія былі на дэманстрацыйным паказе, вышэйшым балам журы ацаніла нашу.

Увогуле, галандская парода тэксель выдатна прыжылася ў КСУП “Хвінявічы”: яна адаптавана да беларускіх умоваў надвор’я, непатрабавальная ў кармленні, толькі што патрабуе ўвагі пры вывядзенні маладняку, аднак і гэты момант мы ўлічваем пры развядзенні.

Сярод плюсаў сёлетняга ўдзелу ў выставе не толькі дыплом пераможцаў, але і рэклама нашых авечак, на якіх ёсць добры попыт. Іх у нас набывае Расія і Казахстан, сярод пастаянных айчынных пакупнікоў – Гродзенскі рынак. Яшчэ падобныя конкурсы спрыяюць атрыманню новай карыснай інфармацыі ў сферы авечкагадоўлі, бо збіраюць на адной пляцоўцы сапраўдных прафесіяналаў.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены спецыялістамі КСУП “Хвінявічы”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: